contrast version

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

29.05.2009 № 32

 

 

АДУКАЦЫЙНЫ СТАНДАРТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА“БЕЛАРУСКАЯ МОВА” (І–ХІ КЛАСЫ)

 

1. МЭТА ВЫВУЧЭННЯ ПРАДМЕТА

 

Мэта вучэбнага прадмета “Беларуская мова” ў І–IV класах – авалоданне вучнямі функцыянальнымі сродкамі беларускай мовы для эфектыўнага іх выкарыстання ў розных сітуацыях маўленчых зносін.

 

Мэтай вывучэння вучэбнага прадмета “Беларуская мова” ў V–ХІ класах з’яўляецца сфарміраваць у вучняў сістэму ведаў пра мову і маўленне, навучыць карыстацца беларускай мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (чытанне, слуханне, гаварэнне, пісьмо); развіваць інтэлектуальную, камунікатыўную, духоўна-маральную, грамадзянскую культуру вучняў.

 

2. ЗАДАЧЫ ВЫВУЧЭННЯ ПРАДМЕТА

 

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

(агульнаадукацыйныя ўстановы з беларускай мовай навучання)

 

Задачы навучання грамаце:

– развіццё фанематычнага слыху (уменне распазнаваць і выдзяляць асобныя гукі ў слове і складзе, вызначаць іх паслядоўнасць);

– фарміраванне правільнага вымаўлення гукаў роднай мовы, засваенне літар беларускага алфавіта і развіццё ўмення суадносіць іх з адпаведнымі гукамі;

– навучанне першапачатковаму чытанню і пісьму;

– развіццё цікавасці да чытання як сродку пазнання, фарміраванне чытацкага кругагляду;

– развіццё звязнага вуснага маўлення;

– фарміраванне ўменняў вучэбнай дзейнасці.

 

Задачы навучання беларускай мове:

– фарміраванне пазнавальнай актыўнасці вучняў, іх маральных, этычных і эстэтычных якасцей у працэсе вывучэння роднай мовы;

– асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці;

– фарміраванне пачуццёва-вобразнага ўспрымання беларускай мовы і ўмення адрозніваць яе ад рускай мовы;

– асэнсаванне тэксту, сказа, слова і гука як моўных адзінак;

– засваенне фанетычных, лексічных і граматычных ведаў;

– фарміраванне камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў;

– развіццё практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;

– узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў, засваенне вымаўленчых нормаў, правілаў правапісу;

– фарміраванне асэнсаванага ўспрымання вучнямі беларускай літаратурнай мовы як сродку замацавання культурных традыцый, маральных каштоўнасцей грамадства;

– фарміраванне ў вучняў пачуцця прыгажосці, мілагучнасці, выразнасці, эстэтычнай вартасці беларускай мовы;

– засваенне вучнямі правілаў маўленчага этыкету;

– развіццё творчых здольнасцей вучняў пры стварэнні ўласных вусных і пісьмовых выказванняў;

– авалоданне каліграфічнымі навыкамі;

 

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

(агульнаадукацыйныя ўстановы з рускай мовай навучання)

 

– авалоданне мовай як сродкам зносін у працэсе комплекснага фарміравання навыкаў маўленчай дзейнасці (слухання, чытання, гаварэння і пісьма) на аснове засваення моўных ведаў;

– маральна-эстэтычнае, лінгвакультуралагічнае развіццё асобы вучня праз далучэнне да нацыянальна-культурнай спадчыны;

– інтэлектуальнае і сацыяльна-асобаснае развіццё (развіццё індывідуальнасці, самастойнасці, актыўнасці, крытычнасці, творчасці і інш.) дзіцяці сродкамі вучэбнага прадмета;

 

на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

– засваенне сістэмы мовы (фанетыкі, лексікі, фразеалогіі, складу слова і словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу), заканамернасцей і правіл функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, нормаў беларускай літаратурнай мовы, авалоданне спосабамі дзейнасці, неабходнымі для асэнсавання законаў і фактаў мовы (моўная кампетэнцыя);

– фарміраванне камунікатыўных уменняў на аснове авалодання маўленчай тэорыяй (тэкст, тыпы, стылі і жанры маўлення) і культурай маўлення, уменняў ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў (камунікатыўная кампетэнцыя);

– усведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні, выпрацоўка ўменняў карыстацца культуразнаўчымі звесткамі з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі (лінгвакультуралагічная кампетэнцыя);

– развіццё сродкамі мовы інтэлектуальнай, камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў;

 

на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

– сістэматызацыя і паглыбленне ведаў пра мову і маўленне, заканамернасці і правілы функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, нормы беларускай літаратурнай мовы; авалоданне спосабамі дзейнасці, неабходнымі для асэнсавання законаў і фактаў мовы (моўная кампетэнцыя);

– развіццё звязнага маўлення: здольнасць ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў (камунікатыўная кампетэнцыя);

– валоданне мовай як сістэмай захавання і перадачы каштоўнасцей культуры, як сродкам спасціжэння айчыннай і сусветнай культуры; здольнасць карыстацца культуразнаўчымі звесткамі ў працэсе маўленчых зносін (лінгвакультуралагічная кампетэнцыя);

– развіццё сродкамі мовы інтэлектуальнай, камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў.

 

3. ЗМЕСТ АДУКАЦЫІ ПА ВУЧЭБНЫМ ПРАДМЕЦЕ

“БЕЛАРУСКАЯ МОВА”

 

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

(агульнаадукацыйныя ўстановы з беларускай мовай навучання)

 

Навучанне грамаце

Маўленне вуснае і пісьмовае (агульнае ўяўленне).

Сказ. Падзел маўлення на сказы, сказа – на словы. Складанне сказаў з двух, трох слоў, у тым ліку па малюнку і схеме.

Слова як моўная адзінка. Намінатыўная функцыя слова.

Гук. Галосныя і зычныя гукі. Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Звонкія і глухія зычныя гукі. Роля гука ў адрозніванні слоў.

Склад як частка слова.

Націск. Націскны склад. Роля націску ў адрозніванні слоў.

Выкарыстанне схем для абазначэння слоў у сказе, для паскладовага і гукавога аналізу слоў.

Прапедэўтычная работа па граматыцы, арфаграфіі, словаўтварэнні.

Гукавы аналіз слова

Высвятленне паслядоўнасці гукаў у слове (з дапамогай прагаворвання слова з пачарговым інтанацыйным вымаўленнем кожнага гука).

Вылучэнне ў слове асобных гукаў (галосных і зычных).

Правільная артыкуляцыя гукаў.

Падбор слоў на зададзены гук.

Складаўтваральная роля галосных гукаў.

Падзел слова на склады і складанне слоў з двух і больш складоў.

Вылучэнне націскнога склада ў слове.

Агульная характарыстыка гукаў – галосны ці зычны, галосны націскны ці ненацicкны, зычны цвёрды ці мяккі, зычны звонкі ці глухі.

