contrast version

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

29.05.2009 № 675

 

КАНЦЭПЦЫЯ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА “БЕЛАРУСКАЯ МОВА”

 

1. Уводзіны

На новым этапе развіцця агульнаадукацыйнай школы беларуская мова павінна стаць не толькі прадметам вывучэння, але і дзейсным сродкам фарміравання асобы, здольнай успрымаць на роднай мове змест прачытанага і пачутага, ствараць вусныя і пісьмовыя выказванні ў залежнасці ад мэты і задач камунікацыі.

“Канцэпцыя моўнай адукацыі ў школах Беларусі”, якая заснавана на асобаснацэнтрычным падыходзе да выкладання моў, акрэсліла асноўныя задачы і напрамкі развіцця моўнай адукацыі на аснове арганічнага спалучэння сістэмна-апісальнага і камунікатыўна-дзейнаснага падыходаў. У сувязі з пераходам да 11-гадовай агульнай сярэдняй адукацыі, што пэўным чынам паўплывала не толькі на структуру, але і на змест вучэбных курсаў, узнікла неабходнасць удакладнення мэтаў, зместу і сродкаў навучання беларускай мове ва ўмовах сучаснага адукацыйнага асяроддзя.

У прапанаванай канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская мова” сфармуляваны зыходныя метадалагічныя перадумовы і прынцыпы пабудовы гэтага курса, прыводзяцца дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі канструявання зместу адукацыі па беларускай мове, акрэсліваюцца мэты і задачы навучання беларускай мове; дадзена агульная характарыстыка і паказаны асаблівасці пабудовы зместу адукацыі па ступенях навучання ў адзінстве зместу вучэбнага прадмета і факультатыўных заняткаў, вызначаны састаў і структура вучэбна-метадычнага комплексу.

 

2. Зыходныя метадалагічныя перадумовы і прынцыпы пабудовы

школьнага курса беларускай мовы

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі беларуская мова вывучаецца як мова тытульнай нацыі, як мова, што мае статус дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь. Кардынальныя змены ў грамадскім жыцці і сферы адукацыі, важкія набыткі айчыннай лінгвістычнай і педагагічнай навукі даюць падставы фарміраваць у школьнікаў цэласнае ўяўленне пра мову як нацыянальна-культурны феномен, што дазволіць асэнсоўваць яе шматфункцыянальнасць, самабытнасць і ўнікальнасць.

Адукацыйна-выхаваўчае значэнне прадмета “Беларуская мова” акрэсліваецца разнастайнымі сацыяльнымі функцыямі мовы ў грамадстве. Мова выступае як асноўны сродак зносін і пазнання рэчаіснасці. Карыстаючыся мовай, асоба засвойвае формы чалавечых узаемаадносін, пазнае маральныя і культурныя каштоўнасці свайго народа. Забяспечваючы моўную адукацыю вучняў, неабходна ствараць умовы для іх інтэлектуальнага, эмацыянальнага і духоўнага развіцця, рыхтаваць да прафесійнай дзейнасці і актыўнага грамадскага жыцця, а таксама садзейнічаць таму, каб агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці культуры сталі набыткам асобы.

Апошнім часам павысілася цікавасць да сацыяльна-педагагічных функцый мовы і маўлення ў сістэме навучання, выхавання і развіцця асобы, да асэнсавання значэння і ролі маўлення як сродку выражэння свядомасці чалавека, спосабу пазнання, уздзеяння і ўзаемадзеяння, паказчыка культуры і разумовых здольнасцей суб’ектаў. Мова з’яўляецца найважнейшым сродкам фарміравання культуры асобы, яе светапогляду і інтэлекту. Дзякуючы мове, пры належным валоданні ёю як інфарматыўным, інтэрактыўным і перцэптыўным сродкам адбываецца працэс духоўнага станаўлення чалавека, захаванне і перадача ім сацыяльна-культурнага вопыту, што забяспечвае ўключэнне яго ў рэальнае жыццё і працу ў грамадстве. Роднае слова дапамагае вучню вызначыцца з ідэаламі, поглядамі, пазіцыямі, засвоіць нормы паводзін у кантэксце нацыянальнай культуры. У прыродзе роднага слова закладзена перспектыва быць аперацыйным сродкам пазнання, інтэлектуальнага развіцця асобы, наладжвання дыялога паміж пакаленнямі, засваення і захавання людзьмі свайго і чужога вопыту.

