contrast version

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

29.05.2009 № 32

 

АДУКАЦЫЙНЫ СТАНДАРТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА” (I–XI КЛАСЫ)

 

1. МЭТА ВЫВУЧЭННЯ ПРАДМЕТА

Мэтай вывучэння вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” з’яўляецца далучэнне вучняў да набыткаў айчыннай мастацкай славеснасці (у кантэксце сусветнай), развіццё іх здольнасцей да эстэтычнага ўспрымання і ацэнкі з’яў літаратуры; фарміраванне эстэтычных густаў, інтарэсаў, грамадзянскай, духоўна-маральнай, камунікатыўнай культуры вучняў, выхаванне ўдумлівага чытача.

 

2. ЗАДАЧЫ ВЫВУЧЭННЯ ПРАДМЕТА

 

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

(агульнаадукацыйныя ўстановы з беларускай мовай навучання)

 

– фарміраванне вобразных уяўленняў аб навакольным свеце, адносін да жыццёвых з’яў, каштоўнасных арыентацый вучняў;

– далучэнне да нацыянальна-культурнай спадчыны; выхаванне сродкамі чытання грамадзянскіх, духоўных і эстэтычных пачуццяў;

– развіццё эмацыянальна-пачуццёвай сферы, вобразнага і крытычнага мыслення, літаратурна-творчых здольнасцей вучняў;

– развіццё цікавасці да чытання, пашырэнне кола чытання малодшых школьнікаў, іх начытанасці;

– навучанне правільнаму, усвядомленаму, выразнаму чытанню ўголас у адпаведнасці з нормамі літаратурнага вымаўлення; самастойнаму чытанню моўчкі (сам сабе);

– фарміраванне сістэмы чытацкіх уменняў і літаратурных уяўленняў вучняў, неабходных для паўнавартаснага ўспрымання літаратуры як мастацтва слова і разумення мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных тэкстаў;

– фарміраванне маўленчай дзейнасці вучняў, узбагачэнне і пашырэнне іх слоўніка;

 

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

(агульнаадукацыйныя ўстановы з рускай мовай навучання)

 

– фарміраванне маўленчай дзейнасці на беларускай мове, узбагачэнне і пашырэнне слоўніка вучняў, забеспячэнне авалодання арфаэпічнымі і акцэнталагічнымі нормамі беларускай мовы;

– развіццё цікавасці да кніг беларускіх пісьменнікаў і чытання на беларускай мове, пашырэнне кола чытання малодшага школьніка, яго начытанасці;

– навучанне правільнаму, асэнсаванаму, выразнаму чытанню ўголас і сам сабе з хуткасцю, якая не перашкаджае асэнсаванню;

– фарміраванне чытацкіх уменняў, уменняў слоўнікавай працы і літаратурных ведаў, неабходных для паўнавартаснага ўспрымання літаратуры як мастацтва слова і разумення мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных тэкстаў;

 

на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

– азнаямленне вучняў з асаблівасцямі літаратуры як віду мастацтва;

– развіццё дыферэнцаванага ўспрымання літаратурных твораў у залежнасці ад іх мастацка-эстэтычнай спецыфікі і жанрава-стылявых асаблівасцей;

– фарміраванне асноўных ведаў, уменняў і навыкаў аналізу літаратурных твораў;

– вывучэнне твораў айчыннай літаратуры ў кантэксце сусветнай, скаардынаваная рэпрэзентацыя на ўсіх ступенях літаратурнай адукацыі зместу курсаў беларускай і рускай літаратур;

– фарміраванне ў вучняў ведаў і ўменняў, якія забяспечваюць самастойнае засваенне мастацка-эстэтычных, духоўна-маральных каштоўнасцей;

– сістэматызацыя ведаў пра літаратуру як цэласнасць, прадстаўленую ў выглядзе паняццяў і спосабаў дзейнасці;

– фарміраванне культуралагічнай кампетэнцыі, развіццё ўяўленняў пра літаратуру як сацыякультурны феномен;

– развіццё літаратурна-творчых здольнасцей;

– фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі;

 

на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

– вывучэнне твораў айчыннай літаратуры ў кантэксце сусветнай;

