contrast version

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

29.05.2009 № 675

 

КАНЦЭПЦЫЯ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА”

1. Уводзіны

Вучэбны прадмет “Беларуская літаратура” – адзін з прадметаў, з дапамогай якіх рэалізуецца галоўная мэта навучання і выхавання: фарміраванне гарманічнай асобы, інтэлектуальна развітой, здольнай усведамляць ролю маралі, этыкі ў асабістым і грамадскім жыцці, адчуваць і ацэньваць прыгожае, дасканала валодаць мовай. Спецыфіка літаратуры як прадмета навучання вызначаецца тым, што яна цесна звязана з іншымі формамі пазнання рэчаіснасці і чалавека (навукай, філасофіяй, рэлігіяй і інш.). Вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне мастацтва слова абумоўлена ў першую чаргу тым, што яно дае вучням разнастайныя веды і ўяўленні пра прыроду і месца ў ёй чалавека, жыццё грамадства, гістарычныя падзеі, лёс выдатных асоб. Літаратура вучыць успрымаць і разумець з’явы, пераўвасобленыя ёю ў вобразы, адначасова ў планах агульначалавечым і нацыянальным, канкрэтна-гістарычным. Усё гэта ў літаратуры раскрываецца своеасабліва, праз мастацкую вобразнасць, экспрэсіўна, эмацыянальна. Як усякае мастацтва, літаратура вызначаецца поліфункцыянальнасцю: апрача пазнання жыцця, выконвае і камунікатыўную, эстэтычную, геданістычную функцыі.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі беларуская літаратура належыць да сацыяльна-гуманітарнага цыкла прадметаў, які ўключае ў сябе яшчэ і прадметы “Руская літаратура”, “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Замежная мова”, “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”. З апошнімі двума вучэбнымі прадметамі беларускую літаратуру збліжае тое, што яна фарміруе эстэтычныя густы і ідэалы вучняў, задавальняе іх патрэбы ў эстэтычнай дзейнасці. Разам з тым мастацкае слова спалучае ў сабе пэўныя магчымасці жывапісу і музыкі, яно здатнае ствараць зрокавыя і слыхавыя вобразы. Беларуская літаратура далучае вучняў да духоўнага жыцця і культуры народа, выяўляе светаўспрыманне этнасу, яго ўяўленні пра рэчаіснасць, узаемаадносіны чалавека з прыродай, маральныя і эстэтычныя ідэалы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў.

Літаратура – крыніца чалавеказнаўства, грамадазнаўства. Літаратурна-мастацкія творы выступаюць дзейсным сродкам спасціжэння прыроды, грамадскага жыцця ў яго разнастайных праявах, дыялектычных зменах, зрухах. Знаёмячыся з літаратурнымі героямі, іх лёсамі, унутраным светам, іх ідэаламі, вучні праецыруюць пазнанае на сябе і такім чынам глыбей усведамляюць сваю індывідуальнасць; у іх фарміруюцца ўласныя адносіны да высокага і нікчэмнага, добрага і благога. Паступова ў іх складваецца разуменне вечнага і часовага ў чалавеку, сутнаснага і вызначальнага ў яго жыцці. Выразная аўтарская пазіцыя, увасобленая ў мастацкіх творах, аказвае на вучняў, што знаходзяцца ў працэсе пошуку асабістага “я”, выхаваўчае ўздзеянне. Біяграфіі пісьменнікаў і створаныя імі мастацкія тыпы пры пэўных умовах могуць стаць ідэалам ці антыідэалам, з улікам якіх вучні будуць канструяваць сваю мадэль асобы і імкнуцца рэалізаваць яе ў жыцці.

Літаратура развівае ўяўленне, фантазію чытача, яго творчыя магчымасці, з’яўляецца дзейсным сродкам развіцця культуры асобы вучня, яго мастацка-эстэтычнага і маральнага выхавання. Дапамагаючы глыбей пазнаваць жыццё, літаратура адначасова спрыяе маральнаму, эмацыянальнаму і эстэтычнаму развіццю, духоўнаму самасцвярджэнню вучня як асобы, што адчувае сябе часткай прыроды, грамадства, здольная творча і актыўна рэалізоўваць сябе ў соцыуме. Пры пазнанні мастацкага твора надзвычай важную ролю адыгрываюць не толькі інтэлект і эмоцыі вучняў, але і іх уяўленні, густы, што плённа ўплывае на асэнсаванне матэрыялу пры вывучэнні прыродазнаўчых, фізіка-матэматычных прадметаў у агульнаадукацыйных установах.

Літаратура як від мастацтва здольная спасцігаць свет універсальна, усёабдымна, у самых розных яго вымярэннях: сучасным, гістарычным, перспектыўным, адлюстроўваючы жыццё свайго народа і жыццё народаў іншых краін. Пісьменнікі ствараюць мастацкі летапіс гісторыі сваёй радзімы, раскрываюць нацыянальныя характары, адлюстроўваюць асаблівасці менталітэту беларусаў, народны побыт, лад жыцця, адносіны ў сям’і. Беларуская літаратура паказвае чалавека ў пэўным сацыяльна-культурным асяроддзі, уздымае важныя філасофскія, маральна-этычныя, экалагічныя і іншыя праблемы сучаснасці, мінулага, будучыні.

Народ Беларусі – гэта складовая частка агульначалавечай супольнасці, таму ў творах беларускіх пісьменнікаў выявіліся агульназначныя ідэалы і каштоўнасці. Далучэнне да іх мае выключна важнае значэнне, паколькі спрыяе гуманізацыі асобы, духоўна ўзбагачае яе. Арыентацыя на гуманістычныя і культурныя каштоўнасці, краіназнаўчы аспект пры вывучэнні літаратуры набываюць асаблівае значэнне ў наш час, калі кантакты паміж людзьмі розных дзяржаў сталі рэаліямі жыцця. Такім чынам, літаратура ў агульнаадукацыйнай установе – гэта прадмет, які адыгрывае культуратворчую і нацыятворчую функцыі, садзейнічае гуманітарызацыі мыслення.

Многае яднае беларускую літаратуру з літаратурай сусветнай, арганічнай часткай якой яна і з’яўляецца. Таму беларуская літаратура вывучаецца ў кантэксце сусветнага мастацкага слова. Рэалізацыя падобнага падыходу пераконвае вучняў у тым, што нацыянальнае прыгожае пісьменства – годны складнік агульначалавечай мастацкай культуры. Паралельна вывучаючы творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, вучні пераконваюцца ў тым, што людзей свету яднаюць агульныя праблемы, памкненні, радасці і трывогі, што за час свайго існавання чалавецтва выпрацавала агульныя духоўныя каштоўнасці. Вывучэнне рускай літаратуры, знаёмства з сусветна значнымі мастацкімі набыткамі падмацоўваюць гэтую выснову і спрыяюць фарміраванню глыбокага разумення вучнямі эстэтычнай вартасці з’яў мастацтва, грамадзянскіх перакананняў, гуманістычнага светапогляду вучняў, разумення таго, што яны – прадстаўнікі свайго народа і чалавецтва, захавальнікі набыткаў нацыянальнай і агульначалавечай культуры.