Курс беларускай мовы ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь прадугледжвае такую моўную і маўленчую падрыхтоўку вучняў, якая дазволіць карыстацца словам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці – пазнавальнай, навучальнай, нацыянальна-культурнай, бытавой і інш. Інакш кажучы, задача моўнай адукацыі заключаецца ў тым, каб беларуская мова трансфармавалася з прадмета выкладання ў механізм фарміравання асобы, яе менталітэту, разумення свету і ўзаемаадносін людзей у свеце. Ставіцца задача сфарміраваць у вучняў такія адносіны да беларускай мовы, такія ўменні і навыкі, якія неабходны ўсім людзям у іх штодзённым жыцці. Валоданне мовай дасць магчымасць самастойна папаўняць веды: мэтанакіравана чытаць тэксты, успрымаць змест прачытанага і пачутага, абменьвацца інфармацыяй, ствараць вусныя і пісьмовыя паведамленні.

А гэта азначае, што курс беларускай мовы мае на ўвазе вырашэнне стратэгічнай мэты – падрыхтоўку сродкамі гэтага прадмета высокаадукаванай, высокакультурнай моўнай асобы.

Пры распрацоўцы курса беларускай мовы неабходна кіравацца двума асноўнымі прынцыпамі: аперацыйным і матывацыйным.

Аперацыйны прынцып мае на ўвазе, што ў ходзе навучання роднай мове да яе неабходна адносіцца як да “прадмета прадметаў”, сродку авалодвання новымі ведамі па іншых вучэбных дысцыплінах.

Матывацыйны прынцып азначае, што пры падрыхтоўцы кожнага ўрока варта накіроўваць навучальную дзейнасць на дасягненне канкрэтных мэт, якія можна сфармуляваць наступным чынам.

1. Навучыць школьнікаў валодаць беларускай мовай: змястоўна, лагічна, паслядоўна, захоўваючы граматычныя і этычныя нормы, выражаць свае і перадаваць чужыя думкі ў вуснай і пісьмовай форме. Для гэтага неабходны трывалыя веды ў галіне фанетыкі, лексікі, фразеалогіі, словаўтварэння, граматыкі і стылістыкі, уменне карыстацца імі ў маўленчай практыцы.

2. Сфарміраваць у вучняў трывалыя навыкі літаратурнага вымаўлення і правапісу.

3. Забяспечыць развіццё лагічнага мыслення, выпрацаваць спосабы навучальнай дзейнасці, неабходныя для асэнсавання законаў роднай мовы, выяўлення значэння, формы выражэння і функцый моўных адзінак.

4. Прывіць любоў да роднай мовы і жаданне карыстацца ёю як інфарматыўным, інтэрактыўным і перцэптыўным сродкам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: пазнавальнай, навучальнай, вытворчай, нацыянальна-культурнай, побытавай.

5. Пазнаёміць школьнікаў з гісторыяй развіцця беларускай мовы, яе месцам у сям’і славянскіх моў, роляй у жыцці чалавека і грамадства.

6. Садзейнічаць фарміраванню культурнай моўнай асобы – нацыянальна свядомай, адукаванай, інтэлектуальна і эстэтычна развітой, а таксама камунікатыўнай, выхаванай, што будзе праяўляцца ў маўленчых учынках, паводзінах, эмацыянальным рэагаванні на падзеі і факты жыцця грамадства.

Менавіта на вырашэнне гэтых задач і скіраваны курс беларускай мовы ў агульнаадукацыйных установах як з беларускай, так і з рускай мовамі навучання.

 

3. Дыдактычныя асновы, прынцыпы навучання

і крытэрыі канструявання зместу адукацыі

 

Навучанне беларускай мове ў агульнаадукацыйных установах абумоўлена практычнай накіраванасцю і зарыентавана на рэалізацыю сістэмна-функцыянальнага, камунікатыўна-дзейнаснага і лінгвакультуралагічнага падыходаў пры выкладанні ўсіх тэм і раздзелаў.