– фарміраванне ў вучняў ведаў і ўменняў, якія забяспечваюць самастойнае засваенне мастацка-эстэтычных, духоўна-маральных каштоўнасцей;

– фарміраванне літаратурнай кампетэнцыі – сістэматызацыя ведаў пра літаратуру як цэласнасць, прадстаўленую ў выглядзе паняццяў і спосабаў дзейнасці;

– фарміраванне культуралагічнай кампетэнцыі, развіццё ўяўленняў пра літаратуру як сацыякультурны феномен;

– развіццё літаратурна-творчых здольнасцей;

– фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі.

 

3. ЗМЕСТ АДУКАЦЫІ ПА ВУЧЭБНЫМ ПРАДМЕЦЕ

“БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА”

 

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

(агульнаадукацыйныя ўстановы з беларускай мовай навучання)

 

– фальклорныя творы (казкі, загадкі, песенькі, прыказкі і прымаўкі, былі і небыліцы, легенды, паданні), творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, спецыяльна створаныя для дзяцей, творы класічнай літаратуры, якія трывала ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання; навукова-пазнавальная, даведачная кніга, дзіцячыя часопісы і газеты;

 

літаратурныя веды пра:

– традыцыйную тэматыку кніг для дзяцей малодшага ўзросту (пра Радзіму, подзвігі, дзяцей, жывёл і расліны, поры года, чарадзейнае і фантастычнае, гісторыю машын і рэчаў, пра герояў, дзеячаў навукі і мастацтва);

– элементы кнігі (вокладка, тытульны ліст, прадмова, змест, пасляслоўе, ілюстрацыя);

– сродкі выразнасці пры чытанні ўголас (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

 

літаратурныя ўяўленні пра:

– асаблівасці твораў фальклору (калыханкі, лічылкі, скорагаворкі, загадкі, прыказкі, казкі);

– асаблівасці мастацкіх твораў (казкі, апавядання, верша, байкі);

– мастацкія сродкі выразнасці (вобразныя словы і выразы, параўнанні, адухаўленне з’яў прыроды, эмацыянальна-ацэначныя словы);

 

чытацкія ўменні:

– чытаць правільна, асэнсавана і бегла цэлымі словамі ўголас і сам сабе;

– чытаць выразна ўголас мастацкія творы розных жанраў, карыстаючыся сродкамі інтанацыйнай выразнасці (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

– ацэньваць сваё і пачутае чытанне ў адпаведнасці з правільнасцю і выразнасцю;

– вызначаць тэму і галоўную думку твора;

– вылучаць галоўныя і другарадныя дзейныя асобы, аналізаваць іх узаемаадносіны, учынкі, тлумачыць матывы ўчынкаў;

– выяўляць эмацыянальны стан дзейных асоб, характарызаваць герояў па іх паводзінах, учынках, параўноўваць персанажаў;

– знаходзіць у тэксце апісанні дзейных асоб, карцін прыроды, вызначаць іх ролю ў тэксце;

– узнаўляць мастацкія вобразы (слоўнае маляванне дзейнай асобы, карцін прыроды);

– выяўляць адносіны аўтара да героя, яго ўчынкаў;

– выказваць уласныя адносіны да дзейных асоб, іх учынкаў, зместу твора;

– назіраць за формай апавядання: ад чыйго імя вядзецца аповед;

– дзяліць твор на часткі, складаць план невялікага апавядальнага твора, пераказваць яго змест падрабязна ці сцісла (з дапамогай настаўніка) паводле гатовага плана;

– назіраць за будовай верша (вершаваны радок, рытм і рыфма, вобразная мова), знаходзіць у вершы рыфму;

– вызначаць агульны эмацыянальны настрой паэтычнага твора, пачуцці, якія перадае паэт, суадносіць іх з уласнымі ўражаннямі, знаходзіць у тэксце словы, што перадаюць настрой і пачуцці паэта;

– назіраць за выразнымі словамі, якія ствараюць вобразы ў мастацкім творы, вылучаць іх з тэксту, тлумачыць значэнне, выяўляць іх вобразную функцыю шляхам слоўнага малявання;

