contrast version

Аршанскія вучні заваявалі медыяадукацыйнага “Оскара”

“Фарміраванне асобы, адаптаванай да жыцця ў інфармацыйным грамадстве з усімі яго магчымасцямі, пагрозамі, выклікамі і рызыкай” з’яўляецца адной з асноўных мэт, сфармуляваных у Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Дадзеная мэта, актуальная ва ўмовах інтэнсіўнай інфарматызацыі грамадства, патрабуе павышэння ўзроўню медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці і крытычнага мыслення вучняў, на фарміраванне якіх і быў арыентаваны конкурс для творчых падлеткаў і школьных медыя “Лаві фэйк”, арганізаваны Таварыствам беларускай школы http://www.nastaunik.info/node/16615.

Мэта дадзенага конкурсу - павышэнне медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці вучняў, стымуляванне іх творчай актыўнасці, найперш, у навучанні крытычнаму аналізу СМІ і ў стварэнні медыяадукацыйных прадуктаў. Аб актуальнасці конкурсу ў кантэксце інфарматызацыі адукацыйнай прасторы сведчыць той факт, што ў ім ўдзельнічалі аўтары 59 праектаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

У рамках конкурсу ўдзельнікі медыягуртка УА “Сярэдняя школа №20 г.Оршы”, вучні 8 Б класа Марыя Альшэўская, Кацярына Бараноўская, Глеб Анісімаў, Ілья Каташоў стварылі свой медыяпраект - суполку ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” пад назвай “Вашы фэйкі ў нашых руках”, у стужцы якой даследавалі паняцце фэйка, чым ён адрозніваецца ад звычайнай недаставернай інфармацыі, як гэта паняцце разумеюць іншыя вучні, самастойна рабілі фэйкавую рэкламу, вучыліся адрозніваць факт ад меркавання, дзяліліся з аўдыторыяй знойдзенай фэйкавай інфармацыяй з самых розных крыніц і г.д.

Прыемна адзначыць, што медыяпраект вучняў 20-й школы быў высока ацэнены журы і абраны лепшым у намінацыі «Графічныя і інтэрактыўныя медыя».

Удзел вучняў у дадзеным медыяпраекце не толькі забяспечыў ажыццяўленне прынцыпу сеткавага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, сфармуляванага ў Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, але і паспрыяў інтэграцыі сродкаў інфарматызацыі ў адукацыйную дзейнасць, бо цалкам выкананы на беларускай мове. Акрамя таго, адукацыйная значнасць творчага праекта вучняў па тэме фэйкавай інфармацыі актуалізуецца ў кантэксце прынятай у сакавіку 2019 года Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, скіраванай на абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадства ў інфармацыйнай сферы.

Конкурс “Лаві фэйк” атрымаў шырокі рэзананс як у інтэрнэт- прасторы, так і ў друкаваных сродках масавай інфармацыі. Падрабязней пра вынікі барацьбы за медыяадукацыйнага “Оскара” і змест вучнёўскіх медыяпраектаў можна прачытаць на сайце nastaunik.info, “Настаўніцкай газеце”, у газеце “Звязда”.