Гукавы і складагукавы аналізы слоў.

Літары беларускага алфавіта

Літара як умоўны знак абазначэння гука на пісьме.

Літары беларускага алфавіта. Зычная літара як знак абазначэння цвёрдага і мяккага зычнага гука. Галосныя літары Аа, Яя, Уу, Юю, Оо, Ёё, Ээ, Ее, Іі ў словах як склады; гэтыя ж літары, а таксама ы як знакі для абазначэння цвёрдасці ці мяккасці папярэдняга зычнага ў слове.

Гукалітарны аналіз слова (вызначэнне гукавога складу слова, суаднясенне гукаў і літар у слове).

Навучанне чытанню

Навучанне чытанню прамых складоў (“зычны + галосны”). Чытанне складоў рознай структуры.

Цэласнае чытанне трох- і чатырохлітарных слоў.

Пераход ад плаўнага паскладовага да цэласнага чытання слоў з апорай на націскны склад.

Свядомае, правільнае і плаўнае чытанне слоў, кароткіх сказаў і невялікіх тэкстаў уголас (з паўзамі і інтанацыяй) і моўчкі (сам сабе). Уменне адрозніваць тэкст ад набору сказаў.

Практычнае знаёмства са знакамі прыпынку пры чытанні сказа (. ! ? ,). Захоўванне паўз у канцы і ў сярэдзіне сказа з апорай на знакі прыпынку.

Чытанне-разглядванне дзіцячых кніг. Чытанне невялікіх мастацкіх твораў (вершаў, песень, загадак, казак і апавяданняў) з дзіцячай ілюстраванай кнігі.

Эмацыянальнае ўспрыманне зместу тэксту, эмацыянальная ацэнка твора. Выказванне свайго стаўлення да прачытанага.

Чытацкі кругагляд: кніга, твор, аўтар кнігі (твора); пісьменнік, паэт, назва (загаловак) кнігі (твора); вокладка, старонка, малюнак, ілюстрацыя, мастак; апавяданне, народная казка, верш, загадка.

Развіццё цікавасці да дзіцячых кніг.

Правілы гігіены чытання.

Навучанне пісьму

Правільная пастава вучня. Нахіленае размяшчэнне сшытка на парце. Уменне трымаць ручку і аловак пры пісьме і маляванні.

Азнаямленне з радком (рабочым і дадатковым), верхняй і ніжняй лінейкамі. Рухі і кірункі пісьма. Элементы літар.

Абазначэнне на пісьме гука літарай. Вялікая і малая літары. Злучэнні літар (ніжняе, верхняе, сярэдняе). Пісьмо складоў і слоў з захаваннем патрэбных тыпаў злучэнняў літар.

Алгарытм спісвання слоў, сказаў. Правільнае спісванне (без пропускаў, перастановак і скажэнняў літар і складоў) невялікіх тэкстаў з дошкі і падручніка.

Алгарытм запісу слоў пад дыктоўку. Пісьмо пад дыктоўку слоў, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем.

Перанос слоў па складах.

Правілы афармлення сказа на пісьме: вялікая літара ў пачатку, кропка ў канцы сказа.

Правілы напісання вялікай літары ў імёнах людзей, мянушках жывёл, назвах гарадоў і вёсак.

Развіццё слоўніка

Правільнае суаднясенне слоў з рэальнымі з’явамі і прадметамі, іх прыметамі, дзеяннямі. Тлумачэнне значэнняў слоў. Правільнае ўжыванне абагульняльных слоў (відавых і родавых паняццяў). Тэматычная групоўка слоў.

Выкарыстанне розных слоў для назвы аднаго і таго ж аб’екта (заяц, зайка, зайчык і інш.). Назіранне за мнагазначнымі словамі. Назіранне за словамі, блізкімі і процілеглымі па значэнні.

Словы ветлівасці (прывітання, развітання, падзякі).

Граматычны лад маўлення

Выкарыстанне слоў у правільнай граматычнай форме.

Выкарыстанне ў размове сказаў розных тыпаў.

Гукавая культура маўлення

Увага да гукавога боку маўлення (свайго і чужога), развіццё слыхавой памяці і моўнага апарату.

Правільнае вымаўленне гукаў роднай мовы (асабліва спецыфічных для беларускай мовы: [ч], [г], [дж], [дз’]).

Адрозненне на слых і ў вымаўленні слоў з блізкімі па акустычных і артыкуляцыйных характарыстыках гукамі: [ж]–[ш], [ш]–[с], [ж]–[з], [с]–[з], [р]–[л] (вужы – вушы, рак – лак і да т. п.).

Правільнае моўнае дыханне. Інтанацыйная выразнасць маўлення.

Прытрымліванне інтанацыі сказа, паўз з апорай на знакі прыпынку.

Звязнае маўленне

Удзел у размове з настаўнікам і дзецьмі (адказы на пытанні, пастаноўка ўласных пытанняў, кароткія ініцыятыўныя паведамленні, рэплікі).

Адказы на пытанні настаўніка па прачытаных сказах і тэкстах.

Выказванне сваіх адносін да прачытанага.

Пераказ невялікай казкі ці апавядання без пропускаў і перастановак частак тэксту (па пытаннях настаўніка і самастойна). Дапаўненне сюжэта: самастойнае прыдумванне падзей, якія папярэднічалі б паказаным у творы або маглі б адбыцца пасля апісаных у творы.

Чытанне дыялогаў па ролях.

Інсцэніраванне невялікага знаёмага твора.

Складанне расказаў па малюнку ці серыі малюнкаў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Дапаўненне сюжэта: самастойнае прыдумванне падзей, якія папярэднічаюць паказаным на малюнку або наступным.

Адгадванне загадак, тлумачэнне сэнсу прымавак, блізкіх да жыццёвага вопыту дзяцей.

Выказванне сваіх уражанняў ад прагледжаных тэлеперадач, мультфільмаў, тэатральных прадстаўленняў, экскурсій.

Завучванне на памяць вершаў, пацешак, песень, лічылак і выразнае іх узнаўленне.

Культура маўленчых зносін. Этыка паводзін. Уважлівыя, добразычлівыя адносіны да адказаў і расказаў іншых дзяцей.

 

Беларуская мова

Агульныя звесткі пра беларускую мову

Беларуская мова – мова беларускага народа. Беларуская і руская мовы – роднасныя (блізкія паміж сабой).

Формы мовы: вусная і пісьмовая. Асаблівасці вуснай і пісьмовай мовы.

Родная мова як сродак зносін паміж людзьмі (агульнае паняцце). Ужыванне слоў і зваротаў ветлівасці.

Тэкст

Агульнае паняцце пра тэкст. Тэма тэксту. Прыметы тэксту: тэматычнае адзінства сказаў, сувязь сказаў у тэксце, закончанасць. Супастаўленне тэксту і асобных сказаў, якія не аб’яднаны агульнай тэмай. Сэнсавая сувязь сказаў у тэксце.