Нарэшце, літаратура як мастацтва слова з’яўляецца сродкам фарміравання і развіцця моўнай культуры, індывідуальнага самавыяўлення вучня праз слова, у слове. З дапамогай мастацкіх тэкстаў ён спазнае багацце лексікі, адметнасць марфалагічнага, сінтаксічнага складу беларускай мовы, яе мілагучнасць. Чытанне і вывучэнне літаратурных твораў развівае камунікатыўныя здольнасці вучня, узбагачае выяўленчыя, экспрэсіўныя магчымасці яго мовы, лексічны, фразеалагічны, слоўнікавы запас, фарміруе маўленчыя нормы, развівае маўленчую культуру, а праз яе і агульную культуру асобы.

Развіццё мастацтва слова неад’емнае ад гістарычнага развіцця чалавецтва. Невыпадкова мастацкую літаратуру называюць гісторыяй у вобразах. У працэсе навучання беларускай літаратуры на канкрэтных прыкладах можна выхаваць у вучняў пачуцці гонару за Радзіму, народ, адданасці роднаму краю, павагу да тых, хто змагаўся за яе свабоду, незалежнасць і росквіт.

Беларускія пісьменнікі раскрылі глыбокія, тонкія чалавечыя перажыванні, выявілі сябе таленавітымі псіхолагамі, педагогамі. Чытаючы мастацкія творы, вучні адчуваюць боль іншых людзей, асэнсоўваючы жыццёвыя з’явы, падзеі, канфлікты і характары, яны выказваюць свае адносіны і меркаванні, сталеюць, духоўна ўзбагачаюцца, вучацца рабіць сумленны выбар.

Такім чынам, навучанне прадмету “Беларуская літаратура” ў агульнаадукацыйных установах павінна забяспечыць:

– фарміраванне ў вучняў сістэмы літаратурных (тэарэтыка-літаратурных і гісторыка-літаратурных) ведаў як кампанента гуманітарнага светаадчування і мыслення;

– развіццё чытацкіх і камунікатыўных уменняў – сродку самавыяўлення і самавыхавання, найпершай умовы для ўступлення ў сацыякультурны дыялог;

– выпрацоўку ўмення аналізу мастацкага тэксту ў аспекце творчай індывідуальнасці пісьменніка, што, у сваю чаргу, развівае ў вучняў здольнасць адчуваць сапраўднае мастацтва, выяўляць прыгожае і агіднае ў свядомасці і паводзінах чалавека, гарманічнае і стыхійнае ў прыродзе;

– разуменне вучнямі грамадскага значэння нацыянальнай літаратуры – складовай часткі агульначалавечай культуры і мастацтва, сродку раскрыцця духоўнага свету і гістарычнага лёсу народа, дасягнення ўзаемаразумення і ўстанаўлення кантактаў паміж людзьмі, цэласнага адчування свету;

– развіццё асобы вучняў: іх пачуццяў, мыслення, самасвядомасці, знешняй і ўнутранай (духоўнай) культуры, мастацка-эстэтычнага густу.

Навучанне літаратуры ў агульнаадукацыйных установах забяспечвае самавызначэнне і самарэалізацыю асобы ў сучасным зменлівым свеце. Беларуская літаратура – тое спалучальнае звяно, якое перадае ад папярэднікаў да сучаснікаў назапашаны на працягу стагоддзяў духоўны і эстэтычны вопыт. На аснове гэтага духоўнага вопыту разгортваецца выхаванне гарманічна развітой, цэласнай асобы, здольнай самараскрывацца, дастаткова поўна рэалізоўваць сябе ў грамадстве ў працэсе творчай дзейнасці.

Паказчыкамі якасці літаратурнай адукацыі з’яўляюцца наступныя: агульны культурны ўзровень вучня, яго эрудыцыя, начытанасць, асобаснае засваенне зместу праграмнага літаратурнага твора, характар, ступень самастойнасці, доказнасці эстэтычных меркаванняў вучня і ўзровень развіцця яго маўлення. Пад паняццем “начытанасць” разумеецца веданне вучнямі зместу і асноўных мастацка-стылявых асаблівасцей твораў беларускіх і замежных аўтараў; уменне чытаць мастацкі і іншыя віды тэкстаў, карыстаючыся рознымі спосабамі і відамі чытання; уменне самастойна ставіць мэту чытання і выбіраць кнігу ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай; уменне характарызаваць кнігу па такіх паказчыках, як назва, жанр, кампазіцыя і інш.; дастаткова высокі ўзровень культуры чытання. Асобаснае засваенне зместу літаратурнага твора выяўляецца ва ўменні вучня выказаць уласнае эмацыянальна-эстэтычнае ўражанне ад прачытанага мастацкага твора, перадаць яго змест, увесці гэты твор у культуралагічны кантэкст, г. зн. ацаніць яго праз параўнанне са з’явамі жыцця, іншымі творамі літаратуры або сумежных мастацтваў. Характар эстэтычных меркаванняў і ацэнак сведчыць пра ўзровень развіцця культуры асобы. Пры разглядзе твора вучань карыстаецца тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі і тэрмінамі, і настаўнік можа меркаваць, наколькі глыбока яны засвоены, ці актуалізуюцца яны ў працэсе спасціжэння і выяўлення эстэтычнай вартасці твора. Літаратура – сродак эстэтычнага асваення жыцця, таму недастаткова ведання, нават і зацікаўленага, вучнем толькі зместу твора. Важна высветліць, наколькі сугучныя эстэтычнае ўспрыманне і ўяўленні вучня аўтарскай канцэпцыі, ці поўна перадае ён разнастайнасць праблем, з’яў, што знайшлі ўвасабленне ў мастацкім творы, ці стаў прыцягальным для яго маральна-эстэтычны ідэал, свет думак і пачуццяў пісьменніка. Узровень развіцця маўлення – паказчык літаратурнай і маўленчай пісьменнасці вучня. Вучань павінен умець складаць розныя віды планаў, выкарыстоўваць розныя функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення (апісанне, апавяданне, разважанне), дакладна адказваць на пытанні, самастойна разважаць, рабіць вусныя і пісьмовыя паведамленні, даклады, пераказы ці сачыненні на вольныя (па асабістых жыццёвых уражаннях) ці літаратурныя тэмы, водгукі на мастацкія творы, кнігі, спектаклі і інш. Найважнейшым паказчыкам развіцця маўлення, чытацкай эрудыцыі, эстэтычнага густу з’яўляецца творчая дзейнасць вучняў: складанне загадак, казак, вершаў, напісанне невялікіх п’ес, эсэ і інш. Акрэсленыя паказчыкі на кожнай ступені літаратурнай адукацыі павінны карэкціравацца ў адпаведнасці з узростам вучняў.

Прапанаваная канцэпцыя мае на мэце даць уяўленне аб прынцыпах пабудовы зместу літаратурнай адукацыі, складзе і структуры вучэбнага прадмета, акрэсліць мэты навучання, паказаць асаблівасці прад’яўлення зместу літаратурнай адукацыі на ўзроўнях агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. Канцэптуальныя падыходы да навучання беларускай літаратуры – аснова для распрацоўкі адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм, вучэбна-метадычных комплексаў.

