contrast version

Постановление Министерства образования Республики Беларусь от 16.12.2007 №5 «Об утверждении положения об учебно-опытных участках (хозяйствах) общеобразовательного учреждения»

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

16 студзеня 2007 №5

 

Палажэнне аб вучэбна-вопытных участках (гаспадарках) агульнаадукацыйнай установы

 

1. Палажэнне аб вучэбна-вопытных участках (гаспадарках) агульнаадукацыйнай установы распрацавана ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 49  Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2006 года «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 108, 2/1238).

2. Вучэбна-вопытныя ўчасткі (гаспадаркі) агульнаадукацыйных устаноў (далей - гаспадаркі) ствараюцца ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі па рашэннях мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і ажыццяўляюць сваю дзейнасць ў якасці структурных падраздзяленняў  дадзеных устаноў на падставе палажэнняў, зацверджаных загадамі іх кіраўнікоў і ўзгодненых з упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі.

3. Дзейнасць гаспадарак ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Законам Рэспублікі Беларусь ад  29 кастрычніка 1991 года «Аб адукацыі» у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 2002 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1991 г., № 33, ст 598; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 37, 2/844), Законам Рэспублікі Беларусь «Аб агульнай сярэдняй адукацыі», дадзеным Палажэннем, а таксама іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгулююць іх дзейнасць.

4. Гаспадаркі ажыццяўляюць ускладзеныя на іх функцыі і задачы, вызначаныя гэтым палажэннем, у мэтах:

4.1. правядзення ўрокаў па вучэбных прадметах «Працоўнае навучанне», «Чалавек і свет» і працоўнай практыкі вучняў;

4.2. арганiзацыя грамадска-карыснай, прадукцыйнай працы і пазаўрочнай творчай дзейнасцi вучняў;

4.3. прафарыентацыйнай работы.

5. Для забеспячэння дзейнасці гаспадарак у адпаведнасці з зямельным заканадаўствам агульнаадукацыйным установам з зямель любых катэгорый, у тым ліку сельскагаспадарчага прызначэння, могуць быць прадстаўлены зямельныя ўчасткі для даследчых і вучэбных мэтаў і для вядзення сельскай гаспадаркі.

6. Гаспадаркі:

6.1. выкарыстоўваюць зямельныя ўчасткі у адпаведнасці з іх прызначэннем і ўмовамі, на якіх яны дадзены, пасля атрымання дакументаў, якія засведчваюць права на іх карыстанне;

6.2. забяспечваюць высокую культуру землекарыстання і жывелагадоўлі, рацыянальнае выкарыстанне замацаванага за імі зямельнага ўчастка маемасці і прыродных рэсурсаў;

6.3. ствараюць неабходныя ўмовы для рэалізацыі вучэбнага працэсу, вытворчай практыкі вучняў;

6.4. забяспечваюць выкананне санітарна-гігіенічных нормаў і правілаў, супрацьпажарных патрабаванняў, мерапрыемстваў па ахове працы і стварэнню бяспечных умоў;

6.5. выконваюць правілы і нормы па ахове раслін, а пры ўзнікненні неабходнасці, ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па іх ахове, ажыццяўляемых упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і іх службовымі асобамі;

6.6. выконваюць заагігіенічныя  нормы, ветэрынарныя правілы і мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне захворванняў і падзяжу жывёл пры ажыццяўленні дзейнасці па іх ўтрыманні, а таксама пры эксплуатацыі аб’ектаў, звязаных з утрыманнем жывёл;

6.7. прытрымліваюцца прадпісанняў ветэрынарных спецыялістаў пры правядзенні адпаведных каранцінных, абмежавальных, або ветэрынарных мерапрыемстваў;

6.8. ажыццяўляюць іншыя правы і абавязкі, ускладзеныя на іх статутам агульнаадукацыйнай установы;

6.9. вядуць справаводства па  вучэбна-вытворчых  пытаннях.