– вылучаць з тэксту эмацыянальна-ацэначныя словы, словы-сінонімы, асэнсоўваць іх функцыянальнае прызначэнне: чаму гэтае слова выбраў аўтар, як яно характарызуе героя;

– чытаць на памяць вершаваныя творы;

– складаць вуснае апавяданне ці казку па серыі малюнкаў або малюнку і апорных словах, па ілюстрацыі да твора;

– калектыўна ствараць творчыя пераказы (ад імя героя, ад трэцяй асобы, з працягам сюжэтных ліній);

– інсцэніраваць невялікія мастацкія творы або іх асобныя эпізоды, насычаныя дыялогамі;

– сачыняць скорагаворкі, загадкі, невялікія казкі ці займальныя гісторыі;

– самастойна выбіраць і чытаць дзіцячыя кнігі, часопісы, газеты;

– вызначаць прыкладны змест незнаёмай кнігі па інфармацыі, змешчанай на вокладцы, тытульным лісце, у прадмове, пасляслоўі, змесце, а таксама па ілюстрацыях на вокладцы і на старонках выданняў;

– суадносіць назву і змест твора або кнігі, даваць ацэнку прачытанаму;

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

(агульнаадукацыйныя ўстановы з рускай мовай навучання)

 

– творы вуснай народнай творчасці: загадкі, скорагаворкі, прыказкі і прымаўкі, песні, пацешкі, лічылкі, небыліцы, легенды, паданні, казкі (народныя і аўтарскія), творы беларускіх класікаў, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання, творы сучаснай дзіцячай літаратуры, перыёдыка: дзіцячыя газеты і часопісы, слоўнікі і даведнікі;

 

літаратурныя веды пра:

– традыцыйную тэматыку кніг для дзяцей малодшага ўзросту (пра Радзіму, пра подзвігі, пра дзяцей, пра жывёл і расліны, пра поры года, пра чарадзейнае і фантастычнае, пра гісторыю машын і рэчаў, пра герояў, дзеячаў навукі і мастацтва);

– элементы кнігі (вокладка, тытульны ліст, прадмова, змест, пасляслоўе, ілюстрацыя);

– сродкі выразнасці пры чытанні ўголас (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

 

літаратурныя ўяўленні пра:

– асаблівасці твораў фальклору (калыханкі, лічылкі, скорагаворкі, загадкі, прыказкі, казкі);

– асаблівасці мастацкіх твораў (казкі, апавядання, верша, байкі);

– мастацкія сродкі выразнасці (вобразныя словы і выразы, параўнанні, адухаўленне з’яў прыроды, эмацыянальна-ацэначныя словы);

 

чытацкія ўменні:

– чытаць правільна, асэнсавана і бегла цэлымі словамі ўголас і сам сабе з хуткасцю, якая не перашкаджае разуменню; перадаваць пры чытанні арфаэпічныя асаблівасці беларускай мовы (правільнае вымаўленне беларускіх гукаў [ў], [дз’], [дж], [г], [ж], [ч], [р], [ц], падвоеных зычных), выразнае вымаўленне галосных;

– чытаць выразна ўголас мастацкія творы розных жанраў, карыстаючыся сродкамі інтанацыйнай выразнасці (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

– вылучаць словы, падобныя па гучанні да слоў рускай мовы і ўстанаўліваць іх значэнне;

– тлумачыць лексічнае значэнне незразумелых слоў праз кантэкст, пераклад і з дапамогай тлумачальнага слоўніка;

– вызначаць вобразныя словы і выразы, тлумачыць іх значэнне і ролю;

– разумець значэнне прыказак, трапных выразаў, “гаваркіх” слоў, ужытых у тэксце;

– прагназаваць змест тэксту па ілюстрацыях, загалоўку, апорных словах;

– эмацыянальна ўспрымаць і рэагаваць на пачутае / прачытанае;

– вылучаць словы і выразы, якія перашкаджаюць разуменню тэксту;

– устанаўліваць паслядоўнасць падзей, суадносіць паслядоўнасць падзей з малюнкавым радам; знаходзіць урыўкі тэксту, якія адпавядаюць ілюстрацыі;