Сістэмна-функцыянальны падыход забяспечвае засваенне вучнямі моўных сродкаў, адбор і арганізацыю моўнага матэрыялу для авалодвання моўнай кампетэнцыяй.

Вядома, што задачы навучання мове нельга зводзіць да апісання сістэмных адзінак і з’яў розных моўных узроўняў. Неабходна так наладжваць навучальны працэс, каб вучні асэнсоўвалі кожную моўную адзінку, арыентуючыся на асаблівасці яе ўжывання ў маўленні. Менавіта пры такім падыходзе можна забяспечыць асэнсаванне цеснай узаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці ўсіх аспектаў і ўзроўняў моўнай сістэмы: лексікі, фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу і стылістыкі. Такі падыход ставіць свае патрабаванні да методыкі падачы вучэбнага матэрыялу ў практыку навучання беларускай мове. У прыватнасці, ён накіроўвае на тое, каб вучні:

– на ўроках мовы не абмяжоўваліся аналізам моўных фактаў і з’яў, а шмат увагі аддавалі сінтэзу – складанню сказаў рознай будовы і функцыянальнага прызначэння, стварэнню звязных выказванняў;

– пры вывучэнні марфалогіі вызначалі, якую сэнсава-стылістычную і тэкстаўтваральную ролю выконвае тая ці іншая часціна мовы; вучыліся адрозніваць часціны мовы і іх формы на аснове склонавых і сінтаксічных пытанняў;

– сістэматычна і паслядоўна выпрацоўвалі арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі.

Камунікатыўна-дзейнасны падыход дае магчымасць рэальна забяспечыць дзейнасць вучняў у розных маўленчых сітуацыях, што садзейнічае фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі.

У сувязі з гэтым на першы план у моўнай падрыхтоўцы вучняў выходзіць удасканальванне іх маўленчай практыкі, якая наладжваецца ў форме суразмоўніцтва, пісьма, чытання, публічных выступленняў, пераказу і абмеркавання радыё- і тэлеперадач, вучэбных лекцый, дакладаў, паведамленняў. Такім чынам, у агульнаадукацыйных установах да маўлення трэба падыходзіць як да адной з формаў пазнавальнай дзейнасці чалавека, спосабу яго грамадскай актыўнасці, сродку сацыялізацыі.

Лінгвакультуралагічны падыход звязаны з усведамленнем мовы як формы выражэння нацыянальнай культуры, узаемасувязі мовы і культуры, нацыянальна-культурнай спецыфікі беларускай мовы і з’яўляецца асновай фарміравання ў вучняў лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі.

Мова з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай культуры, таму навучанне беларускай мове павінна быць непарыўна звязана з засваеннем культуры беларускага народа. У сувязі з гэтым у курс беларускай мовы паслядоўна ўводзіцца нацыянальна-культурны кампанент, які дазваляе засвоіць маральна-этычны, эстэтычны і гістарычны вопыт народа. Разам з тым мова з’яўляецца феноменам культуры, у якім знайшлі адбітак усе яе праяўленні, таму істотнай становіцца задача авалодання беларускай мовай як сродкам спасціжэння нацыянальнай і сусветнай культур. Гэта патрабуе спецыяльнай увагі да вывучэння як нацыянальна маркіраваных моўных адзінак, так і звароту да тэкстаў, што перадаюць гісторыю, традыцыі, звычаі і дасягненні беларускага народа, а таксама спрыяюць пазнанню беларускай культуры ў дыялогу і ва ўзаемадзеянні з культурамі іншых народаў. Асэнсоўваючы беларускую мову як сродак засваення культурных каштоўнасцей, вучні спасцігаюць яе лексічнае, фразеалагічнае, граматычнае, стылістычнае багацце і разнастайнасць, вучацца карыстацца выяўленча-вобразнымі сродкамі мовы.