Сродкі сувязі сказаў у тэксце: парадак слоў у сказе, замяшчальныя словы (на практычным узроўні). Выкарыстанне сродкаў сувязі сказаў у тэксце.

Загаловак тэксту. Падбор загалоўка да тэксту.

Агульнае паняцце пра тыпы тэксту: апавяданне і апісанне.

Падзел тэксту на часткі: пачатак, асноўная частка, заключная частка. Сувязь паміж часткамі тэксту. План тэксту. Апорныя сказы ў тэксце. Складанне плана тэксту.

Асноўная думка тэксту. Выказванне асноўнай думкі ў тэксце сказам, загалоўкам.

Агульнае знаёмства з тэкстам-разважаннем. Складанне вусных тэкстаў-разважанняў.

Сказ

Сказ як адзінка мовы (агульнае паняцце). Асноўныя прыметы сказа. Сэнсавая і інтанацыйная закончанасць сказа. Вычляненне сказаў з тэксту. Вялікая літара ў пачатку сказа. Знакі прыпынку ў канцы сказаў: кропка, пытальнік, клічнік.

Сувязь слоў у сказе. Вызначэнне сувязі слоў у сказе па пытаннях.

Падзел сказаў паводле мэты выказвання: апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя. Інтанацыя сказаў. Клічныя сказы. Інтанацыя клічнага сказа.

Агульнае паняцце пра галоўныя члены сказа. Дзейнік і выказнік як аснова сказа. Вызначэнне асновы сказа. Пашырэнне асновы сказа іншымі словамі.

Агульнае паняцце пра даданыя члены сказа (без падзелу на віды). Словы ў сказе, якія звязаны з дзейнікам. Словы ў сказе, якія звязаны з выказнікам. Вызначэнне сувязі слоў у сказе пры дапамозе пытанняў.

Разбор па членах сказа.

Паняцце пра аднародныя члены сказа. Сказы з аднароднымі дзейнікамі. Сказы з аднароднымі выказнікамі. Сродкі сувязі аднародных членаў сказа: інтанацыя пералічэння аднародных членаў сказа; словы і, а, але, якія могуць злучаць аднародныя члены сказа. Знакі прыпынку паміж аднароднымі членамі сказа. Вызначэнне і ўжыванне аднародных членаў сказа.

Слова

Слова як моўная адзінка (агульнае паняцце). Вычляненне слова са сказа. Лексічнае значэнне слова. Словы з блізкім значэннем. Словы з супрацьлеглым значэннем. Падбор слоў з блізкім і супрацьлеглым значэннем. Агульнае паняцце пра мнагазначныя словы. Ужыванне слоў у прамым і пераносным значэнні. Знаёмства з тлумачальным слоўнікам.

Агульнае паняцце аб назвах прадметаў. Абазначэнне словамі прадметаў і з’яў рэчаіснасці. Словы, якія абазначаюць прадметы і адказваюць на пытанні хто? або што? Роля ў мове слоў, што абазначаюць прадметы. Напісанне з вялікай літары слоў, якія абазначаюць імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, клічкі жывёл, назвы краін, гарадоў, вёсак, рэк, азёраў.

Агульнае паняцце аб назвах прымет прадметаў. Словы, што абазначаюць прыметы прадметаў і адказваюць на пытанні які? якая? якое? якія? Роля ў мове слоў, якія абазначаюць прыметы прадметаў.

Агульнае паняцце аб назвах дзеянняў прадметаў. Словы, што абазначаюць дзеянні і адказваюць на пытанні што рабіць? што зрабіць? Роля ў мове слоў, якія абазначаюць дзеянні прадметаў. Асобнае напісанне слова не са словамі, што абазначаюць дзеянні прадметаў.

Агульнае паняцце аб прыназоўніках. Прыназоўнікі у, на, з, па, да, ад, над, пад, каля і іх роля ў забеспячэнні сувязі слоў у сказе. Асобнае напісанне прыназоўнікаў з іншымі словамі.

Зменная і нязменная часткі слова. Агульнае паняцце аб канчатку і аснове слова. Нулявы канчатак. Выдзяленне канчатка і асновы слова.

Састаў слова. Корань слова. Аднакаранёвыя словы. Падбор аднакаранёвых слоў. Напісанне галосных і зычных у корані слова.

Прыстаўка як частка слова. Ужыванне ў мове слоў з прыстаўкамі. Апостраф у словах з прыстаўкамі: аб’ехаць, пад’ехаць. Падваенне зычных на стыку прыстаўкі і кораня: аддаць, рассыпаць. Суфікс як частка слова. Ужыванне ў мове слоў з суфіксамі. Падваенне зычных на стыку кораня і суфікса: лімонны, ранні.

Разбор слоў па саставу.

Назоўнік як часціна мовы (агульнае паняцце). Вызначэнне назоўніка па значэнні і пытанні. Назоўнікі, якія абазначаюць назвы жывых і нежывых прадметаў. Род назоўнікаў. Назоўнікі мужчынскага, жаночага і ніякага роду. Змяненне назоўнікаў па ліках. Назоўнікі адзіночнага і множнага ліку. Утварэнне множнага ліку пры дапамозе канчаткаў -ы, -і: сасна – сосн-ы, конь- кон-і.

Змяненне назоўнікаў па склонах. Назвы склонаў і склонавыя пытанні. Вызначэнне склону назоўніка ў сказе (з апорай на табліцу).

Змяненне назоўнікаў жаночага роду з канчаткам -а(-я) у назоўным склоне адзіночным ліку (І скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў І скланення (з апорай на табліцу).

Змяненне назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку (ІІ скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў ІІ скланення (з апорай на табліцу).

Змяненне назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку з нулявым канчаткам у назоўным склоне (ІІІ скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў ІІІ скланення (з апорай на табліцу).

Змяненне назоўнікаў у множным ліку. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў у множным ліку (з апорай на табліцу).

Прыметнік як часціна мовы (агульнае паняцце). Вызначэнне прыметніка па значэнні і пытанні. Сувязь прыметніка з назоўнікам у сказе.

Змяненне прыметнікаў па родах, ліках і склонах у залежнасці ад назоўнікаў, з якімі яны звязаны: сонечны дзень, сонечнае надвор’е, сонечныя дні.

Змяненне прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку па склонах. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку (з апорай на табліцу).

Змяненне прыметнікаў жаночага роду адзіночнага ліку па склонах. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў прыметнікаў жаночага роду адзіночнага ліку (з апорай на табліцу).

Змяненне прыметнікаў множнага ліку па склонах. Вызначэнне склону прыметніка множнага ліку па пытанні і склоне назоўніка, да якога ён адносіцца. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў прыметнікаў множнага ліку (з апорай на табліцу).

