contrast version

abelilovich   Абелиович Лев Моисеевич

Год рождения:               1912

Фотография:

Биография:

Лев Моисеевич Абелиович (1912–1985)

 

Закончил Белорусскую государственную консерваторию по классу композиции профессора В.А. Золотарева (1941). Заслуженный деятель искусств Беларуси (1963).

 

"Леў Абеліёвіч – адна з прывабных фігур у беларускай музыцы. Сур'ёзнасць, канцэпцыйнасць задум, гуманістычная накіраванасць мастацтва – вось што існаснае для яго творчай індывідуальнасці. Музыка кампазітара эмацыянальна насычаная, псіхалагічна паглыбленая. Л. Абеліёвіч належыць да пакалення кампазітараў, у творчасці якіх вядучай з'яўляецца тэма вайны. Яна атрымала глыбокае філасофскае асэнсаванне ў розных жанрах інструментальнай, вакальнай і аркестравай музыкі, вызначыла галоўныя вобразныя сферы творчасці кампазітара – драматычнага і трагедыйнага плану, а таксама абумовіла накіраванасць музычнай мовы: вастрыню інтанацый, дысанантнасць гармоніі, маторнасць, спецыфічную арганізацыю рытмічнага руху, лінеарнасць фактуры.

 

 

Творчы метад кампазітара вылучаецца майстэрствам распрацоўкі тэматызму, пабудовы формы, разгортвання драматургіі. Стылістычныя вытокі яго творчасці звязаны з фальклорам, прычым не толькі беларускім, але і польскім, які ён добра ведаў яшчэ з гадоў вучобы ў Варшаўскай кансерваторыі (1935–1939). Глыбокае разуменне стылістыкі фальклору дазволіла кампазітару знайсці цікавыя формы яго ўвасаблення, пры гэтым ён выкарыстоўваў і сучасныя сродкі выразнасці, блізкія стылістыцы Д. Шастаковіча. У творах Л. Абеліёвіча праяўляюцца і тэндэнцыі, карані якіх бачныя ў класічных традыцыях.

 

Творчы шлях кампазітара пачаўся ў гады вучобы ў Варшаўскай кансерваторыі. Сярод яго студэнцкіх работ – рамансы, фартэпіянныя творы, Уверцюра для сімфанічнага аркестра. 3 1944 года Л. Абеліёвіч жыў у Маскве. Тут на працягу двух гадоў ён удасканальваў сваё майстэрства пад кіраўніцтвам М. Мяскоўскага. Вынікам напружанай працы з'явіліся санаты для фартэпіяна, скрыпкі і фартэпіяна, габоя і фартэпіяна, Сюіта для двух фартэпіяна, рамансы, песні. Ён таксама напісаў п'есы для скрыпкі, якія атрымалі высокую ацэнку Д. Ойстраха. У гэтых творах адчуваецца пошук свайго стылю, форм праламлення фальклору. Найбольш ярка стыль кампазітара выяўляецца ў Першай фартэпіяннай санаце.

 

Прыехаўшы ў 1951 г. у Беларусь, Л. Абеліёвіч стварыў арыгінальныя рамансы на вершы М. Багдановіча, Я. Коласа, М. Танка, Р. Бёрнса, Ф. Цютчава і інш. Не перапынялася праца і ў жанры песні. У 50-ыя гады было напісана Фартэпіяннае трыо, у якім высту-паюць характэрныя для Л. Абеліёвіча рысы інтанацыйнага ладу, гарманічнай мовы, фактуры. Відавочнымі былі і поспехі ў вакальных жанрах. Цыклы рамансаў на вершы М. Багдановіча і Ф. Цютчава ўвасабляюць свет чалавечых перажыванняў, вобразы прыроды, філасофскага роздуму. Створаныя ў той час «Беларуская уверцюра», «Сімфанічныя карціны» і «Гераічная паэма» былі важнымі крокамі на шляху да галоўнага – сімфоніі. Але да яе ён прыйшоў ужо сталым майстрам, напярэдадні свайго пяцідзесяцігоддзя.

 