7. Па рашэнню кіраўніцтва агульнаадукацыйнай установы, або ў парадку, вызначаным яе статутам, гаспадаркі маюць права арганізоўваць практычную дзейнасць сумесна з навукова-доследчымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі, а таксама арганізацыямі іншых галін эканомікі і абслугоўвання (далей – арганізацыі) на падставе гаспадарчых дагавароў аб аказанні паслуг у правядзенні практычных заняткаў з вучнямі гэтымі арганізацыямі і іх спецыялістамі ў адпаведных галінах прамысловасці і абслугоўвання, ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, якая не супярэчыць заканадаўству і служыць дасягненню статутных мэтаў.

8. Кантроль за дзейнасцю гаспадарак ажыццяўляюць  кіраўнікі агульнаадукацыйных устаноў.

9. Агульнаадукацыйныя установы, зыходзячы з мэтазгоднасці іх дзейнасці і з улікам яго месцазнаходжання, агульнай плошчы зямельных участкаў і колькасці вучняў, якія прыцягваюцца да тэарэтычных і практычных заняткаў, маюць права самастойна вызначаць структуру гаспадаркі.

10. У структуры гаспадарак могуць стварацца наступныя аддзелы:

10.1. ахаванага грунта - для вырошчвання агародніны, кветкава-дэкаратыўных і  пакаёвых раслін, расады, размнажэння пладова-ягадных і дэкаратыўных раслін у цяпліцах, парніках, на ўцепленным грунце);

10.2. вытворчае падраздзяленне па вырошчванню сельскагаспадарчых культур - для вырошчвання па сістэме севазвароту гародніны, бульбы, садавіны, пладова-ягадных культур і іншых сельскагаспадарчых культур і раслін,  расады кветкава-дэкаратыўных раслін;

10.3. гадавальнік пладова-ягадных і дэкаратыўных культур – для вырошчвання сажанцаў пладовых і дэкаратыўных дрэў, ягадных і дэкаратыўных кустарнікаў;

10.4. дэндралагічны аддзел – для стварэння калекцый дрэвавых і куставых раслін;

10.5. заалагічны аддзел – для стварэння кутка жывой прыроды, які таксама можа ўключаць  трусятнік, птушнік, пчальнікі і іншыя аб’екты жывёлагадоўлі;

10.6. калекцыйны аддзел - для вырошчвання і стварэння калекцый раслін сартоў сельскагаспадарчых, кветкава-дэкаратыўных і сістэматычных груп раслін, распаўсюджаных лекавых раслін;

10.7. аддзел кветкава-дэкаратыўных раслін - для вырошчвання аднагадовых, двухгадовых, шматгадовых кветкава-дэкаратыўных раслін, планіроўкі азелянення прышкольнай тэрыторыі і вывучэння асноў ландшафтнага дызайну;

10.8. экалагічны аддзел – для стварэння экалагічнай сцежкі, вадаёмаў, садоў водару і ценю.

11. Расклад заняткаў з вучнямі ў гаспадарках устанаўліваецца ў адпаведнасці з Тыпавымі вучэбнымі планамі на бягучы навучальны год для ўсіх тыпаў агульнаадукацыйных устаноў, вучэбнымі праграмамі па асобных вучэбных прадметах («Працоўнае навучанне», «Чалавек і свет» і інш.), зацвярджаемымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку, планамі работы ў гаспадарках, якія з’яўляецца часткай планаў вучэбна-выхаваўчай работы агульнаадукацыйных устаноў, зацвярджаемых штогод іх кіраўнікамі.

12. Планы работы гаспадарак уключаюць наступныя раздзелы:

12.1. аналіз працы за папярэдні год;

12.2. схема плана ўчастка (маштаб адвольны);

12.3.тэматыка вопытаў па заданні вучоных, спецыялістаў сельскай гаспадаркі;

12.4. матэрыяльнае забеспячэнне работ, якія былі праведзены (патрэбнасць у пасяўным і пасадачным матэрыяле, інвентары, угнаеннях);

12.5. грамадска карысная, прадукцыйная праца;

12.6. графік летніх заняткаў навучэнцаў на ўчастку;

12.7. нарыхтоўка прыроднага раздатачнага матэрыялу для ўрокаў;

12.8. запланаваны ўраджай сельскагаспадарчых культур і аб’ём сельскагаспадарчай прадукцыі заалагічнага аддзела, шляхі іх рэалізацыі.