Агульнае паняцце пра займеннік як часціну мовы. Асабовыя займеннікі: я, мы – 1-я асоба; ты, вы – 2-я асоба; ён, яна, яно, яны – 3-я асоба. Лік асабовых займеннікаў. Род асабовых займеннікаў. Змяненне асабовых займеннікаў па склонах (з апорай на табліцу).

Дзеяслоў як часціна мовы (агульнае паняцце). Вызначэнне дзеяслова па значэнні і пытанні. Агульнае паняцце аб змяненні дзеяслова па часах. Дзеясловы цяперашняга, прошлага і будучага часу. Вызначэнне часу дзеяслова па пытаннi. Дзеясловы адзіночнага і множнага ліку. Змяненне дзеясловаў прошлага часу па родах. Назіранні над неазначальнай формай дзеяслова.

Змяненне дзеясловаў цяперашняга i будучага часу па асобах i ліках (спражэнне). Утварэнне асабовых формаў дзеясловаў (з апорай на табліцу). Азнаямленне з напісаннем асабовых канчаткаў дзеясловаў цяперашняга і будучага часу (з апорай на табліцу). Адрозненне асабовых канчаткаў дзеясловаў (з апорай на табліцу).

Змяненне дзеясловаў прошлага часу па ліках. Змяненне дзеясловаў прошлага часу адзіночнага ліку па родах. Суфікс дзеясловаў мужчынскага роду. Суфікс - дзеясловаў жаночага і ніякага роду.

Агульнае паняцце аб прыслоўі як часціне мовы. Роля прыслоўяў у мове.

Гукі мовы. Літары

Агульнае паняцце пра гукі і літары. Гук як адзінка вуснага маўлення. Вычляненне гукаў са слоў. Роля гукаў у адрозненні слоў.

Абазначэнне гукаў літарамі на пісьме. Алфавіт. Назвы літар алфавіта. Практычнае значэнне алфавіта. Знаёмства з арфаграфічным слоўнікам.

Галосныя гукі. Абазначэнне галосных гукаў на пісьме літарамі а, о, у, і, ы, э, е, ё, ю, я. Абазначэнне літарамі е, ё, ю, я, і гукаў [й’э], [й’о], [й’у], [й’а], [й’і] у словах (пераехаць, ёлка, юшка, яма, маіх).

Склады слова. Роля галосных ва ўтварэнні складоў. Падзел слова на склады і для пераносу.

Націск у слове. Абазначэнне націску на пісьме (¢): го¢рад – гарады¢. Роля націску ў адрозненні слоў. Націскныя і ненаціскныя галосныя ў словах.

Зычныя гукі. Парныя цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Абазначэнне мяккасці зычных на пісьме літарамі е, ё, ю, я, і. Мяккі знак (ь) для абазначэння мяккасці зычных. Няпарныя цвёрдыя гукі [ж], [ч], [ш], [р], [дж], [ц]. Напісанне галосных а, о, у, ы, э пасля літар, якія абазначаюць няпарныя цвёрдыя гукі (дажджы, цэгла).

Вымаўленне слоў з цвёрдымі [д], [т] і мяккімі [дз’], [ц’] зычнымі. Напісанне е, ё, і, ю, я пасля мяккіх зычных [дз’], [ц’]: гняздо – у гняздзе, іду – ідзеш, холад – халадзільнік, пошта – на пошце, жыта – у жыце.

Парныя звонкія і глухія зычныя: [б – п], [б’ – п’], [д – т], [дз’ – ц’], [з – с], [з’ – с’], [ж – ш], [дж – ч], [г – х], [г’– х’]. Няпарныя звонкія зычныя: [р], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [в], [в’], [й’], [ў]. Няпарныя глухія зычныя: [к], [к’], [ф], [ф’].

Гукалітарны разбор слоў.

Падоўжаныя зычныя [з’:], [с’:], [дз’:], [ц’:], [л’:], [н’:], [ж:], [ч:], [ш:] у словах: збожжа, калоссе, жыццё і інш. Абазначэнне на пісьме падоўжаных зычных падвоеным напісаннем адпаведнай літары (насенне, багацце). Абазначэнне на пісьме падоўжанага гука [дз’] спалучэннем літар ддз: асяроддзе, стагоддзе. Перанос слоў з падоўжанымі зычнымі: ноч-чу і но-ччу, восен-ню і восе-нню, мед-дзю і ме-ддзю.

Літары у, ў нескладовае). Перанос слоў з ў: заў-тра, Яў-ген.

Літары і, й (і нескладовае). Перанос слоў з й: соней-ка, зай-чык.

Раздзяляльныя знакі ў словах. Апостраф. Раздзяляльны мяккі знак.

Правапіс

Правапіс галосных о, э–а. Правапіс галосных е, ё–я. Правапіс у, ў. Напісанне слоў з й. Правапіс д–дз’, т–ц’.

Літары, якія пры напісанні трэба правяраць (агульнае паняцце аб арфаграме). Правапіс парных звонкіх і глухіх зычных: грыб – грыбок, дуб – дубы, сцежка – сцежачка, казка – казачка.

Правапіс цвёрдых і мяккіх зычных. Правапiс слоў з падоўжанымi зычнымi. Правапіс мяккага знака і апострафа. Ужыванне вялікай літары. Правілы пераносу слоў.

Правапіс прыставак аб-, над-, пад-, перад-, ад- перад звонкімі і глухімі зычнымі. Напісанне літары з або с у прыстаўках з-, уз-, раз-, без-(бяз-).

Напісанне склонавых канчаткаў назоўнікаў (з апорай на табліцу). Напісанне склонавых канчаткаў прыметнікаў (з апорай на табліцу). Правапіс асабовых займеннікаў з прыназоўнікамі. Правапіс не з дзеясловамі. Напісанне асабовых канчаткаў дзеясловаў (з апорай на табліцу).

Маўленчая дзейнасць

Выказванне пачуццяў i настрою пры дапамозе мовы. Суправаджэнне вуснага маўлення мiмiкай i жэстамi. Гутарка з суразмоўцам. Адказы на пытаннi настаўнiка. Пераказ вучэбнага матэрыялу. Маўленчая этыка.

Развіццё звязнага маўлення вучняў. Выразнае чытанне тэкстаў. Вуснае сачыненне на зададзеную тэму (па апорных словах, калектыўна складзеным плане). Вуснае сачыненне па малюнку і серыi малюнкаў. Падрабязны (блiзкi да тэксту твора) пераказ. План пераказу і пераказ па плане. Сцiслы пераказ апавядання (з дапамогай настаўніка). Выбар з тэксту асноўнага зместу i пераказ яго. Выбарачны пераказ. Выбар з тэксту той часткi, якая адпавядае пастаўленаму пытанню. Творчы пераказ (калектыўная праца).

 

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

(агульнаадукацыйныя ўстановы з рускай мовай навучання)

 

Гукі і літары

Асаблівасці вымаўлення зычных [р], [ж], [ш], [ц], [дж], [ч], [г], [ў], [дз’], [ц’], спалучэння [шч] і галосных гукаў.