У 60-ыя гады кампазітар напісаў чатыры сімфоніі. Усе яны маюць філасофскі сэнс, адзначаны глыбокім драматызмам, нават трагедыйнасцю, звязаны з вобразамі напружанай барацьбы, складанага жыцця. Гэта ўтварае характэрны для Л. Абеліёвіча тып сімфанізму, найболып поўна прадстаўлены ў першых трох сімфоніях. Кампазітар арыентуецца на канфліктную драматургію, што абумоўлівае напружаны, але жыццесцвярджальны працэс развіцця. Найболыпым поспехам карысталася Другая сімфонія – усхваляваны ўспамін пра вайну, пра страшэнную трагедыю чалавецтва. У сярэдзіне 60-ых гадоў з'яўляецца першы сшытак цыкла фартэпіянных п'ес «Фрэскі», змест якога мае грамадзянскую накіраванасць. Кампазіцыйны прынцып пабудовы цыкла выяўлены ў назве, запазычанай з жывапісу. Твор не мае сюжэтнага развіцця і ўяўляе сабой паслядоўнасць кантрастных музычных партрэтаў і карцін: «Уцякач», «Журботная гадзіна», «Шэсце», «Рэквіем» і інш. Кожная фрэска выклікае выразныя асацыяцыі з падзеямі ваенных гадоў, напоўненых трывогай, чалавечым болем і пакутамі. Адсюль – шырыня эмацыянальна-вобразнай палітры твора. Водгукам на трагедыю вайны стала і Трэцяя сімфонія (1967), якой уласцівыя вобразная канкрэтнасць, драматызм і напружанасць музычнага развіцця. Галоўнай асаблівасцю Чацвёртай сімфоніі з'яўляецца жанрава-лірычны тып сімфанізму. Важныя рысы твора – народна-песенная аснова, інтэнсіўнае тэматычнае развіццё і адзінства цэлага.

 

Творчасць Л. Абеліёвіча 70-ых гадоў звязана галоўным чынам з жанрамі інструментальнай і вакальнай музыкі. Разам з інструментальнымі мініяцюрамі напісаны санаты (для кларнета, для фартэпіяна), другі сшытак цыкла фартэпіянных п'ес «Фрэскі», а таксама Фартэпіянны канцэрт. Шмат увагі надаваў Л. Абеліёвіч і жанру раманса, дзе паступова фарміравалася вакальная стылістыка кампазітара. У рамансах шырока выкарыстоўваюцца такія выразныя сродкі, як «педальныя» арганныя пункты, каларытныя гарманічныя фарбы, выразныя, шы-рока распеўныя мелодыі або размоўна-дэкламацыйныя структуры, разнастайныя метрарытмічныя малюнкі, разгорнутае суправаджэнне з выяўленчымі момантамі. 3 вялікім майстэрствам кампазітар падпарадкаваў усе гэтыя сродкі дакладнай мастацка-рэалістычнай задуме. У ліку найбольш яскравых – вакальныя цыклы «Военные баллады» і «Партызанскія балады», дзе доўжыцца вядучая тэма творчасці кампазітара, а ў стылістыцы – традыцыі рускай і заход-нееўрапейскай вакальнай лірыкі.

 

Характэрнай асаблівасцю творчасці Л. Абеліёвіча 80-ых гадоў стала паглыбленне ў сферу вакальнай лірыкі: ён працаваў над другім сшыткам рамансаў на вершы Ф. Цютчава, паэзіяй якога захапляўся на працягу ўсяго жыцця. Музыка Л. Абеліёвіча, разнастайная па жанрах, багатая па зместу і сродках выразнасці, з'яўляецца значным укладам у беларускае мастацтва". // Мдзівані Т. Г., Сергіенка Р. I. Кампазітары Беларусі. – Мн: Беларусь, 1997. – С. 16–21.

 

Творы

 

Аркестравая музыка

 

Для сімфаніннага аркестра: Сімфоніі: № 1 (1962), № 2 (1964), № 3 (1967), № 4 «Віцебская» (1970, 2-ая рэд. 1982); уверцюры: № 1 (1941), № 2 «Беларуская» (1955, 2-ая рэд. 1968), Уверцюра (1963), Уверцюра (1967); Беларуская рапсодыя (1954), Гераічная паэма (1957), Сімфанічныя карціны (Уверцюра, Накцюрн, Танец, 1958). Канцэрт для ф-на з аркестрам (1977). Вакаліз для голасу з аркестрам (1976). Для эстраднага аркестра: Уверцюра, Інтэрмецца, Канцэртны вальс (1960). Арыя для скрыпкі і камернага аркестра (1973).

 

Камерна-інструментальная музыка

 

Струнны квартэт № 1 (1947), Фартэпіяннае трыо (1955), Уверцюра для секстэта домраў (1952). Для фартэпіяна: Першая саната (1944), Другая саната (1945), Санаты № 1 (1953), № 2 (1957, 2-ая рэд. 1979), № 3 (1960–1970); цыкл п'ес «Фрэскі» (першы сшытак, 1965, другі сшытак, 1972), Цыкл п'ес (1977), Варыяцыі (1939), Дзве полі-фанічныя п'есы на беларускія народныя тэмы для ф-на ў чатыры рукі (1950), Дзесяць дзіцячых п'ес (1950), Дзве п'есы (Канцона, Экспромт, 1976), Чатыры п'есы («У прыцемках», «Скамарохі», Інтэрмецца, «Мяцеліца», 1970), Тры канцэртныя эцюды (1981). Сюіта на тэмы беларускіх народных песень для двух ф-на (1950). Для скрыпкі і фартэпіяна. Санаты: № 1 (1940, 2-ая рэд. 1960), № 2 (1946, 2-ая рэд. 1961), № 3 (1948, 2-ая рэд. 1969), № 4 (1950, 2-ая рэд. 1958); Эцюд-карціна, «Калыханка», «Разважанні», Два танцы (1950), Гумарэска, Інтэрмецца, Танец (1940–1950), Арыя, Накцюрн (1964). Для кларнета і фартэпіяна: Саната (1972), Інтэрмецца (1960–1970). Для цымбалаў і фартэпіяна: Дваццаць прэлюдый (1949), Саната (1966). Для ксілафона і фартэпіяна: Інтэрмецца, Танец (1964). Саната для габоя і ф-на (1950), п'есы для духавых інструментаў (1960–1970).