2. Зыходныя метадалагічныя перадумовы

і прынцыпы пабудовы зместу вучэбнага прадмета

Пабудова зместу літаратурнай адукацыі ў сучасных умовах ажыццяўляецца з пазіцый культурастваральнага, асобасна арыентаванага падыходаў да навучання, на аснове прынцыпаў эмпатыйнай педагогікі, педагогікі супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў. У якасці галоўных арыенціраў выбраны наступныя прынцыпы.

1. Арыентацыя на засваенне набыткаў нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі.

Беларуская літаратура належыць да ліку прадметаў, якія традыцыйна вывучаюцца ў школах Беларусі (пачынаючы з 20-х гг. ХХ ст.). Менавіта нацыянальнае мастацкае слова скіроўвае на засваенне асноў беларускай культуры, яе вытокаў, этапаў станаўлення. Таму нацыянальным мастацкім набыткам (у першую чаргу творам класікі) у курсе літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе належыць галоўнае месца. Творы замежнай класікі пры гэтым разглядаюцца перад усім у суадносінах з беларускай літаратурай, гэта дасць магчымасць вучням успрыняць нацыянальнае прыгожае пісьменства часткай – арыгінальнай і самабытнай – сусветнай літаратуры.

2. Фундаментальнасць.

Прынцып фундаментальнасці ў літаратурнай адукацыі разглядаецца як грунтоўнае авалодванне сістэмай літаратурных ведаў, уменняў і навыкаў, сфарміраванасць чытацкай і камунікатыўнай культуры асобы. Беларуская літаратура як адзін з відаў мастацкага мадэліравання рэчаіснасці мае вялікае значэнне для набыцця вучнямі ведаў у іншых галінах, для авалодвання ўніверсальнымі спосабамі дзейнасці, выпрацоўкі ўменняў аналізу і інтэрпрэтацыі разнастайных фактаў і з’яў. Курс беларускай літаратуры скіраваны на развіццё праблемнага, крытычнага ўспрымання з’яў рэчаіснасці, садзейнічае фарміраванню сістэмы гуманістычных, маральна-этычных поглядаў і арыентацый асобы вучня.

3. Практычная накіраванасць.

Навучанне беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе скіравана на выхаванне асобы і яе сацыялізацыю ў грамадстве. Таму для вывучэння прапануюцца мастацкія творы, што ў найбольшай ступені адпавядаюць патрэбам і інтарэсам як вучняў, так і грамадства, адлюстроўваюць тыповыя канфлікты і сітуацыі, выклікаюць у іх роздум “пра час і пра сябе”. Менавіта ў працэсе аналізу мастацкага твора раскрываецца асабістае “я” вучня.

Прынцып практычнай скіраванасці ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі вымагае надання важнага значэння развіццю не толькі вуснага і пісьмовага маўлення, але і камунікатыўнай культуры вучняў. Эфектыўнае вырашэнне гэтай праблемы спрыяе павышэнню агульнакультурнага ўзроўню вучняў.

4. Гуманітарызацыя і гуманізацыя навучання.

Гуманітарызацыя скіроўвае настаўніка і вучня да ўспрымання цэласнай карціны свету і чалавека ў ім, да “ачалавечвання” ведаў, што ў выніку павінна прывесці да фарміравання гуманістычнага светаадчування, маральнай адказнасці чалавека за сябе, грамадства, прыроду. Беларуская літаратура як адзін з вядучых вучэбных прадметаў сацыяльна-гуманітарнага цыкла – надзейны сродак увядзення вучня ў культуру як сістэмнае цэлае, бо менавіта яна спалучае ў сабе элементы культуры мастацкай, культуры мыслення, дзейнасці і ўзаемаадносін, культуры выяўлення думак і пачуццяў у слове (або філалагічнай культуры) і, нарэшце, уплывае на фарміраванне светапогляду асобы. У працэсе вывучэння беларускай літаратуры вучні набываюць этыка-філасофскія, сацыяльна-гістарычныя і эстэтыка-культурныя веды.

5. Завершанасць літаратурнай адукацыі.

Літаратурная адукацыя ў агульнаадукацыйных установах у выніку павінна даць вучням цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру, яе ідэйна-мастацкае багацце, сфарміраваць сістэму ведаў, уменняў, каштоўнасных арыентацый, вопыт эмацыянальнай і творчай дзейнасці. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай установы не кожны з выпускнікоў будзе мець магчымасць пашыраць свае веды пра беларускую літаратуру, таму літаратурнае навучанне ў агульнаадукацыйных установах павінна мець завершаны характар.

6. Рэгіяналізацыя літаратурнай адукацыі.

Сучасныя рэгіёны Беларусі вызначаюцца на аснове дзялення краіны на вобласці. Варта мець на ўвазе, што гэты падзел не заўсёды супадае з прыродна-гістарычнымі зонамі Беларусі. Для выхавання патрыятычных пачуццяў вельмі важна, каб у працэсе вывучэння беларускай літаратуры вучань пераканаўся, што і яго родны кут ці край (пэўныя мясціны, горад і інш.) натхняў пісьменнікаў, што яго землякі ўнеслі пэўны ўклад у развіццё беларускага мастацтва слова. Вельмі важнай паўстае неабходнасць актыўнага развіцця мясцовага краязнаўства, што дапаўняла б звесткі, атрыманыя вучнямі на ўроках беларускай літаратуры. Вырашэнню гэтай праблемы спрыялі б факультатыўныя курсы літаратурна-краязнаўчай скіраванасці, падрыхтаваныя знаўцамі роднага краю, настаўнікамі, навукоўцамі.

 

3. Дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі адбору

ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі

Пры адборы вучэбнага матэрыялу, вызначэнні метадаў і прыёмаў арганізацыі дзейнасці вучняў галоўную ролю адыгрываюць наступныя метадычныя і літаратуразнаўчыя прынцыпы.

1. Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання вучнямі мастацкага тэксту.

Гэты прынцып абумоўлівае адбор і прэзентацыю мастацкіх тэкстаў з улікам узростава-псіхалагічных асаблівасцей вучняў на розных ступенях навучання літаратуры. Неабходна ўлічваць інтэлектуальна-пазнавальныя магчымасці вучняў, іх здольнасць да рэпрадуктыўнай дзейнасці, засваення аб’ёму інфармацыі.

2. Прынцып адпаведнасці задачам выхавання і развіцця асобы вучня.

Беларуская літаратура садзейнічае фарміраванню светапогляду вучня як цэласнай сістэмы ўяўленняў пра чалавека, прыроду, навакольнае жыццё. Спецыфіка літаратурнай адукацыі абумоўлена педагагічнай накіраванасцю навучання ў агульнаадукацыйнай установе. Змест курса беларускай літаратуры дазваляе ў розных аспектах станоўча ўздзейнічаць на асобу вучня, дае ўдзячны матэрыял для фарміравання трывалых маральна-этычных асноў, выхавання грамадзянскасці, патрыятызму, адданасці агульначалавечым ідэалам.

