contrast version

Да 500-годдзя беларускай Бібліі

Год 500-годдзя беларускага друку стаў для многіх беларускіх дзяцей і моладзі шчаслівым і значным у творчых пошуках. Яны актыўна далучыліся да ідэй, літаратурнай і мастацкай спадчыны Скарыны. Сваімі творамі юныя мастакі краіны падрыхтавалі выставу-конкурс дзіцячай і маладзёвай творчасці ”Францыск Скарына – наш лёс, наша мінуўшчына, наша будучыня”, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадруку, якая адкрылася 5 жніўня 2017 года ў Палацы мастацтваў.

На выставе было паказана звыш 40 твораў. Журы для ўзнагароджання прапанавала работы 31 юнага мастака. Пераможцай конкурсу, юнай прымай прызнаная Паліна Міхайлоўская, навучэнка Гарадзенскай мастацкай школы, са сваім творам “Францыск Скарына з першай друкаванай беларускай кнігай”. 6 навучэнцаў Берасцейскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў удастоены спецыяльнай прэміі за высокі мастацкі ўзровень твораў, выкананых у тэхніцы сухая іголка. Журы адзначыла таксама высокі ўзровень твораў навучэнцаў Гарадзенскай мастацкай школы, Рэспубліканскага каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка і Мінскай мастацкай вучэльні (каледжа) імя А.Глебава, якія удастоены Дыпломаў ІІ і ІІІ ступені.

 

Дыпломамі другой ступені ўдастоены 9 навучэнцаў, сярод якіх 15-ці гадовая мастачка Аляксандра Ржэчыцкая, навучэнка Мінскай гарадской гімназіі-каледжа мастацтваў і аршанскія навучэнкі, вучаніцы нашай школы Лізавета Савіцкая за твор “Сон Скарыны”, Кацярына Закаблукава за твор ”Роспач Скарыны” (10 “Б” клас), Вераніка Сцяпанава за твор “Прага 6 жніўня 1517 года” (7 “Г” клас).

Прага 6 жніўня 1517 года Роспач Скарыны Сон Скарыны

“Для мяне было вялікім гонарам удзельнічаць у конкурсе малюнкаў, арганізатарам якога з’яўляецца наш зямляк Мікола Купава. Ілюстрацыі гэтага вядомага беларускага мастака да казак Уладзіміра Караткевіча знаёмыя мне з дзяцінства, таму я вельмі хвалявалася, як журы ацэніць маю работу. Удзел у гэтым конкурсе быў вельмі карысным і ў пазнавальным сэнсе, бо каб выбраць сюжэт для сваёй работы, мне давялося неаднаразова ўспомніць і пераасэнсаваць жыццёвы шлях нашага першадрукара”, – пракаментавала свой удзел у конкурсе Кацярына Закаблукава.

Вельмі пачэсна , што Год Скарыны і 500-годдзя беларускага кнігадруку ў сферы культуры прайшоў з удзелам вучняў нашай школы.