Яшчэ адзін з падыходаў, значнасць якога актуалізавалася ў сувязі з пераходам да 11-гадовай агульнай сярэдняй адукацыі, звязаны з уплывам на педагагічны працэс сучаснага адукацыйнага асяроддзя, стварэнне яго будзе садзейнічаць узмацненню ролі навучальных устаноў у развіцці культуры асобы вучня. Улік магчымасцей адукацыйнага асяроддзя, якое само па сабе валодае высокім развіццёвым патэнцыялам, дазволіць ажыццявіць аптымальны адбор зместу адукацыі, а таксама вызначыць найбольш эфектыўныя метады і адпаведныя сучаснаму ўзроўню тэхнічнага развіцця сродкі навучання беларускай мове.

Дыдактыка-метадычнымі прынцыпамі ў сістэме навучання беларускай мове выступаюць наступныя:

прынцып адзінства і ўзаемасувязі мовы, маўлення і мыслення, які заснаваны на дыялектычным адзінстве і ўзаемасувязі мовы, маўлення і мыслення і прадугледжвае выкарыстанне такіх метадаў і прыёмаў, што садзейнічалі б развіццю мысліцельнай дзейнасці і пазнавальных здольнасцей вучняў, актывізавалі не толькі аналітыка-сінтэтычную моўную і практычную маўленчую дзейнасць школьнікаў, але і дзейнасць сацыяльную, рэфлексіўную ў адносінах да людзей, самога сябе, сваіх жаданняў, поглядаў і паводзін;

прынцып узаемасувязі развіцця вуснага і пісьмовага маўлення заснаваны на тым, што вуснае і пісьмовае маўленне – гэта дзве формы працэсу камунікацыі паміж людзьмі з дапамогай мовы, якія існуюць у адзінстве і пры фарміраванні навыкаў і ўменняў камунікацыі падтрымліваюць адна адну;

прынцып актыўнай камунікацыі, які звязаны з прызначэннем мовы быць сродкам зносін. З паваротам методыкі да асобы вучня, да асобы, якая чытае, успрымае, слухае і піша, асноўнай мэтай навучання стала навучанне маўленчай дзейнасці сродкамі мовы, што немагчыма без уключэння асобы ў гэты працэс;

прынцып апоры на тэкст у яго жанрава-стылявой разнастайнасці прадугледжвае стварэнне ўласных выказванняў на аснове звестак пра тэкст, яго будову, тэму і асноўную думку, спосабы і сродкі сувязі сказаў у тэксце, г. зн. на правілы стварэння тэкстаў;

функцыянальна-маўленчы прынцып заснаваны на функцыянальных уласцівасцях моўных сродкаў і прадугледжвае іх выкарыстанне ў залежнасці ад тыпу, стылю і жанру выказвання;

прынцып арыентацыі на ўнутрыпрадметныя сувязі, што забяспечвае асэнсаванне моўнай сістэмы (фанетыкі, лексікі, марфемікі і граматыкі, арфаграфіі, пунктуацыі і стылістыкі) як адзінага цэлага, у межах якога гэтыя раздзелы ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены, суладна функцыянуюць у вусных і пісьмовых выказваннях розных тыпаў, стыляў і жанраў, а таксама міжпрадметныя сувязі (сувязь мовы і культуры праз увядзенне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі; сувязь мовы з этыкай, эстэтыкай, логікай праз увядзенне курса “Рыторыка”; сувязь паміж мовай і літаратурай, спосабам рэалізацыі якой з’яўляюцца мастацкія тэксты і г. д.), ажыццяўленне якіх адкрывае дадатковыя магчымасці засвоіць большы па аб’ёме матэрыял, больш глыбока раскрыць яго, удакладніць раней засвоенае, актуалізаваць раней набытыя веды, што стануць той асновай, на якую будуць накладвацца новыя;

прынцып пераемнасці і развіцця ў межах асобных тэм і ступеняў навучання.

Змест адукацыі ў разгледжанай сферы прадугледжвае вывучэнне ўсіх раздзелаў беларускай мовы як навукі і падпарадкаваны фарміраванню моўнай асобы сродкамі гэтага прадмета.