3. Прынцып эстэтычнага падыходу да аналізу і ацэнкі мастацкага твора.

Адна з задач навучання беларускай літаратуры – далучэнне школьнікаў да мастацтва слова праз эстэтычнае ўспрыманне літаратурнага твора. Мастацкая творчасць выклікае эмацыянальныя перажыванні, прыносіць асалоду, фарміруе эстэтычны густ, уяўленні пра прыгажосць жыцця і інш. Разгляд літаратурнага твора вымагае эстэтычнага падыходу, г. зн. яго аналізу і ацэнкі з пазіцый мастацкай цэласнасці, вобразна-выяўленчай арыгінальнасці, ведання асноўных эстэтычных катэгорый і тэрмінаў (прыгожае – агіднае, узнёслае – нізкае, трагічнае – камічнае). Фарміраванне і развіццё эстэтычнай культуры – важны складнік літаратурнай адукацыі.

4. Прынцып адзінства зместу і формы, часткі і цэлага ў спасціжэнні мастацкага твора чытачом.

У курсе беларускай літаратуры асноўнае месца адведзена вывучэнню мастацкіх твораў. У працэсе аналізу разглядаюцца ўнутраныя (мастацкі сэнс, характары, абставіны і інш.) і знешнія (арганізацыя тэксту, асаблівасці мовы і інш.) кампаненты твора. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб вучань авалодаў уменнем характарызаваць твор цэласна, у адзінстве яго зместу і формы.

Азначаны прынцып не можа рэалізавацца без азнаямлення вучняў з тэарэтычнымі паняццямі. Без іх ведання нельга вырашыць адну з найважнейшых мэт навучання літаратуры – выхаванне культуры чытання. Засваенне тэарэтычных паняццяў ажыццяўляецца з улікам мастацкай прыроды твора. У такім выпадку тэарэтычнае паняцце стане своеасаблівым інструментам пазнання твора, літаратурнай з’явы, і вучні ўсвядомяць практычную неабходнасць яго ведання. Увядзенне тэарэтыка-літаратурнага матэрыялу ў змест літаратурнай адукацыі павінна адбывацца ў адпаведнасці з прынцыпамі даступнасці, паслядоўнасці і пераемнасці.

5. Прынцып гістарычнага падыходу ў асэнсаванні твораў і з’яў літаратуры і мастацтва.

Гісторыка-храналагічны прынцып выступае галоўным у пабудове зместу адукацыі ў курсах беларускай літаратуры ІХ–ХІ класаў. Азначаны прынцып рэалізуецца ў працэсе знаёмства з творамі, фарміравання ўяўленняў пра заканамернасці і найважнейшыя асаблівасці гісторыі развіцця мастацтва слова. Вучні павінны атрымаць агульнае ўяўленне пра развіццё беларускай літаратуры, яе ідэйна-эстэтычную вартасць, каб у іх свядомасці беларускае і замежнае мастацтва ўяўлялася не простай сумай твораў, а цэласным працэсам.

6. Прынцып міжпрадметных сувязей.

Беларуская літаратура разам з іншымі прадметамі сацыяльна-гуманітарнага цыкла (“Руская літаратура”, “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Замежная мова”, “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”) утварае аснову культурацэнтрычнай сістэмы адукацыі. Міжпрадметныя сувязі актуалізуюцца на ўсіх этапах навучання, іх рэалізацыя ў адукацыйным працэсе ўзбагачае дыялог літаратуры з іншымі відамі мастацтва (жывапіс, музыка, фотамастацтва, кіно, тэатр і інш.), эфектыўна ўздзейнічае на маральна-этычнае, інтэлектуальнае, эмацыянальнае, эстэтычнае развіццё асобы.

7. Прынцып пастаяннай увагі да мовы ў яе эстэтычнай і камунікатыўнай функцыях.

Беларуская літаратура як вучэбны прадмет істотна ўплывае на агульную гуманітарна-філалагічную падрыхтаванасць вучня, яго камунікатыўную кампетэнцыю. Пастаянная праца па развіцці маўлення спрыяе засваенню вучнямі багацця беларускай мовы, яе літаратурных нормаў, навыкаў вуснага выказвання, разважання, дыялогу, у выніку ўсё гэта фарміруе культуру мыслення і камунікатыўную культуру асобы.

 

4. Мэты вучэбнага прадмета

Карыстаючыся ўніверсальным сродкам уздзеяння на чалавека – словам, літаратура здольная цэласна, сістэмна ўплываць на інтэлект, пачуцці, волю, фарміраваць светабачанне і светаразуменне, агульную культуру кожнага, хто судакранецца з яе багаццямі.

З улікам падобных уласцівасцей літаратуры вызначаюцца мэты і задачы літаратурнай адукацыі ўвогуле і на кожным этапе навучання ў прыватнасці.

Мэты і задачы літаратурнай адукацыі на сучасным этапе павінны быць скіраваныя на выхаванне чалавека з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, чалавека, чуйнага да сацыяльнага поліфанізму жыцця, патрыёта, адданага агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здольнай успрыманне прыгожага выкарыстаць для выпрацоўкі стымулу маральнага самаўзвышэння, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

Такая агульная ўстаноўка рэалізуецца ў сістэме канкрэтных патрабаванняў да вынікаў літаратурнага навучання:

– дастаткова шырокае знаёмства з нацыянальнай літаратурнай спадчынай, а таксама з асобнымі (класічнымі, узорнымі) творамі сусветнай літаратуры;

– начытанасць, устойлівая цікавасць да чытання, рознабаковасць, сістэмнасць, свядомая скіраванасць чытацкіх інтарэсаў;

– глыбіня засваення ідэйна-мастацкага зместу праграмных літаратурных твораў, уменне самастойна аналізаваць тэкст і ацэньваць яго ідэйна-эстэтычную каштоўнасць;

– валоданне тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі і здольнасць прымяняць іх у працэсе аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў;

– веданне спецыфічных асаблівасцей літаратуры ў параўнанні з асаблівасцямі іншых відаў мастацтва;

– знаёмства з асноўнымі эстэтычнымі катэгорыямі (прыгожае, узвышанае, гераічнае, трагічнае, камічнае, агіднае і інш.) і здольнасць ацэньваць з іх дапамогай творы літаратуры і сумежных відаў мастацтва;

– зарыентаванасць вучняў у гістарычным развіцці літаратуры і мастацтва: веданне асноўных этапаў (эпох, перыядаў), ідэйных і мастацкіх напрамкаў і інш.;

– здольнасць выяўляць у творах літаратуры чалавеказнаўчы змест, пытанні філасофскага, псіхалагічнага, маральна-этычнага, эстэтычнага характару, выказваць уласныя адносіны да адлюстраваных у літаратуры розных грамадскіх з’яў, супярэчнасцей, канфліктаў, да такіх агульначалавечых каштоўнасцей, як любоў да Радзімы, павага да свайго народа і іншых народаў, гонар, сумленне, абавязак і іншыя ідэйныя, маральныя, эстэтычныя арыенціры;

– развітасць творчых здольнасцей і ўменняў, неабходных для самавыяўлення і самаўдасканалення асобы;

– валоданне мовай, маўленчымі ўменнямі і навыкамі як умова і сродак самапазнання і самавыяўлення.