Гукі [дз’], [дж] і іх абазначэнне на пісьме.

Гук [ў] і яго абазначэнне на пісьме. Вымаўленне і правапіс слоў з ў. Ужыванне ў у беларускай мове замест в, л у рускай мове (волк – воўк).

Напісанне літары і, апострафа.

Гукі і літары. Абазначэнне гукаў на пісьме літарамі. Алфавіт. Вялікая літара ў словах, якія абазначаюць імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, геаграфічныя назвы, клічкі жывёл.

Галосныя гукі. Склад. Складаўтваральная роля галосных. Падзел слоў на склады.

Націск. Націскныя і ненаціскныя склады. Словы рускай і беларускай моў, якія адрозніваюцца націскам (спíна – спинá, крапівá – крапúва).

Вымаўленне і правапіс галосных о, э–а; е, ё–я.

Зычныя гукі. Вымаўленне і правапіс цвёрдых і мяккіх зычных. Абазначэнне на пісьме мяккасці зычных літарамі я, е, ё, і, ю, ь. Вымаўленне і напісанне слоў з д–дз’, т–ц’. Няпарныя цвёрдыя зычныя [ж], [дж], [р], [ч], [ш], [ц]. Правапіс галосных пасля іх.

Вымаўленне і правапіс парных звонкіх і глухіх зычных п], [гх], [дт], [зс], [б’п’], [г’х’], [дз’ц’], [з’с’] [жш], [джч] на канцы слоў і перад зычнымі.

Вымаўленне і правапіс падоўжаных зычных.

Функцыя і правілы ўжывання раздзяляльных знакаў: мяккага знака і апострафа.

Вызначэнне паслядоўнасці гукаў у слове; абазначэнне іх літарамі ў адпаведнасці з вывучанымі нормамі беларускага правапісу.

Перанос слоў. Асаблівасці пераносу слоў з [ў], [дж], [дз’], [й], падоўжанымі зычнымі, мяккім знакам і апострафам.

Карыстанне арфаграфічным слоўнікам.

Тэкст

Тэкст. Тэма і асноўная думка тэксту. Загаловак. Часткі тэксту: пачатак, асноўная частка, канцоўка. План тэксту.

Тэкст-апавяданне і тэкст-апісанне.

Сказ

Сказ як закончаная думка. Афармленне сказа на пісьме.

Галоўныя (дзейнік і выказнік) і даданыя (без дыферэнцыяцыі) члены сказа, сувязь слоў у сказе.

Апавядальны, пытальны, пабуджальны сказы. Клічны сказ. Іх інтанацыя. Перадача інтанацыі на пісьме з дапамогай знакаў прыпынку ў канцы сказа.

Сказы з аднароднымі членамі, іх інтанацыя. Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі. Выкарыстанне злучнікаў і, а, але для сувязі аднародных членаў сказа.

Слова

Значэнне слова.

Сінонімы і антонімы.

Знаёмства на практычным узроўні з міжмоўнай аманіміяй у беларускай і рускай мовах (бел. нядзеля – рус. неделя).

Карыстанне тлумачальным і перакладнымі слоўнікамі (руска-беларускім і беларуска-рускім).

Склад слова

Часткі слова: корань, аснова і канчатак, прыстаўка, суфікс.

Роднасныя словы. Корань як агульная частка роднасных слоў.

Канчатак як зменная частка слова, якая служыць для сувязі слоў у сказе. Нулявы канчатак.

Аснова слова як частка слова без канчатка.

Прыстаўка. Правапіс прыставак аб-, ад-, пад-, з-, с-. Адрозненне прыстаўкі ад прыназоўніка.

Суфікс.

Прыстаўка і суфікс як сродкі ўтварэння новых слоў.

Часціны мовы

Назоўнік. Назоўнікі, якія адказваюць на пытанне хто? і назоўнікі, якія адказваюць на пытанне што? Род назоўнікаў. Назоўнікі, род якіх у беларускай і рускай мовах не супадае (напрыклад: гусь, сабака, медаль). Змяненне назоўнікаў па ліках. Назоўнікі, лік якіх у рускай і беларускай мовах не супадае (напрыклад: крупа – крупы, пение – спевы, семена – насенне). Склоны і склонавыя пытанні. Вызначэнне склонаў назоўнікаў. Назоўнікі І, ІІ, ІІІ скланення і іх канчаткі. Адрозненне націску ў граматычных формах назоўнікаў у рускай і беларускай мовах (галаву – голову, нагу – ногу).

Займеннік. Роля ў маўленні. Займеннікі 1, 2, 3 асобы адзіночнага і множнага ліку. Змяненне асабовых займеннікаў па склонах (на практычным узроўні). Правапіс асабовых займеннікаў з прыназоўнікамі.

Прыназоўнік. Правапіс прыназоўнікаў з назоўнікамі і займеннікамі.

Прыметнік. Залежнасць формы прыметніка ад формы назоўніка. Вызначэнне роду, ліку, склону прыметнікаў. Склонавыя канчаткі прыметнікаў адзіночнага і множнага ліку. Адрозненне націску ў граматычных формах прыметнікаў у рускай і беларускай мовах (маленькі – маленький, старэнькі – старенький).

Дзеяслоў. Час, лік, асоба дзеяслова. Неазначальная форма дзеяслова. Змяненне дзеясловаў у цяперашнім і будучым часе па асобах і ліках. Дзеясловы І і ІІ спражэння і іх канчаткі. Адрозненне націску ў граматычных формах дзеясловаў у рускай і беларускай мовах (весці – вести, несці – нести). Утварэнне дзеясловаў прошлага часу з дапамогай суфіксаў -ў, -л. Змяненне дзеясловаў адзіночнага ліку прошлага часу па родах. Правапіс не з дзеясловамі. Правапіс дзеясловаў на -цца, -ся.

Маўленча-камунікатыўная дзейнасць

Успрыманне на слых ці чытанне вучэбных тэкстаў, гутарка па змесце пачутага ці прачытанага тэксту з мэтай дасягнення адэкватнага разумення.

Вылучэнне незразумелых слоў і выразаў і ўстанаўленне іх значэння, суаднясенне зместу з ілюстрацыяй.

Вылучэнне і асэнсаванне лінгвакраіназнаўчай інфармацыі з тэкстаў практыкаванняў.

Вуснае маўленне (гаварэнне)

Фарміраванне арфаэпічна правільнага вымаўлення.

Падрабязны пераказ тэксту па пытаннях, апорных словах, плане.

Самастойная пабудова выказвання на прапанаваную тэму па калектыўна складзеным плане.

Пісьмовае маўленне

Спісванне слоў, сказаў, тэкстаў з друкаванага ці рукапіснага ўзору.

Запіс пад дыктоўку слоў, сказаў, тэкстаў.

