contrast version

Яўген Паплаўскі

paplauski

Яўген Паплаўскі нарадзіўся 20 верасня 1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую кансерваторыю (Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі) па класу Ігара Лучанка і Дзмітрыя Смольскага ў 1986 годзе. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі і тамсама браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва.

 

У 1991 годзе па яго ініцыятыве быў арганізаваны ў Мінску Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995.

 

3 1997 па 1999 атрымліваў стыпендыю Польскага Урада, на падставе чаго працаваў у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя Ст. Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» і Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Аcanthe 2000 / Ircam.

 

На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францішка Скарыны (1991 год) атрымаў II прэмію за сімфонію «Lux aeterna» для тэнара, хору і сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта, прэм’ера якой адбылася 21 сакавіка 1997 года падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыцкай філармоніі, хоры Акадэміі музыкі і Гданьскага універсітэта, тэнар — Пётр Кусевіч, дырыжор — Зыгмунт Рыхарт).

У студзені 2000 года на Міжнародным конкурсе кампазітараў «Jihlava-2000» у Празе яго харавы цыкл «Пагода ўжо позняй восені» на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі «Творы для камернага хору». Прэм’ера цыкла адбылася ў 2002 годзе на 45 Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе (Кракаўскі камерны хор, дырыжор — Моніка Бахоўска).

 

У 2002 годзе па замове Эксперыментальнай студыі Польскага Радыё ў Варшаве ім быў напісаны «Шлях у Аблокі II» для гобоя, ударных інструментаў і электронікі. У маі 2004 года гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага Радые на Міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЕСКА ў Рыме (ІRЕМ 2004).

 

Творы Я. Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі ў Нідэрландах, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы, Аргенціне, Бразіліі, Расіі і ЗША.

 

Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця на Беларусі. Быў адным з заснавальнікаў і дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская Капэла» (створана ў 1992 годзе), мэтай якога з’яўляецца пошук, вывучэнне і ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Актыўна і плённа працаваў у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска і Санкт-Пецярбурга. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы». Ен з’яўляецца аўтарам сцэнарыя балета «Тэагонія» (паводле Гесіёда, VIII ст. да н. э. ), у якім узноўлены прынцыпы тэатра (1748) Уршулі Радзівіл (1705—1753). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 годзе быў пастаўлены балет «Паланез» на музыку Міхала Клеафаса Агінскага (1765–1833).