Лінгвістычны матэрыял размяркоўваецца па класах на аснове лінейнага прынцыпу, бо логіка мовазнаўства – самы надзейны крытэрый паслядоўнасці разгляду тэм і выдзялення асобных раздзелаў курса. Падрыхтоўчы курс па сінтаксісе і пунктуацыі, які традыцыйна вывучаецца перад сістэматычным, дазваляе на практыцы забяспечыць рэалізацыю такіх метадычных прынцыпаў, як мэтанакіраванае апераджэнне, пераемнасць і перспектыўнасць.

Пры камунікатыўна накіраваным навучанні адукацыйная практыка патрабуе апісання мовы з арыентацыяй на тэкст, яго семантычны, лагічны і структурна-моўны ўзроўні. Веды аб сістэме мовы выпрацоўваюцца на матэрыяле тэксту ў форме паняццяў і спосабаў дзейнасці. Асэнсаванне тэксту, яго жанрава-стылістычных асаблівасцей і пісьмо (арфаграфія і пунктуацыя як самыя складаныя пытанні ў змесце курса мовы) забяспечваюцца пры вывучэнні ўсіх раздзелаў і тэм, на ўсіх ступенях навучання.

4. Мэты і задачы навучання беларускай мове

 

Асноўная мэта навучання беларускай мове ў агульнаадукацыйных установах – сфарміраваць у вучняў сістэму ведаў пра мову і маўленне; навучыць карыстацца беларускай мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (чытанне, слуханне, гаварэнне, пісьмо); развіваць інтэлектуальную, камунікатыўную, духоўна-маральную, грамадзянскую культуру вучняў. У адпаведнасці з гэтым працэс развіцця моўнай і маўленчай асобы на ўроках беларускай мовы павінен быць узаемазвязаным і садзейнічаць рэалізацыі наступных напрамкаў: моўнага (засваенне сістэмы мовы, заканамернасцей і правіл функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, нормаў беларускай літаратурнай мовы), маўленчага (валоданне спосабамі перадачы думкі сродкамі мовы ў вуснай і пісьмовай формах, у розных відах маўленчай дзейнасці: чытанне, слуханне, гаварэнне, пісьмо), камунікатыўнага (валоданне культурай маўлення, правіламі маўленчых зносін, уменне ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў), лінгвакультуралагічнага (усведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні; валоданне мовай як сістэмай захавання і перадачы каштоўнасцей культуры, здольнасць карыстацца культуразнаўчымі звесткамі ў працэсе маўленчых зносін), развіццёвага (развіццё сродкамі мовы інтэлектуальнай, камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў).

З улікам сучасных патрабаванняў да моўнай і маўленчай падрыхтоўкі вучняў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі ставяцца наступныя задачы:

– засваенне сістэмы мовы (фанетыкі, лексікі, фразеалогіі, складу слова і словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу), заканамернасцей і правілаў функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, нормаў беларускай літаратурнай мовы, авалоданне спосабамі дзейнасці, неабходнымі для асэнсавання законаў і фактаў мовы (моўная кампетэнцыя);

– фарміраванне камунікатыўных уменняў на аснове авалодання маўленчай тэорыяй (тэкст, тыпы, стылі і жанры маўлення) і культурай маўлення, уменняў ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў (камунікатыўная кампетэнцыя);

– усведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні, выпрацоўка ўменняў карыстацца культуразнаўчымі звесткамі з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі (лінгвакультуралагічная кампетэнцыя);

– развіццё сродкамі мовы інтэлектуальнай, камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў.

Навучанне беларускай мове на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі накіравана на фарміраванне асобы вучня як свядомага носьбіта мовы, развіццё яго інтэлектуальных і творчых здольнасцей. Вучань асэнсоўвае мову як уласную, нацыянальную і агульначалавечую каштоўнасць і мае такі ўзровень падрыхтоўкі, які забяспечвае паўнацэннае выкарыстанне мовы ва ўсіх сферах яе функцыянавання.

