contrast version
Гарэцкі Максім Іванавіч

garecki

Гарэцкі Максім Іванавіч (1893-1938) - класік беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай прозы, крытык, літаратуразнаўца, лексікограф, мастак арыгінальнага, самабытнага таленту, вядомы прадстаўнік беларускай думкі, грамадзкі дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння.

Уся яго творчасць прасякнута пачуццём любові да Радзімы, яе гісторыі, традыцый, нацыянальнай культуры. Нацыянальная ідэя натхняла пісьменніка, абуджала яго думку і пачуццё, вызначала змест творчасці.

Жыццёвая і літаратурная біяграфія Максіма Гарэцкага тыповая для пісьменніка-дэмакрата, які прыйшоў у літаратуру з сялянскіх нізоў. Ён нарадзіўся 6(18) лютага 1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў беднай сялянскай сям'і. У гэтым глухім кутку Магілёўшчыны прайшло яго маленства. Тут ён вучыўся ў пачатковай школе, а потым у Вольшынскай царкоўнапрыходскай двухкласнай школе (1903—1905), у настаўніцкіх класах у Вольшы (1905—1908). Максім быў здольным, дапытлівым хлопчыкам. Любіў кнігі, шмат чытаў. Ад роднай маці, з вуснаў родных і блізкіх людзей слухаў народныя песні, казкі, легенды. У Максіма, як успамінаў брат Гаўрыла Гарэцкі, вядомы вучоны-геолаг, была добрая музычная памяць. Ён любіў выдумляць нешта сваё, імправізаваць, добра іграў на скрыпцы, балалайцы. Любоў да мастацкага слова абудзілася ў яго рана, у школьным узросце. Літаратура стала яго прызваннем, вызначыла ўвесь яго далейшы жыццёвы шлях.

Дапамагаючы бацькам у працы па гаспадарцы, Максім Гарэцкі марыў аб далейшай вучобе. У 1909 г. ён паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Пасля заканчэння вучылішча ў 1913 г. быў накіраваны ў Віленскую землеўпарадчую камісію. Працаваў каморнікам. У Вільні пазнаёміўся з Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Лявонам Гмыракам.

Летам 1914 г. Максіма Гарэцкага павінны былі прызваць у армію. Каб скараціць тэрмін вайсковай службы, ён падае заяву аб залічэнні ў «вольназапісаныя». Адразу трапіў на фронт. Ва Усходняй Прусіі, пад Сталупененам, быў цяжка паранены. Пасля выздараўлення ў пачатку 1916 г. быў залічаны ў Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Пецярбургу, па заканчэнні якога ў званні прапаршчыка накіраваны на службу ў Іркуцк, потым у Гжацк, а адтуль ізноў другі раз на фронт. Там у лютым 1917 г. цяжка захварэў, лячыўся ў Маскве, Жалезнаводску, адтуль восенню пераехаў у Смаленск, дзе ў той час жыў Янка Купала. Супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета», у газеце «Звязда». У пачатку 1919 г., пасля ўтварэння Літоўска-Беларускай рэспублікі, пераехаў з рэдакцыяй у Вільню. Там займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю, працаваў настаўнікам беларускай Гімназіі. Пасля акупацыі горада белапалякамі не змог вярнуцца ў БССР. У 1922 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі за сувязь з камуністамі і пасаджаны ў Лукішскую турму.

У кастрычніку 1923 г. Максім Гарэцкі вярнуўся ў Мінск і тут аддаўся літаратурнай і навукова-асветніцкай дзейнасці. Чытаў лекцыі на рабфаку Беларускага універсітэта, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У далейшым стаў сапраўдным членам Інбелкульта, пасля працаваў у Акадэміі навук.

За сваё жыццё М. Гарэцкі зведаў шмат гора і пакутаў. Вайна, раненне, хвароба, Лукішкі — усё гэта ён перажыў. Але самым цяжкім і трагічным быў далейшы лёс пісьменніка. 18 ліпеня 1930 г. М. Гарэцкі быў беззаконна арыштаваны і высланы ў горад Юраў (былая Вятка). Пяць гадоў ссылкі болем адгукнуліся ў яго душы. Мужна перажываў ён нягоды свайго выгнання. У якіх цяжкіх, невыносных умовах ён вымушаяы быў працаваць, колькі выдатных твораў не атрымала беларуская літаратура! Але і ў гэтых неспрыялышх, драматычных абставінах ён не пераставаў тварыць. У гэтыя гады ім быў напісаны вялікі, маштабны раман «Віленскія камунары», распачата праца над «Камароўскай хронікай», «Скарбамі жыцця» і іншымі творамі, якія засталіся незавершанымі.

У лістападзе 1937 г. Максім Гарэцкі быў зноў арыштаваны, прысуджаны да расстрэлу і расстраляны 10 лютага 1938 г. Трагічная смерць заўчасна абарвала жыццё таленавітага пісьменніка, празаіка высокай мастацкай культуры, творчасць якога з'яўляецца яркай старонкай у гісторыі беларускай літаратуры.

Друкаваўся з 1912 г. (допісы, карэспандэнцыі). Першае апавяданне надрукаваў у 1913 г. у газеце «Наша ніва». У 1914 г. выдаў у Вільні зборнік апавяданняў «Рунь», у 1919 г. - драматызаваную аповесць «Антон». Выйшлі кнігі прозы: зборнік апавяданняў «Досвіткі» (1926), аповесці «Дзве душы» (Вільня, 1919), «Ціхія песні» (1926, другое, дапрацаванае і пашыранае выданне пад назвай «Ціхая плынь» у 1930), дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1926, перавыдадзены ў 1987), раман «Віленскія камунары» (1965), «Камароўская хроніка» (часопіс «Полымя», 1966). Выпушчаны ў 1960 г. - «Выбранае», у 1973 г. -  Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1984-1986 гг. - Збор твораў у 4 тамах, у 1990 г. - «Творы».

Працаваў і ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама мовазнаўства. Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры» (Вільня, 1920, 4-е выданне, Менск, 1926). Аўтар літаратурна-крытычнай працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923-1928» (1928), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век - 1905 г.» (Вільня, 1922), «Руска-беларускага слоўніка» (з Г.Гарэцкім, Смаленск, 1918, 2-е выданне, Вільня, 1920), «Беларуска-расійскага слоўнічка» (3-е выданне, 1925), «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М.Байковым, 1924, 2-е выданне, 1926). Выдаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (запісаныя ад маці, мелодыі запісалі А.Ягораў і М.Аладаў, 1928).

Напісаў драматычныя абразкі, якія ставіліся самадзейнасцю, «Атрута» (1913), «Мутэрка» («Вучыцель Мутэрка», 1920), «Чырвоныя ружы» (1923), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925), «Не адной веры» (1928), «Гапон і Любачка» (1929) і інш.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя працы Ў.І.Леніна (пад псеўданімам А.Мсціслаўскі), творы Ю.Лібядзінскага «Камісары» і «Тыдзень», А.Фадзеева «Разгром», апавяданні М.Горкага «Зброднік», «Канавалаў» і «Чалкаш», «Слова аб палку Ігаравым».