– вызначаць месца, час, абставіны падзей;

– выяўляць прычынна-выніковыя сувязі паміж падзеямі і ўчынкамі герояў;

– вызначаць дзейных асоб, іх эмацыянальны стан, пачуцці, суадносіць дзейную асобу і ўчынак;

– характарызаваць героя на падставе паводзін і ўчынкаў;

– вызначаць адносіны аўтара да падзей, герояў, учынкаў;

– даваць уласную ацэнку ўчынкам і героям; выказваць уласнае стаўленне да падзей; аргументаваць сваю пазіцыю;

– фармуляваць тэму тэксту, вызначаць яго галоўную думку;

– тлумачыць загаловак твора ці прыдумваць свой загаловак да твора;

– вылучаць сэнсавыя часткі апавядальнага твора; складаць план тэксту;

– падрабязна пераказваць невялікі апавядальны тэкст ці ўрывак з яго па самастойна складзеным плане;

– выбарачна пераказваць тэкст з дапамогай апорных слоў; маляваць словамі партрэт героя ці карціну прыроды з твора;

– ужываць ва ўласным маўленні сродкі вобразнай выразнасці на падставе ўзораў з пачутага / прачытанага;

– самастойна адказваць і задаваць пытанні па змесце пачутага ці прачытанага;

– выяўляць і асэнсоўваць лінгвакраязнаўчую інфармацыю;

– ацэньваць уласнае і пачутае чытанне і гаварэнне (адпаведнасць арфаэпічным і лексічным нормам);

– правільна называць кнігу (аўтар, назва);

– арыентавацца ў кнізе па назве, малюнках, змесце, прадмове, пасляслоўі;

– знаходзіць у змесце прозвішча аўтара, назву патрэбнага твора і старонку;

– выкарыстоўваць прыёмы выбару неабходнай кнігі для чытання (на пэўную тэму, пэўнага аўтара);

 

на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

– творы фальклору;

– біблейскія казанні;

– мастацкія творы класічнай і сучаснай беларускай літаратуры;

– асобныя творы замежных аўтараў;

– тэарэтыка-літаратурныя веды: вусная народная творчасць і яе жанры; фальклор і літаратура; тэма і ідэя мастацкага твора; характар літаратурнага героя і сродкі яго раскрыцця (мова, партрэт, пейзаж, аўтарская характарыстыка, мастацкая дэталь); сюжэт і яго элементы; кампазіцыя (пабудова) мастацкага твора; вобразна-выяўленчыя сродкі мовы (эпітэт, параўнанне, метафара, увасабленне, сімвал, алегорыя); проза і паэзія як два віды літаратурнай творчасці, празаічная і вершаваная мова (вершаваны радок, страфа, рытм, паэтычны сінтаксіс, рыфма, гукапіс); вершаваныя памеры (двух- і трохскладовыя: ямб, харэй, дактыль, амфібрахій, анапест); літаратура мастацкая, навуковая, публіцыстычная; літаратурныя роды і жанры; літаратура прыгодніцкая і фантастычная; гумар, сатыра, іронія; камічнае, іранічнае, узвышанае, трагічнае; агульнае паняцце пра літаратурны працэс; мастацкія плыні і кірункі ў літаратуры; агульнае паняцце пра стыль пісьменніка;

– гісторыка-літаратурныя веды: час напісання твора і час, адлюстраваны ў тэксце; вытокі мастацтва і яго сувязь з гісторыяй, грамадскім жыццём; найбольш характэрныя прыкметы літаратуры Сярэднявечча, Адраджэння, Асветніцтва, рамантызму, рэалізму; асноўныя факты жыцця і творчага шляху беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць вывучаецца манаграфічна;

 

на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

– творы нацыянальнай класікі, якія маюць вялікае мастацкае значэнне ў гісторыі літаратуры, вызначаюць шлях літаратурнага развіцця;

– творы сучаснай літаратуры (з сярэдзіны 1980-х гадоў да пачатку ХХІ стагоддзя ўключна) высокай мастацка-эстэтычнай каштоўнасці, што атрымалі грамадскае прызнанне, адпавядаюць патрабаванням адукацыйнага працэсу;