 

на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

Сістэма мовы

Агульныя звесткі аб мове. Навука пра беларускую мову

Мова – найважнейшы сродак зносін. Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа. Валоданне літаратурнай мовай – асноўны паказчык культуры чалавека. Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры. Беларуская мова ў сям’і славянскіх моў і моў народаў свету.

Навука пра беларускую мову, яе асноўныя раздзелы. Вядомыя беларускія лінгвісты.

Фанетыка. Арфаэпія. Графіка

Фанетычная сістэма беларускай мовы. Асноўныя адзінкі фанетыкі: гукі мовы, склад, націск, інтанацыя. Характарыстыка гукаў мовы: галосныя і зычныя. Фанетычныя чаргаванні гукаў.

Арфаэпічныя нормы. Асноўныя правілы вымаўлення галосных, зычных гукаў і іх спалучэнняў.

Значэнне пісьма ў жыцці чалавека і грамадства. Літарнагукавое пісьмо. Асноўныя графічныя сродкі.

Беларускі алфавіт. Суадносіны паміж літарамі і гукамі. Гукавое значэнне літар е, ё, ю, я, і. Роля літары ь (мяккі знак). Спосабы абазначэння мяккасці зычных. Апостраф.

Арфаграфія

Прынцыпы беларускай арфаграфіі. Сувязь арфаграфіі з іншымі раздзеламі навукі аб мове.

Напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе. Напісанні, заснаваныя на марфалагічным прынцыпе. Правапіс мяккага знака і апострафа. Напісанне слоў разам, праз злучок і асобна. Ужыванне і правапіс вялікай літары.

Перанос слоў.

Лексіка. Фразеалогія

Слова як адзінка мовы. Слоўнікавае багацце беларускай мовы. Лексічнае значэнне слова. Адназначныя і мнагазначныя словы. Прамое і пераноснае значэнні слова. Сінонімы, амонімы, антонімы.

Спрадвечна беларускія і запазычаныя словы. Агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку. Нейтральныя і стылістычна афарбаваныя словы.

Фразеалагізмы, іх роля ў маўленні.

Марфемная будова слова. Словаўтварэнне

Значымыя часткі слова – марфемы (корань, суфікс, прыстаўка, злучальная галосная, канчатак, постфікс). Словаўтваральныя і формаўтваральныя марфемы.

Аснова і канчатак. Аднакаранёвыя словы. Чаргаванне галосных і зычных у аснове.

Утварэнне слоў. Утваральная аснова. Утварэнне і правапіс складаных слоў. Складанаскарочаныя словы.

Марфалогія

Марфалогія як раздзел граматыкі.

Сістэма часцін мовы ў беларускай мове.

Самастойныя часціны мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў і яго асобыя формы (дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе), прыслоўе. Агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля самастойных часцін мовы.

Службовыя часціны мовы: прыназоўнік, злучнік, часціца. Падзел службовых часцін мовы па значэнні, будове, ужыванні.

Выклічнік як асобая часціна мовы. Гукапераймальныя словы.

Пераход слоў адной часціны мовы ў іншую.

Сінтаксіс

Сінтаксіс як раздзел граматыкі.

Словазлучэнне, галоўнае і залежнае словы ў словазлучэнні. Граматычнае значэнне словазлучэння. Віды сувязі слоў у словазлучэннях – дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Непадзельныя словазлучэнні.

Сказ як асноўная камунікатыўная адзінка. Апавядальныя, пабуджальныя і пытальныя сказы. Клічныя і няклічныя сказы.

Просты сказ. Дзейнік і выказнік – галоўныя члены сказа. Тыпы дзейніка і выказніка, спосабы іх выражэння. Неразвітыя і развітыя сказы. Даданыя члены сказа: азначэнне, дапаўненне, акалічнасць; спосабы іх выражэння. Прыдатак як разнавіднасць азначэння. Двухсастаўныя і аднасастаўныя сказы, віды аднасастаўных сказаў. Няпоўныя сказы.

Сказы са звароткамі, пабочнымі словамі і словазлучэннямі, устаўнымі канструкцыямі. Словы-сказы. Сказы з аднароднымі членамі. Абагульняльныя словы пры аднародных членах. Сказы з адасобленымі членамі. Удакладненне як адасоблены член. Сказы з параўнальнымі зваротамі.

Складаныя сказы, іх прыметы. Складаназлучаныя сказы. Складаназалежныя сказы з адной і некалькімі даданымі часткамі. Бяззлучнікавыя складаныя сказы. Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак.

Сінтаксічныя канструкцыі з чужой мовай: простая, ускосная мова.

Пунктуацыя

Знакі прыпынку ў канцы сказа.

Знакі прыпынку ў простым сказе: працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам, на месцы прапушчанага слова ў няпоўным сказе. Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі, параўнальнымі зваротамі, адасобленымі членамі, звароткамі, пабочнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі, устаўнымі канструкцыямі.

Знакі прыпынку ў складаных сказах розных тыпаў і відаў.

Пунктуацыйнае афармленне чужога маўлення (простая мова, цытаванне, дыялог і інш.).

Маўленне

Культура маўлення

Нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Правілы маўленчых паводзін.

Маўленчая дзейнасць

Умовы маўленчых зносін: наяўнасць адрасанта і адрасата, матыву, прадмета гутаркі, веданне мовы адрасантам і адрасатам. Маўленчая сітуацыя.

Вуснае і пісьмовае, дыялагічнае і маналагічнае маўленне.

Віды маўленчай дзейнасці: слуханне, гаварэнне, чытанне, пісьмо.

Тэкст

Асноўныя характарыстыкі тэксту: тэматычнае адзінства, звязнасць, цэласнасць, завершанасць. Кампазіцыя тэксту (уступ – асноўная частка – заключэнне). Падзел тэксту на часткі (падтэмы і мікратэмы) і абзацы; апорныя (ключавыя) словы, словазлучэнні, сказы. Спосабы сувязі сказаў у тэксце, сродкі сувязі. План просты і складаны.

Тыпы маўлення

Апавяданне, апісанне, разважанне. Іх тыповыя кампазіцыйныя схемы і моўныя сродкі. Спалучэнне розных тыпаў маўлення ў тэксце.

Стылі і жанры маўлення

Гутарковы, навуковы, афіцыйны, публіцыстычны, мастацкі стылі маўлення (сфера выкарыстання, мэта паведамлення, асноўныя стылявыя рысы, характэрныя моўныя сродкі, жанравыя разнавіднасці).

Лінгвакультуралагічны змест

Беларуская мова як адлюстраванне нацыянальнага бачання свету.

Моўныя адзінкі з нацыянальна-культурным кампанентам.

Нацыянальна-культурная спецыфіка беларускага маўленчага этыкету.

Агульнае і адметнае ў беларускай мове (культуры) і мовах (культурах) народаў свету.

 

на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

Сістэма мовы

Агульныя звесткі аб мове

Роля беларускай мовы ў жыцці чалавека і грамадства.