У залежнасці ад узросту вучняў і ступені навучання гэтыя патрабаванні канкрэтызуюцца, пры гэтым захоўваецца пераемнасць, сістэмнасць, не парушаецца адзінства літаратурнай адукацыі. Усе акрэсленыя прынцыпы функцыянуюць на кожнай ступені адукацыі.

 

5. Агульная характарыстыка і асаблівасці пабудовы зместу літаратурнай адукацыі па ступенях навучання

Адна з найважнейшых асаблівасцей літаратурнай адукацыі – гэта яе пашыранасць на час знаходжання дзіцяці, затым падлетка, юнака ў агульнаадукацыйнай установе. Таму надзвычай істотным у літаратурнай адукацыі з’яўляецца дакладнае вызначэнне ўзроставых асаблівасцей фарміравання асобы вучня і адпаведная “прывязка” гэтага працэсу да этапаў навучання літаратуры.

Вызначаюцца наступныя ступені літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах, кожная з якіх мае свае асаблівасці:

– І ступень (І–ІV класы);

– ІІ ступень (V–ІХ класы);

– ІІІ ступень (Х–ХІ класы).

Беларуская літаратура ў агульнаадукацыйных установах з V класа выступае як самастойны вучэбны прадмет, які паслядоўна і сістэматычна далучае вучня да мастацтва слова. Літаратура – сродак эстэтычнага асваення (вымярэння), асэнсавання жыцця, яго нормаў і каштоўнасцей. Яна дапамагае чытачу ўступаць у дыялог з пісьменнікам, аўтарамі іншых твораў мастацтва, з культурай у самым шырокім сэнсе слова. Беларуская літаратура – прадмет, каштоўны для вучня не толькі сваімі ідэямі, але і тым асобасным сэнсам, які маюць для вучня сюжэт літаратурнага твора, яго мастацкія вобразы, адносіны аўтара да падзей і герояў, факты з жыцця і творчасці пісьменніка, стаўленне яго да жыцця і свету. Беларуская літаратура – адзін з найбольш даступных сродкаў спасціжэння духоўнага развіцця грамадства, яна з’яўляецца каштоўнасцю, неабходнай самой асобе для яе культурнага сталення. Мяняецца погляд настаўніка на ролю вучня ў працэсе літаратурнай адукацыі: з аб’екта навучання, калі тэма, праблема, ідэя, аўтарская пазіцыя разглядаюцца на ўроках як нешта знешняе, чужое, ён ператвараецца ў суб’ект, калі істотнымі становяцца асобасныя ўяўленні і веды вучня: “я і мае адносіны да героя”, “мой погляд на праблему”, “маё разуменне ідэі”, “мая пазіцыя і пазіцыя аўтара” і інш. Настаўнік пры такім падыходзе выступае як пасрэднік паміж літаратурным творам і вучнем і не лічыць для сябе магчымым прымаць рашэнні за вучня. У той жа час беларуская літаратура з’яўляецца сродкам маральнага выхавання патрэбнай грамадству асобы – з багатым духоўным светам, гуманістычным поглядам на рэчаіснасць, далучанай да культуры беларусаў і іншых народаў свету, з жывым крытычным мысленнем, выразна сфарміраванымі жыццёвымі інтарэсамі і каштоўнасцямі.

Мэта літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйнай установе заключаецца ў далучэнні вучня да беларускай літаратуры як падручніка жыцця, мастацтва слова, крыніцы духоўнага і культурнага багацця. Навучанне літаратуры павінна дапамагчы вучню адчуць разнастайнасць свету, адкрыць таямніцы пісьменніцкага майстэрства, набыць вопыт маўленчай і творчай дзейнасці, авалодаць культурай чытання, выхаваць у сабе пачуццё павагі і любові да мастацкай кнігі, а праз яго – да жыцця ў цэлым, да клопатаў пра прыроду, лёс Зямлі.

У залежнасці ад ступені літаратурнай адукацыі вызначаецца і адпаведны яе змест. Вучні ІХ класа атрымліваюць агульнае ўяўленне пра развіццё літаратуры ад старажытнасці да першай трэці ХХ стагоддзя; у іх фарміруецца першаснае ўяўленне пра гісторыка-літаратурны працэс, яго перыяды. Асэнсаванне этапаў развіцця нацыянальнай і сусветнай літаратуры дае магчымасць адчуць жанрава-тэматычную адметнасць роднай літаратуры, яе самабытнасць.

Курс беларускай літаратуры ІХ класа арганічна звязаны з папярэднім этапам навучання. У V–VIIІ класах прадугледжваецца вывучэнне асобных, даступных вучням твораў беларускай і замежнай літаратуры, чытанне і аналіз якіх – асноўны кірунак усіх урокаў літаратуры. Вучні ўдасканальваюць тэхніку чытання. Іх “узаемаадносіны” з кнігай робяцца ўсё больш свабоднымі, яны пачынаюць усведамляць неабходнасць і карыснасць самастойнага ўспрымання твораў розных жанраў, у тым ліку даволі вялікіх па аб’ёме. Гэты перыяд вельмі спрыяльны для выхавання ў дзяцей патрэбы ў чытанні, фарміравання ў іх звычкі рэгулярна звяртацца да мастацкай літаратуры як крыніцы пазнання свету і саміх сябе.

Пры вывучэнні твораў у V–VIIІ класах важна абапірацца на такую адметнасць падлеткавага ўзросту, як цікавасць вучняў да падзей і лёсаў герояў. Асэнсаванне падлеткамі цікавых сітуацый, канфліктаў, матываў паводзін герояў, іх характараў дае вобразнае ўяўленне пра жыццё людзей, іх узаемаадносіны. У час абмеркавання твора ўзбагачаецца мова вучняў, у іх фарміруецца ўменне выказваць свае адносіны да прачытанага, даваць адносна аб’ектыўную ацэнку зместу і формы твораў.

Падлеткі – надзвычай эмацыянальныя чытачы, з развітой фантазіяй, багатым уяўленнем, яны заўсёды суперажываюць літаратурным героям, параўноўваюць іх паводзіны са сваімі ўласнымі. Вучні здольныя да сатворчасці з аўтарам: дамысліць сюжэт, дамаляваць карціны і г. д. Мастацкі свет твора і свет чытача-падлетка нібыта перакрыжоўваюцца: твор часта робіцца для чытача асобасна значымым. Толькі пры ўліку адзначанай акалічнасці можна разлічваць на дасягненне маральнага і эстэтычнага ўздзеяння літаратуры на вучня.