– асобныя творы класічнай сусветнай літаратуры;

– тэарэтыка-літаратурныя веды: звесткі пра шляхі і галоўныя этапы развіцця беларускай літаратуры ва ўзаемасувязі з сусветнай; звесткі пра найбольш істотныя асаблівасці рамантызму, рэалізму, мадэрнізму і спецыфіку іх развіцця ў Беларусі; абагульненыя звесткі пра сутнасць мастацтва, яго вобразнасць, паняцці тыповага, канкрэтна-гістарычнага і агульначалавечага значэння твораў класічнай літаратуры; уяўленні пра традыцыі і наватарства, мастацкую спадчыну і літаратурную пераемнасць; асноўныя эстэтычныя катэгорыі: прыгожае, узвышанае, гераічнае, трагічнае, камічнае і інш.; асаблівасці родаў і жанраў літаратуры; асноўныя спосабы выяўлення аўтарскай пазіцыі; абагульненыя звесткі пра стыль пісьменніка;

– гісторыка-літаратурныя веды: звесткі пра жыццёвы і творчы шлях беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць вывучаецца манаграфічна; звесткі пра творчую гісторыю найбольш значных твораў; гісторыка-культурныя звесткі; уяўленне пра літаратурны працэс як частку агульнакультурнага.

 

4. ПАТРАБАВАННІ ДА ЎЗРОЎНЮ ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ

 

4.1. Патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў за перыяд навучання на ўзроўні агульнай базавай адукацыі.

 

Вучань павінен в е д а ц ь:

– асноўныя звесткі пра жыццё і творчасць пісьменнікаў;

– шляхі і галоўныя этапы развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да першай трэці ХХ стагоддзя);

– змест, праблематыку, сістэму вобразаў вывучанага твора;

– змест асноўных тэарэтыка-літаратурных паняццяў;

– асноўныя роды і жанры літаратуры;

– асноўныя эпохі і напрамкі літаратуры перыяду, які вывучаецца;

– творы, прапанаваныя для завучвання на памяць.

 

Вучань павінен у м е ц ь:

– выразна чытаць тэксты мастацкіх твораў з улікам іх родавай і жанравай спецыфікі, выяўленага аўтарам пафасу ці настрою;

– вызначаць прыналежнасць твора да пэўнага літаратурнага роду і жанру;

– вызначаць асноўныя праблемы літаратурнага твора;

– характарызаваць літаратурнага героя;

– супастаўляць герояў розных твораў і вылучаць у іх характарах і паводзінах агульнае і адрознае;

– вызначаць сувязь паміж героямі твора і эпохай; аргументаваць сваю ацэнку герояў і падзей;

– умець падрабязна або сцісла пераказваць змест прачытанага, будаваць вуснае паведамленне або разважанне пра твор;

– вызначаць узаемасувязь і ўзаемазалежнасць састаўных частак твора;

– самастойна ацэньваць вывучаныя творы з улікам іх мастацкай спецыфікі і абгрунтоўваць гэтую ацэнку;

– выкарыстоўваць вытрымкі з крытычных прац пры разглядзе творчасці пісьменніка ці пры аналізе літаратурнага твора;

– рыхтаваць вусны (або пісьмовы) разгорнуты адказ на праблемнае пытанне па вывучаным творы, карыстаючыся літаратуразнаўчымі крыніцамі;

– пісаць сачыненні на літаратурную тэму;

– рыхтаваць вусны і пісьмовы водгук і рэцэнзію на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаныя кінафільм, тэлеперадачу, спектакль;

– складаць план і канспект літаратурна-крытычнага артыкула;

– рыхтаваць даклад або рэферат на літаратурную тэму.