Задачы навучання мове ў X – XI класах наступныя:

– сістэматызацыя і паглыбленне ведаў пра мову і маўленне, заканамернасці і правілы функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, нормы беларускай літаратурнай мовы; авалоданне спосабамі дзейнасці, неабходнымі для асэнсавання законаў і фактаў мовы (моўная і лінгвістычная кампетэнцыі);

– развіццё звязнага маўлення: здольнасць ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў (камунікатыўная кампетэнцыя);

– валоданне мовай як сістэмай захавання і перадачы каштоўнасцей культуры, як сродкам спасціжэння айчыннай і сусветнай культуры; здольнасць карыстацца культуразнаўчымі звесткамі ў працэсе маўленчых зносін (лінгвакультуралагічная кампетэнцыя);

– развіццё сродкамі мовы інтэлектуальнай, камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў.

 

5. Агульная характарыстыка і асаблівасці пабудовы зместу

адукацыі па беларускай мове па ступенях навучання

 

Курс беларускай мовы ў агульнаадукацыйных установах з’яўляецца па сваёй будове своеасаблівым сінтэзам трох узаемазвязаных канцэнтраў, якія па змесце і мэтах навучання дапаўняюць адзін аднаго і адпавядаюць тром ступеням адукацыі: I ступень агульнай сярэдняй адукацыі (I–IV класы), II ступень агульнай сярэдняй адукацыі (V–IX класы), III ступень агульнай сярэдняй адукацыі (Х–ХI класы). Кожны з названых канцэнтраў мае сваю логіку апісання моўнага і маўленчага зместу, структуру яго размяшчэння ў праграме, арыентацыю на канкрэтныя мэты, патрабуе спецыфічных, адпаведных зместу, мэтам і задачам навучання, метадаў і прыёмаў работы.

Адбор моўнага і маўленчага тэарэтычнага і практычнага зместу, яго структураванне і размяшчэнне ў праграмах выкананы ў межах таго ці іншага канцэнтра з уласцівай кожнай ступені навучання мадыфікацыяй па лінейным прынцыпе. Гэта забяспечвае засваенне адзінак мовы ў іх узаемасувязі і строгай лагічнай паслядоўнасці як цэласнай навукова ўладкаванай сістэмы, дазваляе асэнсоўваць семантычныя, фармальныя і функцыянальныя прыметы кожнага яе элемента.

На ўзроўні агульнай пачатковай адукацыі галоўнымі задачамі навучання беларускай мове з’яўляюцца: авалоданне мовай як сродкам зносін у працэсе фарміравання навыкаў маўленчай дзейнасці на аснове асэнсавання элементарных лінгвістычных ведаў; інтэлектуальнае развіццё вучняў сродкамі вучэбнага прадмета; выхаванне нацыянальнай свядомасці.

Змест курса беларускай мовы на II ступені навучання (V–IX класы) складаецца з дзвюх частак: падрыхтоўчай і асноўнай (сістэматычнай). Падрыхтоўчы курс у V класе ўключае два раздзелы: “Паўтарэнне вывучанага ў І–ІV класах” і “Сінтаксіс і пунктуацыя”.

Першы курс скіраваны на вырашэнне наступных задач:

• узнавіць і актуалізаваць веды, аналітыка-сінтэтычныя моўныя і маўленчыя ўменні і навыкі, у тым ліку правапісныя;

• сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў, атрыманыя ў пачатковых класах, удасканальваць уменні і навыкі, неабходныя для таго, каб устанаўліваць прычынна-выніковыя адносіны паміж моўнымі з’явамі, карыстацца атрыманымі ведамі для самакантролю і самаадукацыі; ацэньваць уласную вучэбную дзейнасць;

• у межах магчымага выявіць і ліквідаваць недахопы ў ведах, уменнях і навыках школьнікаў;

• развіваць пазнавальную цікавасць да прадмета і жаданне вывучаць мову.

Мэта падрыхтоўчага курса сінтаксісу і пунктуацыі ў V класе – дапамагчы школьнікам авалодаць сістэмай паняццяў і тэрмінаў, выпрацоўваць уменне знаходзіць у тэксце вывучаныя віды словазлучэнняў і сказаў, выконваць іх частковы сінтаксічны разбор, самастойна складаць словазлучэнні і сказы, уключаць іх у вусныя і пісьмовыя выказванні, ставіць неабходныя знакі прыпынку.