Пры навучанні беларускай літаратуры ў V–VIII класах вырашаюцца наступныя задачы:

– удасканаленне навыкаў чытання;

– развіццё цікавасці да чытання мастацкай літаратуры;

– выпрацоўка адчування адметнасці літаратуры як мастацтва слова, яе сувязі з іншымі відамі мастацтва (жывапісам, музыкай, тэатрам);

– фарміраванне навыкаў эмацыянальна-вобразнага ўспрымання літаратурнага твора;

– фарміраванне ў вучняў умення адрозніваць роды і жанры твораў, вызначаць асобныя кампаненты твора, іх узаемасувязь і функцыянальнае значэнне;

– развіццё вобразнага і аналітычнага мыслення, творчага ўяўлення, чытацкай культуры, патрэбы ў самастойным чытанні мастацкага твора;

– развіццё вуснага і пісьмовага маўлення вучняў.

З мэтай пашырэння чытацкага вопыту, абуджэння цікавасці і любові да мастацкай кнігі ў вучэбных праграмах для V–VIII класаў прапануюцца тры спісы літаратурных твораў:

1) для чытання і вывучэння;

2) для чытання і абмеркавання;

3) для пазакласнага чытання.

У першы спіс уключаны абавязковы мінімум твораў, вывучэнне якіх праходзіць усе тры этапы (першаснае ўспрыманне, аналіз, абагульненне) і суправаджаецца вуснымі і пісьмовымі заданнямі для вучняў, творчымі работамі, фарміраваннем чытацкіх і маўленчых уменняў.

Творы, прапанаваныя ў другім спісе, падрабязна не разглядаюцца, а абмяркоўваюцца ў час гутаркі, дыспуту. Прадметам абмеркавання можа быць праблема, герой, адметнасці кампазіцыі ці сюжэта. Будзе да месца размова пра экранізацыю, тэатральную ці тэлепастаноўку, музычную інтэрпрэтацыю твораў.

Трэці спіс прапаноўвае творы для самастойнага чытання, індывідуальнай работы з вучнямі, пазакласных мерапрыемстваў (конкурсы чытальнікаў, літаратурныя віктарыны, канферэнцыі і да т. п.).

Творы з другога і трэцяга спісаў узаемазамяняльныя, сюды могуць далучацца і іншыя тэксты на выбар настаўніка або вучняў.

Напрыканцы VIII класа вучні павінны  в е д а ц ь:

– аўтараў, назвы і змест вывучаных і самастойна прачытаных твораў;

– герояў вывучаных твораў і асаблівасці іх характару; учынкі і ўзаемаадносіны персанажаў;

– асаблівасці паэтычных і празаічных твораў;

– асаблівасці публіцыстычных і навуковых тэкстаў і іх адрозненне ад мастацкіх твораў;

– роды літаратуры (эпічны, лірычны, драматычны), іх асноўныя жанры і мастацкія асаблівасці;

– вобразна-выяўленчыя сродкі;

– асноўныя тэарэтычныя паняцці;

– творы, прапанаваныя для завучвання на памяць.

Вучні павінны  ў м е ц ь:

– выразна, у патрэбным тэмпе чытаць уголас літаратурныя творы, навукова-папулярныя і публіцыстычныя тэксты;

– узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам;

– вызначаць тэму, ідэю, праблематыку твора;

– выяўляць аўтарскую пазіцыю ў творы;

– вылучаць у літаратурных творах і вучэбных артыкулах лагічна закончаныя часткі;

– складаць план невялікага апавядальнага твора ці ўрыўка з яго, план характарыстыкі героя мастацкага твора;

– сцісла, выбарачна, падрабязна або творча пераказваць невялікі апавядальны твор ці ўрывак з яго, захоўваючы лагічную паслядоўнасць і прычынна-выніковую сувязь;

– вылучаць эпізоды або дэталі, важныя для характарыстыкі дзейных асоб, устанаўліваць прычынна-выніковую сувязь паміж падзеямі і паводзінамі герояў;

– характарызаваць героя літаратурнага твора па яго ўчынках, паводзінах, перажываннях, на падставе створанага аўтарам партрэта, у святле пастаўленага настаўнікам праблемнага пытання;

– параўноўваць двух герояў аднаго твора;

– рыхтаваць тэзісы вуснага выказвання пра твор ці пра свае адносіны да адлюстраванага ў творы;

– вызначаць сюжэтныя і кампазіцыйныя асаблівасці твора;

– знаходзіць выяўленчыя сродкі мовы (эпітэт, параўнанне, метафару, увасабленне) і тлумачыць іх мастацкую ролю ў тэксце;

– рыхтаваць вусныя і пісьмовыя сачыненні з элементамі апавядання, апісання і сачыненні-разважанні (разгорнуты адказ, адказ на пытанне і паведамленне пра героя, апісанне сваіх жыццёвых уражанняў, роздумаў аб розных з’явах жыцця);

– даваць вусны водгук на самастойна прачытаны літаратурны твор і на творы іншых відаў мастацтва, выказваючы свае адносіны да герояў і падзей.

У аснову пабудовы зместу навучання ў ІХ класе пакладзены гісторыка-храналагічны прынцып. Вучні ІХ класа, як ужо адзначалася, павінны атрымаць уяўленне пра развіццё беларускай літаратуры ад старажытнасці да першай трэці ХХ стагоддзя. Адначасова гэта звяно літаратурнай адукацыі выступае як пераходнае да заключнага этапу навучання літаратуры.

У ІХ класе методыка навучання прадмету ў значнай меры захоўвае асаблівасці методыкі навучання літаратуры ў папярэдніх класах (канцэнтрацыя асноўнай увагі на мастацкім творы) і разам з тым паступова ўзбагачаецца новымі спосабамі і падыходамі (разгляд твора ў сувязі з даступнай для вучняў характарыстыкай часу, з якім тэкст звязаны сваімі ідэйна-мастацкімі асаблівасцямі, з біяграфічнымі звесткамі пра пісьменніка). З’явы гісторыі літаратуры ў ІХ класе раскрываюцца пераважна на прыкладзе канкрэтнага мастацкага твора або некалькіх асобных твораў пісьменніка. Гэта дазваляе ўлічваць інтарэсы і ўзроставыя магчымасці вучняў, выконваць наступныя дыдактычныя і выхаваўчыя задачы:

– далучаць вучняў да багаццяў айчыннай і сусветнай літаратуры;

– фарміраваць у вучняў уяўленне пра развіццё літаратуры ў гістарычным часе і яе грамадскае значэнне;

– развіваць уяўленне вучняў аб багацці зместу і формы мастацкіх твораў, аб адметнасці стылю і творчай манеры пісьменнікаў;

– развіваць літаратурна-крытычнае мысленне, творчыя здольнасці, камунікатыўную культуру вучняў;

– фарміраваць маральна-эстэтычныя погляды вучняў, развіваць іх лагічнае мысленне, уменне фармуляваць і аргументаваць сваю ацэнку герояў і падзей.

Беларуская літаратура, застаючыся галоўным прадметам вывучэння, паўстае перад вучнямі ў элементах дыялектычнага ўзаемадзеяння з літаратурай народаў свету. Гэтым закладваецца падмурак разумення вучнямі агульных заканамернасцей і асноўных этапаў беларускага і сусветнага літаратурнага развіцця.

