contrast version


РАСПРАЦОЎКА ЎРОКА ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ Ў 6 КЛАСЕ

НАСТАЎНІК РАБЦАВА ЛЮДМІЛА УЛАДЗІМІРАЎНА

Ужыванне і змяненне лічэбнікаў 2, 3, 4 ( 6 клас )

Мэта: 1) засвоіць асаблівасці спалучэння з назоўнікамі, скланенне і правапіс колькасных лічэбнікаў названай групы; 2) выпрацоўваць ўменні ўтвараць словазлучэнні з гэтымі лічэбнікамі, ужываць іх з рознымі канструкцыямі, змяняць іх па склонах, правільна афармляць на пісьме, ужываць у вусным і пісьмовым маўленні, 3) выхоўваць паважлівае стаўленне да роднага слова.

Ход урока

1.Псіхалагічная хвілінка падаецца праз верш:

Лёгкія сняжынкі ў цішы

Долу апускаюцца нясмела.

Светла ў наваколлі, светла на душы.

Лёгкія сняжынкі ў цішы.

-          Менавіта з такой лёгкасцю на душы і пройдзе наша сённяшняя работа на ўроку.

2.Супакоіліся. А цяпер настроім сябе на супрацоўніцтва праз парад лінгвістычных тэрмінаў :

-          лагічнасць;

-          імкненне;

-          чакаемы вынік;

-          эфектыўнасць:

-          бачанне;

-          навык;

-          індывідуалізацыя;

-          канкрэтыка.

   Складаем слова з першых літар – ЛІЧЭБНІК.

3.Успомнім вывучаны матэрыял па тэме “Лічэбнік” праз вусны тэарэтычны дыктант (кожны вучань дзейнічае ў рабоце):

1.Лічэбнік – часціна мовы службовая ці …     (самастойная).

2.Абазначае …     (лік, колькасць прадметаў, парадак прадметаў пры лічэнні).

3.Адказвае на пытанні …   (колькі?; каторы?).

4.У залежнасці ад значэння і граматычных прымет лічэбнікі падзяляюцца на … (колькасныя і парадкавыя).

5.Колькасныя лічэбнікі абазначаюць… (лік або колькасць).

6.Адказваюць на пытанне …   (колькі).

7.Парадкавыя лічэбнікі абазначаюць …   (парадак прадметаў пры лічэнні).

8.Адказваюць на пытанні …   (які? каторы?).

9.Колькасныя лічэбнікі змяняюцца толькі…   (па склонах).

10.Парадкавыя ліэбнікі змяняюцца … (па родах, ліках, склонах).

11.У сказе колькасны лічэбнік можа быць … (любым членам сказа).

12.Спалучэнне колькаснага лічэбніка з назоўнікам выконвае ролю …   (аднаго члена сказа).

13.Парадкавыя лічэбнікі ў сказе звычайна бываюць …   (азначэннямі).

14.Лічэбнік спалучаецца толькі …   (з назоўнікам).

15.Паводле складу лічэбнікі падзяляюцца на …   (простыя, складаныя, састаўныя).

16.Простыя лічэбнікі маюць … (адну аснову).

17.Складаныя лічэбнікі маюць …   (дзве асновы).

18.Састаўныя лічэбнікі складаюцца ….   (з двух і больш слоў).

19.Колькасныя лічэбнікі падзяляюцца на …   (цэлыя лікі, дробавыя, зборныя).

20.Лічэбнік АДЗІН мае формы …   (мужчынскага, жаночага, ніякага роду, адзіночнага, множнага ліку).

-          Практычнае заданне. “Белыя плямы”: уставіць у верш лічэбнікі (формы лічэбніка АДЗІН), ( работа ў групах):

… у хаце я сяджу,

На … сябе гляджу

І … сабе цвярджу:

“… не ўседжу я – таму,

Што вельмі сумна … .”

-          Якая фанетычная асаблівасць мовы прысутнічае ў словах верша? ( ужыванне ДЖ, ДЗ).

-          Праверка дамашняга задання па пыт. №20, пр. 289.

21.У назоўным склоне пры лічэбніках 2, 3, 4 назоўнікі ўжываюцца ў форме … (назоўнага склону, множнага ліку).

22.Пры лічэбніках 5, 6, 7 і інш. назоўнікі ўжываюцца ў форме … (роднага склону, множнага ліку).

-          Па замацаванні пыт. №21, №22 выканаць практычнае заданне – пераклад, дапасаванне лічэбнікаў да назоўнікаў:

33 (стол), 2 (сосна), 24 (дерево), 3 (республика), 2 (нога), 15 (мальчик).