Правільна арганізаванае вывучэнне падрыхтоўчага курса дазволіць стварыць трывалую метадычную аснову для паспяховага навучання, развіцця і выхавання дзяцей у ходзе вывучэння сістэматычнага курса беларускай мовы ў V–IX класах.

Сістэматычны школьны курс беларускай мовы ўключае наступныя раздзелы: “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія”, “Лексіка. Фразеалогія”, “Словаўтварэнне і арфаграфія”, “Марфалогія і арфаграфія”, “Сінтаксіс і пунктуацыя”, што маюць на мэце фарміраванне ў вучняў навуковага ўяўлення аб механізме мовы, яго элементах і ўзроўнях як аснове, на якой развіваецца лінгвістычнае мысленне школьнікаў, адбываецца станаўленне і развіццё іх моўных і маўленчых уменняў і навыкаў.

Развіццё маўлення як састаўная частка моўнай адукацыі асобным раздзелам не выдзяляецца. Вучэбны працэс патрэбна наладжваць так, каб настаўнік вучыў сваіх выхаванцаў звязнаму маўленню і практычнай маўленчай дзейнасці, пад якой разумеецца ўменне чытаць тэксты, успрымаць змест пачутага і прачытанага, ствараць і афармляць выказванні ў вуснай і пісьмовай форме на кожным уроку, пры вывучэнні ўсіх раздзелаў і тэм курса беларускай мовы. Пры гэтым пад увагу прымаецца тая акалічнасць, што фанетыка, лексіка, марфеміка і граматыка, арфаграфія, пунктуацыя і стылістыка разам ствараюць адзінае цэлае, у межах якога гэтыя раздзелы ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены.

Змест адукацыі, які забяспечвае фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі, складаюць веды, што знаходзяцца на стыку лінгвістыкі і культуралогіі і перадаюць узаемаадносіны роднай мовы з нацыянальнай і сусветнай культурай, а таксама звязаная з імі маўленчая камунікацыя. У школьны курс беларускай мовы ўключаюцца культурна афарбаваныя моўныя сродкі з “закадзіраваным” нацыянальным светабачаннем і светаўспрыманнем: нацыянальна маркіраваныя словы і намінатыўныя словазлучэнні (назвы рэалій беларускага побыту, у якіх зафіксавана багацце і самабытнасць традыцыйнай беларускай культуры; безэквівалентная лексіка; характарыстычныя словы; сталыя эпітэты; тапонімы; параўнанні; фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі; словы-сімвалы нацыянальнай культуры), запазычаныя лексічныя адзінкі як знакі іншых культур, формулы беларускага маўленчага этыкету, тэксты з нацыянальна-культурным кампанентам.

Спецыяльныя тэмы, што пачынаюць моўны курс у кожным класе (так званыя ўступныя тэмы: “Мова – найважнейшы сродак зносін”, “Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа”, “Валоданне літаратурнай мовай – асноўны паказчык культуры чалавека”, “Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры” і інш.), даюць магчымасць фарміраваць у школьнікаў лінгвістычны светапогляд.

У сістэме навучання беларускай мове на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, калі засвоены сістэматычны курс мовы (Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія. Лексіка і фразеалогія. Склад слова і словаўтварэнне. Марфалогія. Сінтаксіс і пунктуацыя), адкрываецца перспектыва для фарміравання ў вучняў асобасных якасцей сродкамі прадмета “Беларуская мова”: маўленчых паводзін і этыкету, умення наладжваць кантакт, мысліць з улікам этычных катэгорый і г. д., а таксама ўдасканалення навыкаў ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці. У такіх умовах асаблівае значэнне набывае фарміраванне навыкаў свабоднай маўленчай дзейнасці, культуры вуснага і пісьмовага маўлення. Рэалізацыя гэтай задачы адбываецца праз шырокае выкарыстанне актыўных метадаў навучання (лекцыі, лекцыі-гутаркі, практыкумы, сюжэтна-тэматычныя ўрокі, прымяненне лінгвістычнага эксперымента); самастойную работу вучняў па аналізе тэкстаў; падрыхтоўку рэфератаў, паведамленняў, дакладаў; працу з даведачнай літаратурай; выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій.