Асноўныя раздзелы навукі аб мове, узаемная сувязь паміж раздзеламі.

Слова ў тэксце

Гукавая абалонка слова. Стылістычныя магчымасці фанетыкі.

Лексічнае значэнне слова. Стылістычныя магчымасці лексікі і фразеалогіі.

Марфемная будова слова, утварэнне слоў. Стылістычныя магчымасці словаўтварэння.

Агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы і сінтаксічная роля самастойных і службовых часцін мовы. Сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці слоў і іх формаў.

Словазлучэнне і сказ у тэксце

Словазлучэнне; віды, спосабы і сродкі сінтаксічнай сувязі ў словазлучэнні. Сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці словазлучэнняў. Сінаніміка словазлучэнняў.

Сказ як камунікатыўная адзінка. Асноўныя функцыі сказа. Сінтаксічныя прыметы двухсастаўных і аднасастаўных сказаў, няпоўных сказаў, сказаў з аднароднымі і адасобленымі членамі, звароткамі, пабочнымі словамі (словазлучэннямі і сказамі) і ўстаўнымі канструкцыямі, знакі прыпынку. Сінтаксічныя прыметы складаназлучаных, складаназалежных, бяззлучнікавых сказаў і сказаў з рознымі відамі сувязі, знакі прыпынку.

Сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці простых і складаных сказаў рознай будовы і прызначэння.

Сінтаксічная сінаніміка.

Маўленне

Культура маўлення

Камунікатыўныя якасці маўлення. Маўленчая культура. Правілы маўленчых паводзін.

Маўленчая дзейнасць

Умовы маўленчых зносін: наяўнасць адрасата і адрасанта, матыву, прадмета гутаркі, веданне мовы адрасатам і адрасантам. Вуснае і пісьмовае маўленне, маналагічнае і дыялагічнае.

Тэкст

Прыметы тэксту: тэматычнае адзінства, звязнасць, цэласнасць, разгорнутасць, завершанасць; спосабы і сродкі сувязі сказаў у тэксце, падтэмы і мікратэмы, абзац, ключавыя (апорныя) словы ў падтэмах тэксту, план просты і складаны.

Функцыянальная стылістыка

Функцыянальныя стылі, стылеўтваральныя моўныя сродкі.

Лінгвакультуралагічны змест

Узаемасувязь і ўзаемадзеянне мовы і культуры. Адлюстраванне ў мове светапогляду народа; паняцце моўнай карціны свету. Матэрыяльная і духоўная культура беларускага і іншых народаў, адлюстраваная ў мове.

Беларуская мова на моўнай карце свету. Узаемаўзбагачэнне моў і культур розных народаў.

Сацыяльна-культурныя стэрэатыпы маўленчых паводзін у розных сітуацыях і сферах зносін. Беларускі маўленчы этыкет у параўнанні з этыкетам іншых народаў свету.

 

4. ПАТРАБАВАННІ ДА ЎЗРОЎНЮ ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ

 

4.1. Патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў за перыяд навучання на ўзроўні агульнай базавай адукацыі.

 

Вучань павінен

в е д а ц ь:

– агульныя звесткі пра беларускую мову, пра лінгвістыку як навуку, інфармацыю пра беларускіх лінгвістаў;

– гукі і літары; галосныя і зычныя гукі; галосныя націскныя і ненаціскныя; склады націскныя і ненаціскныя; звонкія і глухія, парныя і няпарныя зычныя; цвёрдыя і мяккія, шыпячыя і свісцячыя зычныя; беларускі алфавіт, назвы літар; суадносіны гукаў і літар;

– асноўныя правілы напісання галосных і зычных, напісання слоў разам, праз злучок і асобна;

– лексічнае значэнне слова; адназначныя і мнагазначныя словы; прамое і пераноснае значэнні слова; сінонімы, амонімы, антонімы; спрадвечна беларускія і запазычаныя словы; агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку; нейтральныя і стылістычна афарбаваныя словы; фразеалагізмы, іх адрозненне ад свабодных словазлучэнняў;

– марфемы (корань, суфікс, прыстаўка, злучальная галосная, канчатак, постфікс); аснову слова і канчатак; утваральную аснову; аднакаранёвыя словы; спосабы ўтварэння слоў;

– сістэму часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў і яго формы, прыслоўе, часціца, злучнік, прыназоўнік і выклічнік, гукапераймальныя словы; іх асноўнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічную ролю;

– словазлучэнне, спосабы сувязі слоў у словазлучэнні; сказ просты і складаны, сказы ўскладненай будовы, сказы з простай мовай; асноўныя правілы пастаноўкі знакаў прыпынку;

– асноўныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы; правілы маўленчых паводзін у пэўных маўленчых сітуацыях, формулы маўленчага этыкету;

– разнавіднасці маўлення: вуснае і пісьмовае, дыялагічнае і маналагічнае; умовы маўленчых зносін; віды маўленчай дзейнасці: слуханне, гаварэнне, чытанне, пісьмо;

– асноўныя прыметы тэксту; спосабы і сродкі сувязі сказаў у тэксце; тыпы маўлення (апавяданне, апісанне, разважанне); тыповыя кампазіцыйныя схемы тыпаў маўлення; стылі маўлення (гутарковы, мастацкі, навуковы, афіцыйны, публіцыстычны) і асноўныя жанры, уласцівыя пэўнаму стылю маўлення;

– ролю беларускай мовы як нацыянальнай мовы беларускага народа, найважнейшага кампанента нацыянальнай культуры.

 

у м е ц ь:

– адрозніваць паняцці: фанетыка, арфаэпія, арфаграфія, гук, склад, націск, націскны і ненаціскны галосны, парныя і няпарныя зычныя; карыстацца алфавітам у час працы са слоўнікамі, картатэкай і інш.; выконваць фанетычны разбор слоў;

– адрозніваць гукі і літары; правільна ўжываць вялікую літару; правільна перадаваць на пісьме галосныя і зычныя гукі ў словах і марфемах;

– правільна вымаўляць гукі і іх спалучэнні ў маўленчай плыні; правільна ставіць націск у словах; карыстацца інтанацыяй як сродкам перадачы сэнсу; пісаць словы ў адпаведнасці з вывучанымі арфаграфічнымі правіламі;

– вызначаць лексічнае значэнне слоў; размяжоўваць прамое і пераноснае значэнні слова; выяўляць у тэкстах амонімы, сінонімы, антонімы; вызначаць прыналежнасць слоў да пэўнай лексічнай групы паводле паходжання і сферы ўжывання; выяўляць у тэкстах фразеалагізмы, разумець іх значэнні; выконваць лексічны разбор слоў;

– вызначаць у словах марфемы (прыстаўку, корань, суфікс, постфікс, злучальную галосную); размяжоўваць вытворныя і невытворныя словы; адрозніваць спосабы ўтварэння слоў, аднакаранёвыя словы і формы аднаго і таго слова; выконваць марфемны і словаўтваральны разборы;