 

Вакальная музыка

 

Для хору без суправаджэння: «Ой, не гніце, ветры», «Песня волі» (па матывах М. Танка, 1957), «Над  Нараччу» (сл. А. Бачылы, 1958), «На новай зямлі» (сл. Я. Коласа, 1958), «Цішыня» (сл. А. Бачылы, 1975); апрацоўкі народных песень. Для голасу з суправаджэннем. Цыклы: «Военные баллады» (сл. С. Яўсеевай, С. Віленскага і ўласныя, 1974), «Партызанскія балады» (сл. А. Астрэйкі, М. Танка, У. Дубоўкі, 1978), «Рамансы на вершы Ф. Цютчава» (першы сшытак: «После грозы», «Смотри, как роща зеленеет», «Дитя», «Осень», «В пути», «Как ни тяжел последннй час», «Зной», «Любовь», «В небе тают облака», «Счастлнв, кто посетил сей мир», 1958; другі сшытак: «Четверостишие», «Мольба», «Как ни дышит полдень знойный», «Как над горячею золой», «Еще томлюсь тоской желаний», «Я знал ее еще тогда», «Последняя любовь», «День вечереет», «Потрясение», «Мгновение жизни», 1983); рамансы: «Коваль», «Колыбельная» (сл. польскіх паэтаў, 1938), «Ноч», «На новай зямлі», «Дзень добры вам, лясы і далі» (сл. Я. Коласа, 1952), «На палях», «Юнацтва» (сл. А. Бачылы, 1952), «Днём прыгожым», «Успамін» (сл. М. Танка, 1952), «За жытнім полем», «Было – вакол квітнеў тут дол», «Любоў», «Песня дзяўчыны», «Пацалунак» (сл. Р. Бёрнса, пер. А. Бачылы, 1953), «Над магілай», «Ты быў, як месяц, адзінокі», «Завіруха», «Вечнасць», «Зімовы вечар» (сл. М. Багдановіча, 1956), «Пловец» (сл. А. Міцкевіча, 1957), «Ручей» (сл. А. Русака, 1963), «Возвращение» (сл. К. Клёнава, 1963), «Балада аб партызане», «Курганы» (сл. У. Дубоўкі, 1963), «Вандроўнікі», «Калыханка» (сл. Я. Коласа, 1972), «Хорал», «Поэзия» (сл. Ф. Цютчава, 1972), «Стану песняй», «Парыў», «У няволі» (сл. А. Пашкевіч, 1976), шэсць рамансаў на вершы А. Пушкіна (1977), пяць рамансаў на вершы А. Пушкіна (1978), «Сумерки», «Вечер мглистый» (сл. Ф. Цютчава, 1981); Паэма для голасу з ф-на (1979). Песні: «Ходзіць хлопец», «Юнацкая песня», «Тры сасны», «Стогне ў полі завіруха», «Слово о неизвестном солдате», «Солдатская пилотка» (сл. М. Алтухова); «Працоўная» (сл. А. Астрэйкі); «Песня міру» (сл. П. Барэйкі); «Песня аб Леніне» (сл. А. Бачылы); «Песня млынара» (сл. П. Броўкі); «Заздраўная», «Калыханка» (сл. А. Вялюгіна); «Песня аб партыі» (сл. Н. Гілевіча); «Зараначкі» (сл. К. Клёнава); «Мінскія сосны», «Радзімая старонка», «Мая бярозка», «Мы – трактаразаводцы», «Мяцеліца» (сл. А. Русака); «Святочны вальс», «Дарожная», «Песня аб Леніне» (сл. А. Ставера); «Звезды над Минском», «Беларусь мая» (сл. М. Ясеня).

 

Прыкладная музыка

 

Да драматичных спектакляў: «Каштанка» (1952). «Канёк-Гарбунок» (П. Яршоў, 1953). «Лясун» (М. Алтухоў, 1961). «Гербовая печать» (1961). «Цвёрды арэшак» (М. Алтухоў, 1964). Да радыёпастановак: «Пунсовыя ветразі» (1953). «Машанька і гарошынка» (1953). «Сказ пра газ» (Я. Пярмяк, 1961). Да тэлефільмаў: «Старый челн». «Пятёрка отважных» (1970). «Хатынь».