 

Вучань павінен в а л о д а ц ь:

– навыкамі абагульнення і сістэматызацыі вывучанага, вылучэння галоўнага, істотнага, бачання своеасаблівага, адметнага пры параўнанні вывучаных твораў;

– навыкамі супастаўлення (на аснове асабістых уражанняў) літаратурнага твора з ілюстрацыямі да яго, а таксама з яго кіна- і тэлеэкранізацыямі;

– рознымі відамі літаратурна-творчай дзейнасці;

– навыкамі працы з навукова-крытычнай і даведачнай літаратурай па вызначанай тэме;

– уменнямі і навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, лагічнага і выразнага выказвання думак, дастатковым запасам маўленчых сродкаў.

 

4.2. Патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў за перыяд навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

 

Вучань павінен  в е д а ц ь:

– змест твораў, прадугледжаных для тэкстуальнага вывучэння, а таксама самастойна прачытаных твораў;

– біяграфіі, жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна;

– спецыфіку асноўных эстэтычных катэгорый – прыгожага, узвышанага, трагічнага, гераічнага, камічнага і інш., – неабходных для засваення духоўных, мастацка-эстэтычных каштоўнасцей твора;

– асаблівасці рамантычнага, рэалістычнага і мадэрнісцкага тыпаў мастацкай творчасці;

– асаблівасці асноўных родаў і жанраў літаратуры;

– асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да пачатку XXІ стагоддзя) у суаднясенні з развіццём сусветнай літаратуры;

– характэрныя асаблівасці эпохі, якая адлюстравалася ў творах, тыповае, канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў іх змесце;

– грамадзянскую пазіцыю аўтара, сувязь яго творчасці з эпохай, жыццём грамадства;

– мастацкую цэласнасць твора, функцыянальнае ідэйна-эстэтычнае значэнне ўсіх яго структурных кампанентаў (тэмы, ідэі, сюжэта, кампазіцыі, вобразаў, выяўленчых сродкаў мовы);

– змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэт і кампазіцыю вывучаных твораў, іх канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае значэнне;

– асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці (стыль, напрамак, мастацкі вобраз, літаратурны характар, літаратурны тып, лірычны герой, аўтар, задума твора, праблематыка, пафас, род, жанр і інш.), патрэбныя для ўспрымання, засваення, аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў;

– асноўныя жанравыя і стылявыя асаблівасці мастацкіх твораў, якія вывучаюцца тэкстуальна;

– тэксты, прапанаваныя для завучвання на памяць.

 

Вучань павінен у м е ц ь:

– выразна чытаць мастацкія творы з улікам іх родавай і жанравай спецыфікі, выяўленага аўтарам пафасу ці настрою;

– успрымаць творы на эмацыянальна-вобразным узроўні ў адзінстве ідэйнага зместу і мастацкай формы;

– даваць самастойную ацэнку прачытаным творам і абгрунтоўваць яе;

– узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам;

– вызначаць асноўную праблематыку твора;

– выяўляць асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка;

– характарызаваць героя твора, супастаўляць герояў аднаго або некалькіх твораў;

– выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылявыя асаблівасці вывучаных твораў;

– выяўляць узаемасувязь структурных частак твора;

– суадносіць веды пра гістарычную эпоху з падзеямі, адлюстраванымі ў творы;

– суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі эпохамі і кірункамі сусветнага літаратурнага працэсу;

– пісаць сачыненні па вывучаных ці самастойна прачытаных мастацкіх творах;

– рыхтаваць рэферат і даклад з выкарыстаннем літаратуразнаўчых крыніц;

– пісаць рэцэнзію на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаны фільм, спектакль.

 

Вучань павінен в а л о д а ц ь:

– навыкамі абагульнення, сістэматызацыі і супастаўлення вывучанага, выяўлення адметных рыс характару герояў, тыповага ў іх паводзінах, адносінах да жыцця;

– уменнямі і навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, лагічнага і выразнага выказвання думак, дастатковым запасам маўленчых сродкаў;

– навыкамі параўнання літаратурных твораў з творамі жывапісу, музыкі, тэатра і інш.;

– рознымі відамі літаратурна-творчай дзейнасці (напісанне сачынення, даклада, рэферата, рэцэнзіі);

– навыкамі працы з навукова-крытычнай і даведачнай літаратурай па вызначанай тэме (літаратурна-крытычныя артыкулы, слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі і інш.).