-          Якая арфаграма захавана ў словах? (аканне).

-          У якім слове тры А? (трыа).

-          Слыхавы дыктант. Выпісаць са сказаў словы, корань якіх ТРЫ (узаемаправерка):

1)Лодка кранулася, і хлопцы ўтрох ўзяліся за спінінгі.

2)Мы сілы і храбрасць патроім.

3)Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней.

4)Трэці дзень бушуе завіруха.

5)Да суседа заходзіў аж тры разы, а яго ўсё не было.

6)Прадавалі білеты за трайную цану.

Адказ на пытанне:

23.Лікавае значэнне могуць перадаваць …   (іншыя часціны мовы).

Выводзім тэму і мэту ўрока.

4.Змяненне лічэбнікаў 2, 3, 4. Работа з падручнікам. Пр. 291 (па варыянтах). Індывідуальная работа вучняў з кожнага варыянта ля дошкі.

5.Творчыя заданні. Работа ў групах.

А). Успомніць радок з песні, у якім ёсць лічэбнікі 2, 4. (Два ў два – чатыры).

Б). У якім мастацкім жанры паўтараецца найчасцей лічэбнік 3? (У казцы. Напрыклад, казка “Залаты птах”).

В). Лічэбнікі 2, 3, 4 у фразеалагізмах. (Падобныя як дзве кроплі вады. Хоць падай перад ім і да трох не гавары і г. д)

Г). Уставіць у загадкі лічэбнікі: 1). Зранку ходзіць на … (чатырох) нагах, удзень на … (дзвюх), а ўвечары на … (трох). (Чалавек у розным узросце). 2). … (два) браты ў ваду глядзяцца, а разам не сойдуцца. (Берагі).

6. Рэдагаванне сказаў. Зрокавы дыктант (работа па радах у парах):

І рад

1). Чатыром сябровак вызвалілі ад заняткаў.   (Чатырох сябровак вызвалілі ад заняткаў).

2). Два чалавека сядзела ля крамы.   (Два чалавекі сядзелі ля крамы).

ІІ рад

3). Трымя рублямі хацеў адкупіцца. (Трыма рублямі хацеў адкупіцца).

4). Двух суседак сустрэлі ў парку.     (Дзвюх суседак сустрэлі ў парку).

ІІІ рад

5). Дзвюмя вёдрамі вады не наносіш. (Двума вёдрамі вады не наносіш).

6). Тры чалавека пабеглі наперад.     (Тры чалавекі пабеглі наперад).

7. Падвядзенне вынікаў урока. Абагульненне тэстам. (Самаацэнка).

1. Лічзбнік ДВА мае:

   1) род, лік;

   2) род.

2. Лічэбнікі ДВА, ТРЫ, ЧАТЫРЫ змяняюцца:

   1) па-рознаму;

   2) аднолькава.

3. У творным склоне лічэбнікі 2, 3, 4 маюць на канцы:

   1) – ма; 2) – мі; 3) – мя.

4. Пры лічэбніках 2, 3, 4 назоўнікі ўжываюцца ў форме:

   1) роднага склону;

   2) назоўнага склону;

   3) вінавальнага склону.

5. Да якой часціны мовы адносяцца словы “двойка”, “тройка”, “чацвёрка”:

   1) лічэбніка; 2) прыметніка; 3) назоўніка.

- Адказы на тэст: 1) 2; 2) 2; 3) 1; 4) 2; 5) 3.

8. Дамашняе заданне:

     1). Пр. 296.

     2). Падабраць прыказкі, загадкі або скласці самім з ужываннем лічэбнікаў 2, 3, 4.

9. Рэфлексія. Ацэнка ўроку падаецца праз наступныя пытанні і ўмоўныя значкі ( + - так, - не):

1). На ўроку я працаваў актыўна?

2). Сваёй работай на ўроку я задаволены?

3). Урок для мяне здаўся кароткім?

4). За ўрок я не стаміўся?

5). Мой настрой стаў лепшым?

6). Матэрыял урока мне быў зразумелым?

7). Матэрыял урока быў для мяне карысным?

8). Матэрыял урока быў цікавым?

9). Дамашняе заданне мне здаецца лёгкім?

10). Дамашняе заданне мне здаецца цікавым?

- Падлічваецца колькасць адказаў (+; - ). У залежнасці ад колькасці набраных +, - выстаўляецца адзнака ўроку.