contrast version
Іван Мележ

 

melez

 

Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1938) працаваў у Хойніцкім райкоме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. Летам 1940 г. ўдзельнічаў у вызваленьні Паўночнай Букавіны. З першых дзён вайны на фронце — на Збручы, пад Уманню, Нікалаевым, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. У чэрвені 1942 г. пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім пэдагагічным інстытуце, а з 1943 г.— у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 г. ужо ў Менску). Пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва універсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя».

З 1966 г.— сакратар, а ў 1971 — 1974 гг.— намеснік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967—1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру. Член СП СССР з 1945 г.

Памёр 9 жніўня 1976 г.

Дэбютаваў у 1939 г. вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 г. (газета «Бугурусланская правда»). Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961), «Жыццёвыя клопаты» (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), «Белыя вішні і яблыні» (1976), «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977). Аўтар рамана «Менскі напрамак» (1952, дапрацаванае выданне ў 1974).

Аўтар цыкла раманаў «Палеская хроніка»:

1. «Людзі на балоце» (1962);

2. «Подых навальніцы» (1966);

3. «Завеі, снежань» (1978).

У 1969—1971 гг. выйшаў Збор твораў у 6-ці, у 1979—1985 гг.— у 10 тамах.

Напісаў п'есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 г. спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спекталь «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г.— «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).