– распазнаваць часціны мовы і іх формы ў сказах, тэкстах; рабіць марфалагічны разбор часцін мовы;

– утвараць словазлучэнні розных відаў, называць галоўнае і залежнае словы, вызначаць від сінтаксічнай сувязі; абгрунтоўваць адрозненне словазлучэння ад слова і сказа; асэнсоўваць сказ як моўную аснову выказвання; адрозніваць простыя сказы ад складаных; распазнаваць простыя сказы розных відаў, у тым ліку ўскладненай будовы; размяжоўваць галоўныя і даданыя члены сказа; распазнаваць складаныя сказы розных відаў; вызначаць спосаб перадачы чужога маўлення; замяняць простую мову ўскоснай і наадварот; выконваць сінтаксічны разбор простых і складаных сказаў, сказаў з простай мовай;

– ставіць знакі прыпынку ў канцы сказа (кропка, пытальнік, клічнік, шматкроп’е), пры аднародных членах з абагульняльным словам і без яго, пры зваротках, параўнальных зваротах, пры адасабленні і пабочных словах, словазлучэннях і сказах, устаўных канструкцыях; ставіць працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам (у абавязковых выпадках); ставіць знакі прыпынку ў складаных сказах са злучнікавай і бяззлучнікавай сувяззю, сказах з рознымі відамі сувязі; правільна афармляць дыялог і канструкцыі з простай мовай; устанаўліваць сэнсава-граматычныя адносіны ў сказах для абгрунтавання выбару знакаў прыпынку;

– арыентавацца ва ўмовах і змесце камунікацыі; размяжоўваць вуснае і пісьмовае, маналагічнае і дыялагічнае маўленне; арыентавацца ў маўленчай сітуацыі; вызначаць адрасата і мэтанакіраванасць;

– выяўляць прыметы тэксту; вызначаць тэму і асноўную думку тэксту, даваць загаловак; дзяліць тэкст на часткі (падтэмы і мікратэмы) і абзацы; вызначаць спосабы і сродкі сувязі сказаў у тэксце; выдзяляць апорныя (ключавыя) словы, словазлучэнні, сказы; састаўляць просты і складаны план;

– выяўляць кампазіцыйныя асаблівасці тэкстаў розных тыпаў; складаць схемы тэкстаў розных тыпаў маўлення; аналізаваць узоры тэкстаў розных тыпаў; удасканальваць тэксты розных тыпаў: дапаўняць тэкст неабходнымі для пэўнага тыпу часткамі;

– вызначаць стыль і жанр тэксту; абгрунтоўваць прыналежнасць тэкстаў да пэўнага стылю і жанру; выяўляць асаблівасці ўжывання моўных сродкаў у тэкстах розных стыляў і жанраў; удасканальваць тэксты рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці з мэтай захавання стылявога адзінства; размяжоўваць паняцці “стыль маўлення”, “тып маўлення”, “жанр маўлення”;

– захоўваць нормы беларускага маўленчага этыкету; дарэчна карыстацца пазамоўнымі сродкамі маўленчых зносін.

 

в а л о д а ц ь:

– нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы (арфаэпічнымі, лексічнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі, арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі);

– навыкамі падрабязнага, сціслага і выбарачнага пераказу тэкстаў; перакладу тэкстаў мастацкага, навуковага, публіцыстычнага стыляў з рускай мовы на беларускую; стварэння ўласных тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў; рэдагавання свайго і чужога тэкстаў;

– вядзення дыялога ў сітуацыі афіцыйных і неафіцыйных маўленчых зносін;

– культурай маўленчых паводзін, формуламі маўленчага этыкету.

 

4.2. Патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў за перыяд навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

 

Вучань павінен

в е д а ц ь:

– агульныя звесткі аб мове, яе ролю ў жыцці чалавека і грамадства; асноўныя раздзелы навукі аб мове, іх узаемасувязь;

– марфалагічныя прыметы пэўнай часціны мовы і сінтаксічную ролю ў словазлучэннях і сказах, ролю розных часцін мовы ў арганізацыі маўлення, разгортванні і стварэнні тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў;

– спосабы сувязі слоў у словазлучэнні; сінтаксічныя прыметы сказаў рознай будовы;

– асноўныя камунікатыўныя якасці маўлення; правілы маўленчых паводзін у пэўных маўленчых сітуацыях, формулы маўленчага этыкету;

– прыметы тэксту; спосабы і сродкі сувязі сказаў у тэксце; тыпы маўлення і іх спалучэнні; функцыянальныя стылі і асноўныя стылеўтваральныя моўныя сродкі;

– узаемасувязь і ўзаемадзеянне мовы і культуры; самабытнасць беларускай мовы ў параўнанні з іншымі мовамі свету.

 

у м е ц ь:

– знаходзіць пэўныя моўныя адзінкі ў тэкстах; вызначаць асаблівасці ўжывання моўных сродкаў у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў; карыстацца стылістычнымі магчымасцямі фанетыкі, лексікі, фразеалогіі і словаўтварэння;

– вызначаць сінтаксічныя прыметы і асаблівасці будовы сказаў розных відаў; сэнсава-стылістычную ролю словазлучэнняў і сказаў рознай будовы і прызначэння; абгрунтоўваць мэтазгоднасць ужывання сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў;

– арыентавацца ва ўмовах камунікацыі; адбіраць моўныя сродкі ў залежнасці ад тэмы паведамлення, мэты і ўмоў камунікацыі;

– выяўляць прыметы тэксту; вызначаць тэму і асноўную думку тэксту; даваць загаловак; дзяліць тэкст на часткі (падтэмы і мікратэмы) і абзацы; вызначаць спосабы і сродкі сувязі сказаў у тэксце; выдзяляць апорныя (ключавыя) словы, словазлучэнні, сказы; вызначаць тып, стыль і жанр маўлення (спалучэнне тыпаў); абгрунтоўваць прыналежнасць тэкстаў да пэўнага стылю і жанру; выяўляць асаблівасці ўжывання моўных сродкаў у тэкстах розных стыляў і жанраў; удасканальваць тэксты рознай стылістычнай прыналежнасці з мэтай захавання стылявога адзінства; размяжоўваць паняцці “стыль маўлення”, “тып маўлення”, “жанр маўлення”;

– карыстацца безэквівалентнай лексікай (у рускамоўным дачыненні) і нацыянальна маркіраванымі адзінкамі мовы; захоўваць нормы маўленчага этыкету ў розных сітуацыях і сферах зносін; дарэчы карыстацца нацыянальным маўленчым этыкетам.

 

в а л о д а ц ь:

– нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы;

– навыкамі рэдагавання тэксту;

– навыкамі стварэння тэкстаў рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці з улікам мэт і задач камунікацыі;

– вядзення дыялога ў сітуацыі міжкультурных маўленчых зносін.