13. Асноўнымі накірункамі дзейнасці вучняў на вучэбна-вопытных участках з’яўляюцца:

13.1. вырошчванне раслін і гадаванне жывёл, назіранне за іх ростам і развіццём;

13.2. правядзенне навуковых і сельскагаспадарчых вопытаў у адпаведнасці з праграмамі вучэбных прадметаў «Працоўнае навучанне»,  праграмай курса «Чалавек і свет»;

13.3. правядзенне прыродазнаўчых і іншых заняткаў.

14. Да выканання кожнага новага вiду работ вучнi дапускаюцца толькi пасля правядзення iнструктажу па ахове працы.

15. Для арганізацыі заняткаў з вучнямі ў гаспадарках  выкарыстоўваюцца гадзіны, якія вызначаны вучэбным планам на вучэбныя прадметы  «Працоўнае навучанне»,    «Чалавек і свет», а таксама за кошт гадзін кампанента агульнаадукацыйнай установы, прадугледжаных на грамадска карысную працу.

16. Тэрміны, парадак арганізацыі практыкі, зыходзячы з мясцовых умоў, вызначае педагагічны савет агульнаадукацыйнай установы.

17. У гаспадарках могуць стварацца гурткі.  Для арганізацыі іх дзейнасці выкарыстоўваюцца гадзіны кампанента агульнаадукацыйных устаноў.

На базе гаспадарак можа быць арганізавана пазакласная работа з вучнямі з выкарыстаннем гадзін, прызначаных на арганізацыйна-выхаваўчую працу.

18. Да заняткаў у гаспадарках вучні дапускаюцца на падставе даведкі аб стане здароўя, якая выдадзена па форме, устаноўленай Міністэрствам аховы здароўя  Рэспублікі Беларусь.

19. Штогод, у пачатку вучэбнага года, падводзяцца вынікі работы ў гаспадарках, арганізуюцца выставы, праводзіцца Свята ўраджаю.

20. Агульнае кiраўнiцтва гаспадаркамі ўскладаецца на кіраўнікоў агульнаадукацыйных устаноў, структурнымі падраздзяленнямі якіх з’яўляюцца вучэбна-вопытныя ўчасткі.

21. Кіраўнікі агульнаадукацыйных устаноў нясуць адказнасць за вынікі  работы гаспадарак у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

22. Непасрэднае кіраўніцтва працай у гаспадарках ажыццяўляюць кіраўнікі вучэбна-вопытных участкаў, якія прызначаецца кіраўнікамі агульнаадукацыйных устаноў, як правіла, з ліку настаўнікаў, якія маюць адпаведную падрыхтоўку.

23. Гаспадаркі забяспечваюцца неабходнымі памяшканнямі і абсталяваннем, якія адпавядаюць санітарна-гігіенічным, супрацьпажарным патрабаванням, а таксама патрабаванням тэхнікі бяспекі.

24. Пры арганізацыі работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця памяшканні абсталёўваюцца безбар’ерным асяроддзем і інструментамі са спецыяльнымі прыстасаваннямі, якія папярэджваюць траўматызм і дазваляюць пераадолець парушэнні навучэнцаў.

25. Сельскагаспадарчая прадукцыя, якая вырашчана ў гаспадарках, выкарыстоўваецца для мэтаў:

арганізацыі харчавання вучняў, у першую чаргу тых, хто пражывае ў інтэрнатах пры  агульнаадукацыйных установах;

нарыхтоўкі кармоў для жывёлагадоўчага комплексу, закладкі насеннага фонду.