contrast version
21 лютага - яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе - павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія пад спіс апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе - значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

Калі ты чуеш яе - ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку" або мясцовую дыялектную - знай, што гэта ўсё яна - наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

 

Будзь і ты разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляй па-нашаму, каб людзі бачылі тваю вернасць сваёй мове. Размаўляй з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах - і тваёй мовай захочуць гаварыць іншыя. І не саромся недасканалай гаворкі. Мова - жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на "трасянцы", а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове.

Давайце разам крочыць у ХХІ стагоддзе з беларускай мовай!