На працягу ўсяго навучання беларускай мове (V–XI класы) у агульнаадукацыйных установах прадугледжваюцца факультатыўныя заняткі, накіраваныя перш за ўсё на адпрацоўку спосабаў дзейнасці, неабходных для асэнсавання законаў і фактаў мовы; фарміраванне вопыту творчай дзейнасці, а таксама на развіццё пазнавальнай дзейнасці вучняў, іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей, фарміраванне навыкаў самастойнай вучэбнай дзейнасці.

Акрамя скразных факультатыўных заняткаў, матэрыял якіх звязаны з тымі раздзеламі і тэмамі, што вывучаюцца ў пэўным класе, прапануюцца факультатыўныя заняткі маўленча-камунікатыўнага, развіццёвага (агульнакультурнага) і ўводнага напрамкаў [“Пішам сачыненні”, “Стылістыка тэксту”, “Комплексны аналіз тэксту”, “Майстэрства пераказу”, “Майстэрства перакладу”, “Мой родны кут… (краязнаўства)”, “Беларуская тапаніміка”, “Беларуская антрапаніміка”, “Мова і культура”, “Асновы журналістыкі” і інш.].

 

6. Састаў і структура вучэбна-метадычнага комплексу

 

Вучэбна-метадычны комплекс (ВМК) па беларускай мове – сістэма сродкаў нарматыўнага, вучэбнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння, неабходная для найболын эфектыўнай рэалізацыі адукацыйных, развіццёвых і выхаваўчых задач у адпаведнасці з адукацыйным стандартам.

Паводле прызначэння вучэбна-метадычны комплекс па беларускай мове ўключае ў сябе вучэбныя выданні для вучняў і нарматыўныя, вучэбна-метадычныя – для настаўніка.

Паводле функцый вучэбна-метадычны комплекс складаецца з асноўнага і дадатковага кампанентаў.

Функцыя асноўнага кампанента – забяспечыць засваенне абавязковага мінімуму зместу навучання беларускай мове ў адпаведнасці з адукацыйным стандартам. Структура асноўнага кампанента ВМК: вучэбная праграма, падручнік, вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўніка.

Функцыя дадатковага кампанента – дапаможная: забяспечыць дыферэнцыяцыю навучання, актывізацыю вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, развіццё творчых здольнасцей вучняў і эфектыўную навучальную дзейнасць педагога. Структура дадатковага кампанента ВМК: зборнікі практыкаванняў, рознаўзроўневых заданняў (у тым ліку заданняў па развіцці маўлення), матэрыялаў для навучальных і кантрольных работ, тэставых заданняў, рабочыя сшыткі, слоўнікі, каляндарна-тэматычнае планаванне, сродкі нагляднасці і г.д.

У сучасным адукацыйным асяроддзі выкарыстоўваюцца электронныя вучэбныя выданні па беларускай мове, якія ў сваю чаргу складаюць самастойны вучэбна-метадычны комплекс. У склад яго могуць уваходзіць наступныя тыпы электронных сродкаў навучання па беларускай мове: электронны падручнік, электронныя трэнажоры, электронныя тэстава-дыягнастычныя сістэмы, электронныя слоўнікі (энцыклапедыі), электронныя метадычныя дапаможнікі і інш.

У адукацыйнай практыцы могуць выкарыстоўвацца як традыцыйныя, так і электронныя сродкі навучання, якія павінны быць скіраваны на дасягненне мэт і задач моўнай адукацыі, сфармуляваных у адукацыйным стандарце і вучэбнай праграме па беларускай мове.

Для арганізацыі факультатыўных заняткаў па беларускай мове (V—XI класы) неабходна адпаведнае забеспячэнне: вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для вучняў і метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў.

Для паспяховага вырашэння пастаўленых задач трэба ўдасканальваць падрыхтоўку і перападрыхтоўку кадраў сістэмы адукацыі, у тым ліку для ліцэяў, гімназій, прафесійных навучальных устаноў, а таксама павышаць узровень тэарэтычных даследаванняў па беларускай мове і методыцы яе выкладання на розных ступенях навучання.