Дзевяцікласнікі атрымліваюць пачатковыя веды пра адметнасці літаратуры Сярэднявечча, Адраджэння, Асветніцтва, уяўленні пра асаблівасці рамантызму і рэалізму.

Манаграфічнае вывучэнне паасобных класічных твораў спалучаецца ў ІХ класе са сціслымі аналітычнымі аглядамі літаратуры пэўнага гістарычнага перыяду. Улічваючы ўзрост вучняў і абмежаванасць часу, адведзенага на аглядавыя тэмы, настаўнік сцісла і выразна характарызуе гістарычную эпоху, тэндэнцыі ў развіцці культуры і літаратуры, а потым з дапамогай некалькіх вучняў можа пазнаёміць клас з двума-трыма найбольш тыповымі творамі. Пры гэтым можна выкарыстаць выразнае і каменціраванае чытанне асобных фрагментаў тэксту, пераказ ці аналіз яго асноўных эпізодаў, характарыстыку вобразаў, працу са словам, кампазіцыяй і інш. Франтальную дзейнасць вучняў пажадана спалучаць з групавой і індывідуальнай (мастацкае чытанне, паведамленне, міні-даследаванне, ілюстраванне і да т. п.).

Найбольш значнымі крытэрыямі літаратурнага развіцця старэйшых падлеткаў з’яўляюцца начытанасць, кірунак чытацкіх інтарэсаў, любоў да кнігі і патрэба ў ёй. У сувязі з гэтым у курсе беларускай літаратуры ІХ класа таксама прадугледжваюцца тры спісы твораў:

1) для чытання і вывучэння;

2) для самастойнага чытання;

3) для пазакласнага чытання.

Творы першай групы вывучаюцца тэкстуальна, дастаткова падрабязна, з выкананнем шэрагу вусных і пісьмовых заданняў рознага характару (рэпрадуктыўнага, аналітычнага, творчага). Творы другога спіса прапануюцца для самастойнага чытання, асэнсавання і абмеркавання ў класе, для пісьмовага ці вуснага водгуку на іх і г. д. Апошні спіс пашырае кола самастойнага чытання. Творы двух апошніх спісаў узаемазамяняльныя са згоды вучняў і настаўніка. Гэта дазваляе пашырыць кола чытання, станоўча ўплывае на развіццё патрэбы вучня ў чытанні, а настаўніку дае свабоду выбару твораў для вывучэння і аглядавай характарыстыкі.

Курс літаратуры Х–ХІ класаў – заключнае звяно літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйнай установе. Ён пабудаваны на гісторыка-літаратурнай аснове і адлюстроўвае асноўныя эпохі ў развіцці мастацтва слова. Вялікае значэнне набываюць актуалізацыя і сістэматызацыя папярэдне набытых ведаў. Вучні павінны не толькі правільна ацэньваць канкрэтныя творы, але і характарызаваць іх у кантэксце гістарычнага развіцця культуры, мастацтва свайго народа і чалавецтва ў цэлым, умець суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі этапамі, перыядамі развіцця сусветнай літаратуры, з мастацкімі напрамкамі. Такі падыход дазваляе настаўнікам мэтазгодна падаваць інфармацыю пра асноўныя этапы развіцця літаратуры, фарміраваць у вучняў неабходны паняційны апарат і засяроджваць іх увагу на спасціжэнні мастацкага твора ці творчасці пісьменніка ў культуралагічным і літаратурным кантэкстах.

Наладжаная сістэма самастойнага чытання стварае неабходныя ўмовы для супастаўляльнага вывучэння літаратуры, дазваляючы заўважаць тую або іншую праблему ў трактоўцы творчасці мастакоў розных эпох і сацыяльна-эстэтычных арыентацый, бачыць пераемнасць у мастацтве, назіраць плённасць бытавання традыцый і з’яўленне наватарства, спасцігаць спрадвечныя сацыяльныя, эстэтычныя і маральныя каштоўнасці ў літаратуры.

Структура аглядавых і манаграфічных тэм забяспечвае не толькі дастаткова шырокае кола чытання вучняў, але і фарміраванне ў іх асноўных тэарэтыка-літаратурных паняццяў і чытацкіх уменняў, надае літаратурнай адукацыі сістэмнасць і выхаваўчую скіраванасць.

У выніку навучання беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйных установах вучні павінны в е д а ц ь:

– змест твораў, прадугледжаных для тэкстуальнага вывучэння, а таксама самастойна прачытаных твораў;

– біяграфіі, жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна;

– спецыфіку асноўных эстэтычных катэгорый – прыгожага, узвышанага, трагічнага, гераічнага, камічнага і інш., – неабходных для засваення духоўных, мастацка-эстэтычных каштоўнасцей твора;

– асаблівасці рамантычнага, рэалістычнага і мадэрнісцкага тыпаў мастацкай творчасці;

– асаблівасці асноўных родаў і жанраў літаратуры;

– асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да пачатку XXІ стагоддзя) у суаднясенні з развіццём сусветнай літаратуры;

– характэрныя асаблівасці эпохі, якая адлюстравалася ў творах, тыповае, канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў іх змесце;

– грамадзянскую пазіцыю аўтара, сувязь яго творчасці з эпохай, жыццём грамадства;

– змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэт і кампазіцыю вывучаных твораў, іх канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае значэнне;

– мастацкую цэласнасць твора, функцыянальнае ідэйна-эстэтычнае значэнне ўсіх яго структурных кампанентаў (тэмы, ідэі, сюжэта, кампазіцыі, вобразаў, выяўленчых сродкаў мовы);

– асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці (стыль, напрамак, мастацкі вобраз, літаратурны характар, літаратурны тып, лірычны герой, аўтар, задума твора, праблематыка, пафас, род, жанр, жанравая форма і інш.), патрэбныя для ўспрымання, засваення, аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў;

– асноўныя жанравыя і стылявыя асаблівасці мастацкіх твораў, якія вывучаюцца тэкстуальна;

– тэксты, прапанаваныя для завучвання на памяць.

Выпускнікі павінны ў м е ц ь:

– выразна чытаць мастацкія творы з улікам іх родавай і жанравай спецыфікі, выяўленага аўтарам пафасу ці настрою;

– успрымаць творы на эмацыянальна-вобразным узроўні ў адзінстве ідэйнага зместу і мастацкай формы;

– даваць самастойную ацэнку прачытаным творам і абгрунтоўваць яе;

– узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам;

– вызначаць асноўную праблематыку твора;

– выяўляць асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка;

– характарызаваць героя твора, супастаўляць герояў аднаго або некалькіх твораў;

– выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылявыя асаблівасці вывучаных твораў;

– выяўляць узаемасувязь структурных частак твора;

– суадносіць веды пра гістарычную эпоху з падзеямі, адлюстраванымі ў творы;

– суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі эпохамі і кірункамі сусветнага літаратурнага працэсу;

– пісаць сачыненні па вывучаных ці самастойна прачытаных мастацкіх творах;

– рыхтаваць рэферат і даклад з выкарыстаннем літаратуразнаўчых крыніц;

– пісаць рэцэнзію на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаны фільм, спектакль.

Акрамя таго, вучні на заключнай ступені літаратурнага навучання павінны:

– умець самастойна набываць веды – аналізаваць, супастаўляць, знаходзіць адказы на пастаўленыя пытанні, выяўляць адметныя рысы характару герояў, тыповае ў іх паводзінах, адносінах да жыцця;

– валодаць навыкамі абагульнення і сістэматызацыі вывучанага, вылучэння галоўнага, істотнага, бачання адметнага пры параўнанні вывучаных і самастойна прачытаных твораў;

– валодаць уменнямі і навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, лагічнага і выразнага выказвання думак, дастатковым запасам маўленчых сродкаў;

– умець параўноўваць літаратурныя творы з творамі жывапісу, музыкі, тэатра і інш.;

– валодаць рознымі відамі літаратурна-творчай дзейнасці (напісанне сачынення, даклада, рэферата, рэцэнзіі);

– сачыць за літаратурна-мастацкай перыёдыкай;

– працаваць з навукова-крытычнай і даведачнай літаратурай па вызначанай тэме (літаратурна-крытычныя артыкулы, слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі і інш.).

Навучанне літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе адбываецца ў адзінстве інварыянтнага і варыятыўнага кампанентаў.

Арганізацыя факультатыўных заняткаў у V–VIII класах скіравана на абуджэнне і фарміраванне цікавасці, захопленасці мастацтвам, на выхаванне мастацкага густу і развіццё творчых здольнасцей, асабліва літаратурных. Факультатыўныя заняткі ў IX–XІ класах могуць быць скіраваны на пашырэнне і паглыбленне асноўнага курса, прысвечаны найбольш значным з’явам літаратурнага працэсу, праблеме “індывідуальнасць пісьменніка і літаратурны працэс”, узаемадзеянню літаратуры і іншых відаў мастацтва, тэарэтычным праблемам (стылі і жанры літаратуры, мастацкі напрамак і г.д.), адной з літаратур народаў свету і інш.

Пастаянна дзеючыя формы пазакласнай работы: літаратурныя гасцёўні, гурткі, клубы, літаратурныя і краязнаўчыя музеі, школьныя мастацкія галерэі – усё гэта таксама павінна быць максімальна выкарыстана для ўмацавання сувязей школьнікаў з мастацтвам, развіцця іх інтарэсаў і творчых схільнасцей. Паглыбленню і пашырэнню сувязей літаратурнай адукацыі з духоўнай культурай народа, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці вучняў спрыяе выкарыстанне літаратурнага і фальклорна-паэтычнага матэрыялу ў пазакласнай рабоце: стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый, прысвечаных традыцыйным народным святам, развіццё розных напрамкаў літаратурна-краязнаўчай дзейнасці.

Такім чынам, навучанне прадмету “Беларуская літаратура” заснавана на ведах, уменнях, вопыце творчай дзейнасці, эмацыянальна-каштоўнасных адносінах. Якасць літаратурнай адукацыі вучняў вызначаецца ў адпаведнасці з 10-бальнай сістэмай ацэнкі вучэбнай дзейнасці.

6. Састаў і структура вучэбна-метадычнага комплексу

Вучэбна-метадычнае забеспячэнне прадмета “Беларуская літаратура” ў агульнаадукацыйнай установе патрабуе наяўнасці цэлага комплексу сродкаў, у склад якога ўваходзяць:

– вучэбная праграма;

– падручнік, падручнік-хрэстаматыя, вучэбны дапаможнік;

– хрэстаматыя для пазакласнага чытання;

– вучэбна-метадычныя дапаможнікі для настаўніка;

– дыдактычныя матэрыялы для вучня;

– літаратуразнаўчыя слоўнікі;

– кнігі, выдадзеныя ў серыі “Школьная бібліятэка”;

– выстаўкі-альбомы, прысвечаныя жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў, альбомы ілюстрацый;

– аўдыёвізуальныя сродкі навучання;

– электронныя сродкі навучання розных тыпаў.

Вучэбна-метадычны комплекс па беларускай літаратуры павінен стварацца з улікам сучасных метадалагічных, дыдактычных і метадычных прынцыпаў. Так, змест і структура дыдактычных матэрыялаў павінны адпавядаць этапам спасціжэння літаратурнага твора – яго першаснае ўспрыманне, праверка ўражанняў, аналіз (асэнсаванне твора), абагульненне назіранняў. Арганізацыя паэтапнага спасціжэння твора паступова фарміруе чытацкую культуру вучня, яго здольнасць асэнсоўваць свае першасныя ўражанні, правяраць іх у працэсе аналізу, выказваць аргументаваныя ацэнкі і меркаванні. Пры гэтым у сістэме пытанняў для аналізу неабходна прапанаваць, побач з рэпрадуктыўнымі, праблемныя пытанні і пошукавыя заданні.

У падручніках новага пакалення для V–VIII класаў прапаноўваецца сістэма творчых заданняў на літаратурным матэрыяле і на аснове жыццёвых уражанняў, асацыяцый вучняў, якія стымулююць іх творчае ўяўленне. Пераказы, сачыненні скіраваны на развіццё маўлення вучняў, іх творчых здольнасцей. Пісьмовыя і вусныя заданні на падставе жыццёвых уражанняў, перажыванняў, псіхалагічных станаў надзвычай карысныя для падлеткаў: спрыяюць развіццю маўлення, назіральнасці, маральнай чуйнасці. Творчыя заданні – разнастайныя па змесце і форме іх выканання – развіваюць не толькі ўласна літаратурныя здольнасці вучняў, але і культуру асобы ў цэлым.

У падручніках для ІХ–ХІ класаў аб’ём гісторыка-літаратуразнаўчага матэрыялу павялічваецца, змест пашыраецца, з’яўляюцца літаратурныя агляды паасобных перыядаў у гісторыі развіцця мастацтва слова. Большасць заданняў у падручніках па літаратуры для гэтых класаў павінна мець творчы характар, абапірацца на літаратурны матэрыял і на жыццёвы вопыт вучняў. Пытанні і заданні, тэмы сачыненняў у падручніку даюцца на выбар і вызначаюцца змястоўнай і фармальнай разнастайнасцю. Мэтазгодна стварыць умовы для рэалізацыі ў працэсе навучання міжпрадметных сувязей, перш за ўсё паміж беларускай і рускай літаратурамі: гэта і пераклады, і жанрава-тэматычныя супастаўленні, і гісторыка-біяграфічныя факты, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх узаемаацэнкі. Другі значны аспект актуалізацыі міжпрадметных сувязей – літаратура і іншыя віды мастацтва. Такія звесткі – аснова для параўнальнага аналізу, сачыненняў, паведамленняў, дакладаў, рэфератаў для семінараў, чытацкіх канферэнцый.

Структура хрэстаматый для абавязковага і дадатковага чытання павінна адпавядаць структуры падручніка. У метадычных рэкамендацыях да падручнікаў прапануюцца розныя шляхі і прыёмы вывучэння твора.